Беларуская Служба

АБСЕ не будзе сачыць за прэзідэнцкімі выбарамі ў Літве з-за патрабаванняў Вільні ў дачыненні да Беларусі і Расіі

08.05.2024 16:10
Міністэрства замежных спраў лічыць, што запрашэнне прадстаўнікоў гэтых краін на выбары было б насмешкай з дэмакратыі.
Сцяг Літвыjorono/pixabay.com/CC0 Public Domain

Прадстаўнікі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) не будуць назіраць за выбарамі ў Літве з-за патрабаванняў Вільнi ў дачыненні да Беларусі і Расіі. Літва не хацела, каб за выбарамі назіралі прадстаўнікі згаданых краін. Аб тым, што прадстаўнікі АБСЕ не прыедуць на выбары ў Літве, стала вядома 23 красавіка 2024 года. АБСЕ заявіла, што патрабаванні Літвы парушаюць абавязацельствы членаў арганізацыі, паведамляе delfi.lt.

Галоўная выбарчая камісія Літвы пацвердзіла, што звычайна АБСЕ назірала за выбарамі ў краіне. Паколькі запрашэнне на выбары ў АБСЕ высылала МЗС краіны, то Галоўная выбарчая камісія не хоча каментаваць яго змест.

«Літва, выконваючы міжнародныя абавязацельствы, запрасіла прадстаўнікоў Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ і краіны АБСЕ, за выключэннем агрэсара Расіі і яе саўдзельніцы Беларусі, назіраць за выбарамі», – пацвердзілі прадстаўнікі МЗС, паясняючы, што палітыка расійскага і беларускага рэжымаў варожая ў адносінах да Літвы і іншых краін рэгіёну.

МЗС лічыць, што запрашэнне прадстаўнікоў гэтых краін на выбары было б насмешкай з дэмакратыі.

«Міжнародная ізаляцыя злачынных рэжымаў Расіі і Беларусі – паслядоўны і прынцыповы напрамак знешняй і ўнутранай палітыкі абароны Літвы, які мы маем намер працягваць», – адзначылі прадстаўнікі МЗС краіны.

Нагадваем, у Літве праходзіць датэрміновае галасаванне на прэзідэнцкіх выбарах і рэферэндуме аб захаванні грамадзянства. Асноўны дзень галасавання - нядзеля, 12 траўня.

аз