Беларуская Служба

У кватэры журналіста-фрылансера з Віцебска супрацоўнікі КДБ выламалі дзверы, жытло апячаталі

17.05.2024 15:18
Цяпер журналіст-фрылансер Зміцер Казакевіч жыве ў эміграцыі.
   .  .
Сілавікі ўрываюцца ў кватэру. Ілюстрацыйная выява.screenshot

Зміцер Казакевіч са жніўня 2021 года не жыве ў Беларусі. У 2020-2021 гадах яго затрымлівалі, дома адбылося тры ператрусы.

Кватэру Змітра Казакевіча супрацоўнікі КДБ апячаталі 16 траўня. Падрабязнасці таго, як гэта адбывалася, Казакевіч расказаў Радыё Свабода.

«Пасля таго, як я выехаў з Беларусі, было ціха. Нібыта. Але 15 траўня „органы“ выпытвалі ў суседзяў, ці жыве хто ў кватэры, ці з'яўляецца нехта там. Недзе ў 6:40 16 траўня туды прыйшлі супрацоўнікі КДБ разам з супрацоўнікамі МНС і пачалі ламаць дзверы, паднялі на вушы ўвесь дом», — расказаў Свабодзе Казакевіч.

Паводле суразмоўцы, на дзвярах кватэры сілавікі пакінулі паперку: «Опечатано. КГБ. По всем вопросам обращаться в СК Республики Беларусь». Фрылансер дадаў, што не ведае, ці быў у кватэры ператрус.

Зміцер Казакевіч кажа, што на акцыях салідарнасці за мяжой бываў, але па працы, не як актывіст.

Свабода даведалася пра арышты кватэр актывістаў у розных гарадах Беларусі. Іхныя сваякі, якія ў Беларусі, давалі падпіскі аб невыдаванні. Пра намер канфіскоўваць маёмасць у апанентаў уладаў, якія выходзяць на акцыі за мяжой, Следчы камітэт Беларусі паведаміў раніцай 16 траўня. Тады стала вядома, што ведамства збіраецца прызнаць злачынцамі 104 беларусаў, якія бралі ўдзел у вулічных акцыях за мяжой. СК звярнуў увагу, што па месцы рэгістрацыі ўцекачоў «праводзяцца ператрусы, накладанне арышту». Паводле СК, гэтых людзей прызналі падазраванымі ў крымінальнай справе — ім інкрымінавалі арт. 361-1 КК («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання і ўдзел у ім») і арт. 369-1 КК («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»).

У Беларусі ў зняволенні цяпер 35 супрацоўнікаў медыя.

вх