Беларуская Служба

Даследаванне: І маладыя палякі, і маладыя ўкраінцы ўспрымаюць Расію і Беларусь як несяброўскія дзяржавы

08.05.2024 07:00
Гэта адзін з вынікаў даследавання на тэму польскай і ўкраінскай моладзі Цэнтра Мерашэўскага “Стабільнасць і няўпэўненасць”.
Аўдыё
  • Даследаванне: І маладыя палякі, і маладыя ўкраінцы ўспрымаюць Расію і Беларусь як несяброўскія дзяржавы
.
..

І маладыя палякі, і маладыя ўкраінцы ўспрымаюць Расію і Беларусь як несяброўскія дзяржавы. Менш крытычна яны ўспрымаюць беларускі народ. Гэта адзін з вынікаў даследавання на тэму польскай і ўкраінскай моладзі Цэнтра Мерашэўскага “Стабільнасць і няўпэўненасць”.

У аснове ўсяго праекта ляжала асноўнае даследчае пытанне: які ўплыў на адносіны, погляды і каштоўнасці моладзі ў абедзвюх краінах адыгрывае розная сітуацыя з бяспекай, і як кантакты польскай і ўкраінскай моладзі ў гэтых асаблівых абставінах ўплываюць на іх узаемнае ўспрыманне? Аўтары даследавання адзначаюць, што гэта важна для будучыні польска-ўкраінскіх адносін, за стан якіх праз нейкі час будуць адказваць рэспандэнты даследавання.

Апытанне ахапіла маладых людзей ва ўзросце 18-26 гадоў з абедзвюх краін, што дало ім магчымасць выказаць сваё меркаванне па такіх тэмах, як бяспека, патрыятызм, будучыня дома і за мяжой, а таксама інтэграцыя Украіны ў Еўрапейскі Cаюз і НАТА.

Патрыятызм маладых палякаў праяўляецца як складаная мазаіка каштоўнасцяў, такіх як любоў, вернасць і нацыянальны гонар, у тым ліку клопат пра развіццё краіны і грамадcтва. Для маладых украінцаў патрыятызм азначае моцнае пачуццё вернасці краіне і актыўную дапамогу ў яе развіцці. Даследаванні паказваюць, што 50% маладых украінцаў заяўляюць пра гатоўнасць пайсці ў войска ў выпадку агрэсіі, у той час як у Польшчы такіх 36%.

Адзін з пунктаў даследавання тычыўся таго, як палякі і ўкраінцы ўспрымаюць суседнія дзяржавы і народы. Пераважная большасць маладых палякаў і ўкраінцаў успрымаюць Расію і Беларусь як непрыязныя дзяржавы.

7% палякаў лічаць, што палітыка Беларусі ў дачыненні да палякаў прыязная, 69% - непрыязная. У выпадку Расіі сітуацыя яшчэ горшая: 2% і 83% адпаведна. Падобным чынам стаўленне беларускай дзяржавы да Украіны ацэньваюць маладыя ўкраінцы. 8% лічыць беларускую палітыку прыязнай, а 71% - не.

Тут назіраецца класічнае спалучэнне Беларусі з Расіяй, гаворыць дырэктар Цэнтра Мерашэўскага Эрнэст Выцішкевіч:

-Гэта пытанне пра дзяржавы. Тут гаворка пра Лукашэнку і Пуціна ды ацэнку іх дзейнасці. Другое пытанне тычыцца народа, то бок грамадстваў. У выпадку Беларусі тут бачная выразная розніца паміж гэтым і папярэднім вынікам. Амаль 20% палякаў кажуць, што адносіны беларусаў да палякаў пазітыўныя. Надалей шмат – 45% - кажа, што негатыўныя. Але гэта вынік таго, што для палякаў, якія не маюць непасрэдных кантактаў з беларускай міграцыяй у Польшчы, беларусы адразу атаесамляюцца з рэжымам. Тыя, хто ведае пра пераслед, маштаб эміграцыі ў Польшчу, бачаць, што гэта рознае. У выпадку ўкраінцаў: 18% - ацэньвае стаўленне беларусаў пазітыўна, 48% - негатыўна. У нашым польска-беларуска-ўкраінскім трохкутніку назіраецца вельмі цяжкая сітуацыя. З аднаго боку, у нас рэжым Лукашэнкі, палітыка якога нам вядомая, яна варожая ў дачыненні і Польшчы, і Украіны. З другога боку, велізарная беларуская міграцыя ў Польшчы і Літве. Мы ведаем, што гэтыя людзі пазітыўна настаўленыя да ўкраінскага змагання за незалежнасць і суверэнітэт, але палякі і ўкраінцы вельмі часта атаесамляюць іх з рэжымам. І тут ёсць праблема, як адарваць успрыманне беларусаў ад успрымання расіян. Гэта, пэўна, задача для беларусаў у Польшчы, каб тлумачыць сітуацыю. Задача цяжкая, бо мы ведаем сітуацыю ў Беларусі і палітыку дзяржавы.

Калі палякаў пыталі пра стаўленне да іх Украіны, то 34% лічаць, што яно прыязнае, а 33% - непрыязнае. Паводле Эрнэста Выцішкевіча, гэта паказвае, што маладыя палякі назіраюць за сучаснымі польска-ўкраінскімі спрэчкамі. У сваю чаргу ўкраінцы станоўча ацэньваюць Польшчу (75%), негатыўна толькі 8%.

Маладыя ўкраінцы, нягледзячы на ​​вайну, якая працягваецца, радзей, чым палякі, разважаюць аб сталай эміграцыі. Цікавасць да гісторыі ў маладых украінцаў вышэйшая, чым у палякаў. Ажно 80% украінцаў цікавяцца гісторыяй сваёй краіны. Большасць украінцаў выступае за ўступленне краіны ў ЕС і НАТА як магчымасць умацавання бяспекі і збліжэння з Заходняй Еўропай.

Маладыя людзі будуць фарміраваць палітыку абедзвюх дзяржаваў. Абодва пакаленні, хоць і падобныя ва ўспрыманні многіх спраў вакол іх, усё ж знаходзяцца пад уплывам іншых фактараў.

-Палякі ў выніку жыцця ў дабрабыце, у сэнсе быцця чальцом ЕС і НАТА, больш ахвотныя да эміграцыі з Польшчы, і гэта парадокс, чым украінцы, якія вядуць вайну, плацяць крывёй за расійскую агрэсію, і якія нягледзячы на гэта больш схіляюцца, каб заставацца ў сябе ў краіне. Мы маем два пакаленні, якія яшчэ некалькі гадоў таму мы б палічылі вельмі падобнымі, але сёння іх фармуюць цалкам розныя акалічнасці. Варта за імі сачыць, паколькі гэтыя людзі будуць адказваць за палітыку. Асабліва ў сітуацыі, калі ва Украіне назіраецца змена пакалення, калі казаць пра ўлады краіны. Прэзідэнт мае 40 з нечым гадоў. Таму варта глядзець на гэтых маладых, бо гэта яны неўзабаве будуць прымаць рашэнні аб узаемаадносінах. І тое, як яны думаюць пра сябе, пра свет, пра суседзяў з’яўляецца неабходным, каб кшталтаваць гэтую палітыку аптымальным чынам, - падводзіць вынік дырэктар Цэнтра Мерашэўскага Эрнэст Выцішкевіч.

Даследаванне ў трох моўных версіях – польскай, англійскай і ўкраінскай - можна паглядзець тут.

ав

слухайце аўдыё