Беларуская Служба

Беларусам сталі часцей адмаўляць у шэнгенскіх візах. Але не толькі ім

17.05.2024 09:10
Усяго ў 2023 годзе было выдадзена 8,49 мільёна шэнгенскіх віз, працэнт ухваленняў склаў 82,3%.
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: NataliaLavrivNedashkivska/ Shutterstock

Грамадзянам Беларусі, Расіі, Турцыі і Ірана сталі часцей адмаўляць у выдачы шэнгенскіх віз. Працэнт адмоў беларусам у 2023 годзе павялічыўся да 3,4% — у 2022 годзе гэты паказчык складаў 1,9%, паведамляе «Наша Ніва» са спасылкай на schengen.news.

Працэнт адмоў расіянам павялічыўся з 10,2% да 10,6%. Грамадзянам Турцыі адмовілі ў 16,1% выпадкаў (у 2022 годзе было 15,7%). А рэкардсменам па адмовах з'яўляецца Іран: летась было адхілена каля 30,3% заявак з гэтай краіны, у 2022 годзе было 25,2% адмоў.

Усяго ў 2023 годзе было выдадзена 8,49 мільёна шэнгенскіх віз, працэнт ухваленняў склаў 82,3% — ён вырас у параўнанні з 2022 годзе (78,4%).

Лідарам па заяўках пасля доўгага перапынку стаў Кітай — грамадзяне гэтай краіны запыталі за год 1,1 млн віз. У топе таксама Турцыя (1,05 мільёна), Індыя (966 000), Марока (591 000) і Расія (520 387).

Цікава, што з амаль 8,5 млн віз, выдадзеных у 2023 годзе, 6 млн, або 54,2%, дапускалі шматразовы ўезд у Шэнгенскую зону, прычым гэтая доля крыху зменшылася ў параўнанні з папярэднім годам (58,1% у 2022 годзе).

нг