Беларуская Служба

Дыяспарам трэба вучыцца самім сабе дапамагаць - Коўшык

16.05.2024 11:30
Прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінету Аліна Коўшык лічыць ідэальным варыянтам, калі дыяспара, вырашаючы свае праблемы, здольная сама сабе дапамагаць.
Аліна КоўшыкPRdZ/Павел Залескі

Як высветлілася, спадарыня Аліна Коўшык упершыню сустракалася з беларускай дыяспарай у Познані. Мэту сваёй сустрэчы абазначыла проста, маўляў, дзе жывуць беларусы, там імкнецца бываць, цікавіцца іх жыццём і знаёміцца асабіста.

— А таксама паразмаўляць пра тое, што можам зрабіць разам, як і чым асабіста магу дапамагчы. Ну і зараз напярэдадні выбараў у Каардынацыйную раду ёсць дадатковая мэта зматываваць людзей да галасавання, запытацца наколькі для іх важная гэтая палітычная кампанія. Мне хацелася б, каб людзі больш ведалі пра палітыкаў, якія выступаюць ад імя беларусаў. І наагул нам варта размаўляць, паколькі падчас вельмі не хапае адкрытасці і шчырасці між сабой.

Госця сама прапанавала фармат сустрэчы: спачатку распавядае пра сваю дзейнасць у Аб’яднаным пераходным кабінеце, а затым прадстаўнікі дыяспары задаюць пытанні і распавядаюць пра свае праблемы.

Паводле яе, працы Аб’яднаным пераходным кабінеце шмат, яна асабіста займаецца пытаннямі нацыянальнага адраджэння, адукацыі, культуры, гістарычнай памяці, а таксама супрацай з медыямі.

— Вельмі шырокае поле для дзейнасці. У нармальных краінах гэтым займаюцца некалькі міністэрстваў. У нас міністэрства няма, бюджэту няма, са мною разам працуюць тры чалавекі, частка з якіх без заробку, валанцёры. Тым не менш за гэты час нам удалося аб’яднаць шмат цікавых людзей і рэалізаваць многія ініцыятывы.

У якасці прыкладу спадарыня распавяла пра дзейнасць суботніх беларускіх школак, якія існуюць ужо ў многіх польскіх гарадах.  Пры гэтым падкрэсліла важнасць таго, каб беларускія дзеткі маглі вывучаць родную мову, гісторыю, каб не растварыліся цалкам у польскамоўным асяроддзі.

Адзін з важнейшых праектаў над якім зараз вядзецца праца – Канцэпцыя беларускага нацыянальнага даследчага ўніверсітэту. Паводле яе, праект важны тым, што дасць магчымасць беларускім інтэлектуалам распрацоўваць нацыянальныя ідэі.

Нагадала, што ўжо створаны і працуе Беларускі інстытут публічнай гісторыі мэта якога даносіць людзям сапраўдную аб’ектыўную беларускую гісторыю, гэтым самым супрацьстаяць фальсіфікацыям і хлусні, якім так часта карыстаюцца палітыкі кшталту Лукашэнкі і Пуціна.

Сярод новых праектаў прадстаўніца Аб’яднанага кабінету адзначыла, што бліжэйшым часам у Беластоку павінна адбыцца ўстановачная канферэнцыя па стварэнню Інстытута беларускай мовы.

 — І тут я хачу пахваліцца. Мы сабралі цудоўных мовазнаўцаў, якія вымушаны былі пакінуць Беларусь. Мы знайшлі на гэта прыватныя беларускія грошы, якія далі магчымасць працаваць інстытуту цягам году. Спадзяюся, што і надалей фінансаванне знойдзецца.

Распавядаючы пра новыя праекты, спадарыня Аліна нагадала прысутным, што сёлета адзначаецца чарговы юбілей народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава і заклікала беларускія дыяспары ў розных польскіх гарадах правесці адпаведныя мерапрыемствы, каб гэта падзея засталася для беларусаў знакавай.


Прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінету Аліна Коўшык  сустрэлася з беларускай дыяспарай у Познані Прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінету Аліна Коўшык сустрэлася з беларускай дыяспарай у Познані

У сваю чаргу актывісты распавялі пра дзейнасць іх ініцыятыў у беларускім асяроддзі Познані. Як правіла, гэта культурніцкія ініцыятывы такія, як “Познанскі спеўны сход”, студэнцкая арганізацыя “Ліхтар”, грамадскае аб’яднанне “Кут”, якое займаецца шэрагам самых розных культурніцкіх ініцыятыў. Распавялі пра беларускую бібліятэчку, Размоўны клуб, спартовыя ініцыятывы, пра сумесныя мерапрыемствы, якія ладзілі разам з украінцамі і палякамі.

Паскардзіліся, што не маюць свайго адпаведнага памяшкання, дзе маглі б ладзіць беларускія мерапрыемствы, праводзіць майстар-класы, рабіць выставы і г.д.

Аліна Коўшык у сваю чаргу прапанавала актывістам шчыльней супрацоўнічаць з польскімі мясцовымі ўладамі, а таксама ўдзельнічаць у сумесных мерапрыемствах з украінскімі арганізацыямі, паколькі на такія праекты лягчэй знаходзіць сродкі.

Што датычыць дапамогі з боку Аб’яднанага пераходнага кабінету, то чакаць нечага матэрыяльнага, паводле спадарыні Аліны, не даводзіцца, паколькі яна не мае такога бюджэту.

Але ў той самы час яна многім дапамагае шукаць гранты, арганізуе экспертную дапамогу, займаецца пошукамі патрэбных кантактаў, часта гэта бываюць сімвалічныя палітычныя крокі, калі звяртаецца да мясцовых уладаў з афіцыйнымі лістамі, каб тыя паспрыялі беларускім ініцыятывам і г.д.

 — Ва ўсім свеце дыяспары заўсёды абапіраюцца на тых людзей, якія сярод іх і знаходзяцца. І нам было б ідэальна выйсці на тую мадэль, каб мы самі сабе маглі дапамагчы.

На сустрэчы абмяркоўвалася і палітычная кампанія па выбарах у Каардынацыйны савет, а таксама іншыя пытанні датычныя жыцця беларускіх дыяспар.

Павел Залескі

слухайце аўдыёфайл

Аліна Коўшык — беларуская журналістка, грамадская і палітычная дзяячка. Скончыла гістарычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, атрымаўшы дыплом гісторыка і выкладчыцы англійскай мовы. Пазней скончыла Варшаўскі ўніверсітэт па спецыяльнасці паліталогія і гісторыя, кірунак — Усходняя Еўропа. Жыве ў Варшаве. Да верасня 2022 года працавала на тэлеканале «Белсат». Сузаснавальніца Цэнтра беларускай салідарнасці ў Варшаве і творчай пляцоўкі ІнБелКульт 2.0. У верасні 2022 года прызначаная прадстаўніцай па нацыянальным адраджэнні ў Аб’яднаным пераходным кабінеце Беларусі. 

 

 

 

 

Аліна Коўшык: За расійскай мовай ідуць расійскія танкі, гэта беларусы павінны зразумець

17.03.2024 16:38
Чаму беларусы дазволілі захапіць уладу людзям, настроеным супраць беларушчыны?