Беларуская Служба

Больш за палову палякаў хочуць працаваць у гэтай галіне

16.05.2024 19:13
Гэтая галіна абагнала леташняга лідара даследавання – аўтамабільны сектар
Сфера ІТShutterstock/ Gorodenkoff

Больш за палову палякаў мяркуюць, што ІТ-сектар – найлепшае месца працы. Гэта паказвае даследаванне агенцтва Randstad Employer Brand Research.

Як адзначыла Бэата Вольска, эксперт па рынку працы Randstad Polska, гэтая галіна абагнала леташняга лідара даследавання – аўтамабільны сектар.

– Лідар апытання можа выклікаць здзіўленне, таму што адбылося змяншэнне канʼюнктуры ў гэтым сектары, ён не прымае столькі новых працаўнікоў як год таму. Дадаткова назіраюцца сімптомы, якія ўказваюць на скарачэнні ў гэтай галіне. Аднак, паводле рэспандэнтаў, гэта перспектыўны сектар, які будзе развівацца, а заробкі работнікаў вылучаюцца на фоне іншых.

Удзельнікі апытання падкрэслівалі добрае фінансавае становішча ІТ-сектара, але найбольш важнымі для іх былі магчымасці карʼернага росту і характар працы. На думку Бэаты Вольскай, на гэтую ацэнку таксама можа паўплываць развіццё новых працоўных месцаў, звязаных са штучным інтэлектам.

– Рэспандэнты высока ацэньваюць працу ў аўтамабільным сектары. Мы назіраем адрозненні ў выніках апытання, калі ўлічваем узрост рэспандэнтаў. Для пакалення Z (народжаныя ў 1995–2012 гг.) найбольш цікавым зʼяўляецца аўтамабільны сектар, а лідар нашага даследавання – сектар ІТ – толькі на дзявятым месцы.

Найбольш цікавым месцам працы ў ІТ-індустрыі назвалі, перш за ўсё, прадстаўнікі пасляваеннага пакалення бэбі-буму. Для пакалення Х (народжаныя ў 1965–1979 гг.) на першым месцы – аўтамабільны сектар, ІТ-індустрыя – на другім месцы.
На думку рэспандэнтаў, найменш цікавыя сектары – гэта рознічны і аптовы гандаль, а таксама клінінг.

Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка