Беларуская Служба

Рынак наркотыкаў - як гідра, заўсёды знойдуцца людзі, гатовыя зарабіць не маральным спосабам

07.05.2024 15:17
Наркотыкі ў Польшчы забароненыя. Тым не менш, рэгулярна ў СМІ паяўляецца інфармацыя пра ліквідацыю чарговай лабараторыі па вытворчасці наркатычных сродкаў.
Аўдыё
  • Барацьба з наркотыкамі ў Польшчы.
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: Pixabay.com/ stevepb

Пад канец красавіка СМІ паведамлялі аб сенсацыйнай акцыі паліцыі, якая разбіла фабрыку па вытворчасці клефедрону ў Слупску. Было канфіскавана амаль 4 тоны наркотыку. Таксама затрымалі каля 20 тон хімічных рэчываў для вытворчасці наркотыкаў, арыштаваныя 3 асобы. У ходзе аперацыі паліцыя выкарыстоўвала браніраваны аўтамабіль і два верталёты.

Прадстаўнік Цэнтральнага следчага офіса паліцыі Павел Жукевіч (Paweł Żukiewicz) паведаміў, што канфіскаваныя рэчывы можна было выкарыстаць для атрымання некалькіх мільёнаў дылерскіх порцый, а кошт наркотыкаў на чорным рынку складае больш за 61 мільён злотых (звыш 15 млн долараў ЗША).

- Пасля ўваходу ў будынак следчыя адкрылі вялізную лабараторыю па вытворчасці наркотыкаў, у тым ліку поўную лінію вырабу сінтэтычных наркотыкаў. На месцы супрацоўнікі дзяржаўных службаў затрымалі клефедрон (4-КМЦ) у рознай форме вагой звыш 3,8 тоны. Агулам з канфіскаванага рэчыва можна было вырабіць некалькі мільёнаў гатовых порцый.

Дадзеная акцыя была самай маштабнай на працягу апошняга часу, але падобныя навіны пра ліквідацыю чарговай фабрыкі наркотыкаў з’яўляюцца рэгулярна. У сувязі з гэтым узнікае пытанне, ці барацьба дзяржавы з дадзеным нелегальным бізнесам эфектыўная, а калі не, дык чаму? З гэтымі пытаннямі я звярнулася да сацыёлага, тэрапеўта залежнасці, заснавальніка Цэнтра сямейнай тэрапіі і прафілактыкі залежнасці “Монар” Адама Ныка (Adam Nyk).

- Нельга сказаць, што такія паведамленні – гэта нешта новае. З пункту гледжання рынку, вельмі добра, што паліцыя затрымала такую вялікую партыю. Можна спадзявацца, што гэты сродак не трапіць на польскі або замежны рынак. Але ў мяне няма ілюзій, што гэта канец. Такіх месцаў вельмі шмат і ліквідацыя аднаго не ліквідуе вытворчасці наркотыкаў. На польскім рынку шмат наркотыкаў, якія вырабляюцца кустарным спосабам, у хатніх лабараторыях. І гэта не зменіцца. Паводле маіх назіранняў, а я шмат працую з пацыентамі, надалей вельмі маладыя людзі бяруць наркатычныя сродкі. Да нас у кансультацыю прыходзяць падлеткі – самі або з бацькамі, народжаныя ў 2007, 2008, 2009 годзе. Гэта яшчэ дзеці. Небяспечная тэндэнцыя – расце колькасць людзей, якія ўжываюць опіўмныя прэпараты, часцей за ўсё фентаніл. Гэта прыйшло да нас з Захаду. Вы напэўна бачылі навіны ў СМІ пра тое, як людзі пад уплывам опіўмных сродкаў качуюць на вуліцы. Агулам з’яўляецца вельмі шмат опіўмных прэпаратаў - сродкаў з той жа групы, што і марфін.

Ці польская дзяржава вядзе эфектыўную барацьбу з наркамафіяй? Мы чуем пра розныя акцыі паліцыі ці спецслужбаў, але часам складваецца ўражанне, што гэта як барацьба з гідрай.

- Падобная сітуацыя па ўсім свеце. Нават калі разглядаць сітуацыю ў самых багатых дзяржавах, можна заўважыць, што задачай органаў правапарадку з’яўляецца барацьба з наркамафіяй, вытворцамі ці прадаўцамі. Але нават там, дзе ўлады выдзяляюць вельмі шмат грошай на гэтыя мэты, няма гарантыі, што дадзеную прамысловасць удасца цалкам ліквідаваць. Справа ў тым, што гэтая галіна прыносіць вялізны даход. Заўсёды знойдуцца асобы, якія захочуць зарабіць. Паліцыя разаб’е адну лабараторыю, але замест яе паявіцца чарговая фабрыка. Гэта пастаянная гонка за тымі, хто зарабляе на нашай залежнасці.

Наркотыкі ў Польшчы забароненыя, нельга іх купіць у краме ці аптэцы, за выключэннем лячэбнай марыхуаны ці іншых лякарстваў. Тым не менш, людзі іх з лёгкасцю купляюць, нават дзеці, вы казалі аб сваіх пацыентах-падлетках. Такім чынам, ці наркатычныя сродкі надта лёгка даступныя ў Польшчы?

- Кожны чалавек, які хаця б крышку разбіраецца ў тэме, выдатна разумее, як іх купіць, як заказаць. Я не хачу апісваць, як гэта робіцца, каб не падказваць. За наркотыкамі ідуць вялізныя грошы, паколькі кошт вытворчасці наркатычных сродкаў у разы меншы, чым іх кошт на чорным рынку. Скажам, какаін падчас вытворчасці каштуе капейкі, а калі яго пастаўляюць на рынак у іншую краіну, ён каштуе нават у сто разоў больш. І таму заўсёды будуць людзі, якія захочуць на гэтым зарабіць, хаця яны ведаюць, што гэта не маральна і можа забіць іншых. Таксама, як з іншымі справамі – адны людзі штодзённа раніцай устаюць і ідуць сумленна працаваць, а іншыя прачынаюцца і думаюць, што ўкрасці і ў каго.

нг