Беларуская Служба

Пры дапамозе чарвякоў можна паспяхова кампаставаць арганічныя адходы на балконе

17.05.2024 09:17
Можна выбраць традыцыйны метад кампаставання або японскі. 
Аўдыё
  • Пры дапамозе чарвякоў можна паспяхова кампаставаць арганічныя адходы на балконе
.
.Hans/pixabay.com/CCO

Кампосцер на ўчастку нікога не здзіўляе, але, аказваецца, можна паспяхова кампаставаць арганічныя адходы на балконе, тэрасе ці нават дома. 

Балкон або тэраса - выдатнае месца для хатняга кампосцера. - Гэта вельмі проста, - кажа Яанна Бараноўска, блогер з organiczni.eu і аўтарка кнігі "Як рабіць кампост? Гэта проста". — Калі мы толькі пачнём, то ўбачым, што нам патрэбна толькі старая добрая скрынка і крыху жадання. Тады ўсё пойдзе гладка.

-Такі кампосцер выглядае як звычайнае пластыкавае вядро. Нашыя суседзі могуць нават не заўважыць, што на нашым балконе ёсць кампосцер. Ён не выдае непрыемных пахаў. Калі пах пачынае станавіцца непрыемным, гэта азначае, што там трэба навесці парадак. Я змагаюся з мітам, што кампосцер смярдзіць. Кампосцер, з якім мы правільна абыходзімся, пахне свежай зямлёй. Гэта пах зямлі пасля дажджу. Кампосцер, за якім правільна сочаць, не мае права непрыемна пахнуць.

Кампост з'яўляецца вынікам ператварэння арганічных рэчываў, напрыклад, шалупіння, якое раскладаецца дзякуючы бактэрыям і чарвякам.

- Гэта канкрэтны гатунак чарвякоў, якіх спецыяльна вырошчваюць. Яны называюцца навозныя ці кампосныя чарвякі. Іх спецыяльна вырасцілі так, каб яны не ўцякалі з кампосту, маглі жыць у зачыненым кампосцеры. Звычайныя, нашыя дажджавыя чарвякі непрыстасаваныя, каб жыць у ізаляцыі. Калі раптам такі чарвяк пачынае ўцякаць з кампосцера, гэта значыць, што нешта ідзе не па плану. Напрыклад, ён не мае ежы, - гаворыць Яанна Бараноўска.

Балконны кампосцер можна купіць. На рынку ёсць вялікі выбар, многія з іх зроблены па-дызайнерску і нават могуць выконваць дадатковую дэкарацыйную ролю. Яанна Бараноўска адзначае, што такі кампосцер нятанны, а калі казаць пра функцыянальнасць, то ён нічым не будзе адрознівацца ад зробленага самастойна. Госця Польскага радыё расказвае, што яе балконны кампосцер складаецца з двух пластыкавых вёдраў, устаўленых адно ў другое, з вентыляцыйнымі адтулінамі.

Яанна Бараноўска гаворыць, што кампост, якія ўзнікае пры дапамозе кампосных чарвякоў, гэта найлепшыя ўгнаенні, якія можна здабыць для сваіх раслін. Балконным кампостам можна падкормліваць хатнія і садавыя расліны, садавіну і гародніну на градцы.

Усё ж, калі нехта не хоча трымаць на балконе чарвякоў, то можа выкарыстаць японскі метад вырабу кампосту: бакашы. Для гэтага метаду патрэбны адмысловы кантэйнер, які вельмі дакладна зачыняецца. У такі кантэйнер модна ўкідваць усе адходы з кухні. У гэтым заключаецца розніца кампосцера з чарвякамі, расказвае Яанна Бараноўска:

-У кампосцер з чарвякамі нельга закідваць рэшткі мяса, малочныя прадукты, гатаваныя рэчы. У сваю чаргу да бакашы можна ўкідваць усё, што застанецца ў кухні. Але гэта яшчэ не ўсё. Такі кампост трэба пасыпаць спецыяльнымі ферментамі. Бактэрыі, якія там знаходзяцца, выклікаюць ферментацыю адходаў. Праз два тыдні паяўляецца папярэдні кампост. І тут зноў розніца: гэтым папярэднім кампостам нельга пасыпаць расліны, а кампостам, вырабленым чарвякамі, можна адразу. Кампост з бакашы яшчэ трэба закапаць на нейкі час. І толькі тады гэты папярэдні кампост пераўтворыцца ў сапраўдныя ўгнаенні.

У кампосцер, у якім працуюць чарвякі, нельга ўкідваць мяса і малочных прадуктаў. Нельга ўкідваць адходы жывёльнага паходжання, акрамя яечнай шкарлупіны. Такія адходы вельмі хутка сапсуюцца і будуць смярдзець. Гэтыя рэчы нельга ўкідваць у традыцыйныя адкрытыя кампосцеры, якія месцяцца на ўчастках.

Пры стварэнні кампосцера для балкона вам спатрэбіцца ўсяго некалькі рэчаў, але важна размясціць яго ў правільным месцы - кампосныя чарвякі не любяць цяпла і марозу, гэтыя фактары іх забіваюць. Кампосцер на зіму можна трымаць у кватэры, падвал таксама падыдзе. Улетку варта выбраць зацененае месца і схаваць ёмістасць ад сонца, прапануе спецыяліст.

Для стварэння кампосцераў спатрэбіцца: два кантэйнеры, памер якіх прапарцыйны колькасці арганічных адходаў, якія вырабляюцца штотыдзень. Гэтыя ёмістасці ставяцца адну ў іншую так, каб паміж донцамі заставалася прастора. Там будзе запасіцца “кампосны чай”, якім можна паліваць расліны. У крышцы кампосцера робяцца вентыляцыйныя адтуліны.

Кампосныя чарвякі ў Польшчы можна купіць за некалькі дзясяткаў злотых.

Якуб Ямрозэк/ав

слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце