Беларуская Служба

Алкаголь можна будзе купіць на Allegro?

14.05.2024 15:09
Выхад на рынак продажу алкагольнай прадукцыі лідара інтэрнэт-гандлю зрабіў бы рэвалюцыю ў гэтым сегменце. І адкрыў магчымасці для іншых прадаўцоў.
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjneGlow Images/East News

Разам з тым ёсць шмат сумневаў, у тым ліку і ў кампаніі Allegro.

– Працуем над укараненнем магчымасці набыцця алкаголю праз інтэрнэт. Наша даследаванне паказвае, што кліенты зацікаўленыя ў гэтым, — кажа Марцін Грушка (Marcin Gruszka), прэс-сакратар Allegro.

Пра падрабязнасці ў кампаніі пакуль не хочуць казаць. Паводле звестак выдання Dziennik Gazeta Prawna, Allegro не разглядае магчымасць продажу алкагольных напояў праз пачкаматы (скрынкі, дзе можна самастойна забраць пасылку), бо так немагчыма праверыць узрост пакупніка. Гэта могуць рабіць кур'еры, якія ўжо правяраюць дакументы падчас дастаўкі розных пасылак непасрэдна кліенту.

Продаж алкаголю праз самую вялікую ў Польшчы пляцоўку інтэрнэт-гандлю выклікае апасенні, што доступ да моцных алкагольных напояў стане яшчэ больш простым, і папярэднія абмежавальныя крокі ўладаў, напрыклад, у начны час, не маюць ніякага сэнсу.

Да слова, шлях да такой формы гандлёвых паслуг быў адкрыты яшчэ ў 2022 годзе рашэннем Вярхоўнага адміністрацыйнага суда. Але Нацыянальны цэнтр супрацьдзеяння залежнасцям працягвае настойваць, што такі продаж незаконны і падае некалькі дзясяткаў скаргаў штогод.

Кшыштаф Бжузка (Kszysztof Brzózka), былы кіраўнік Польскага агенцтва па вырашэнню праблем, звязаных з алкаголем, мяркуе, што дастаўка алкагольных напояў дадому кліентам – справа недапушчальная.

— Нарматыўныя акты кажуць, што забраць такі тавар можна ў пункце продажу, дзе ёсць магчымасць праверыць узрост пакупніка, ці цвярозы ён, — звяртае ўвагу Кшыштаф Бжузка.

gazetaprawna.pl/вх