Беларуская Служба

У бацькоў журналіста Аляксандра Корнышава правялі ператрус пасля інтэрвʼю каналу «Белсат»

29.04.2024 14:10
Аляксандр Корнышаў – рэдактар інтэрнэт-выдання «Витебский курьер news».
   .  .
Сілавікі ўрываюцца ў кватэру. Ілюстрацыйная выява.screenshot

Ён зʼехаў з Беларусі ў 2020‑м, а сёлета на пачатку лютага ў праграме «Беларус беларусу» на тэлеканале «Белсат» Аляксандр распавёў пра тое, што падчас вымушанай эміграцыі ў яго з’явіліся праблемы са здароўем – у яго выявілі некроз тазабедраных суставаў, таму неабходныя дзве аперацыі па замене суставаў і доўгая рэабілітацыя.

Пасля выхаду перадачы ў эфір у хату да бацькоў Корнышава пачалі рэгулярна наведвацца міліцыянты і следчыя, піша @bajmedia.

«Ператрус праводзіўся ў межах крымінальнай справы, дзе я, наколькі зразумелі мае сваякі, маю статус сведкі. Міліцыянты нічога не забіралі, толькі прагледзелі інфармацыю ў кампʼютары і планшэце брата, а таксама праверылі тэлефон бацькі. Маім родным сказалі, што крымінальная справа тычыцца майго інтэрвʼю «Белсату», – маўляў, гэта экстрэмісцкае фармаванне, а я нібыта спрыяю экстрэмісцкай дзейнасці», — распавёў Аляксандр.

Апошні раз непасрэдна са следчымі Аляксандр Корнышаў меў кантакты ў лістападзе 2020 года: праз тры дні пасля ягонага ад’езду з радзімы яму ў Telegram напісаў следчы з Мінска. Ён хацеў дапытаць Аляксандра па справе кіраўніка грамадскай ініцыятывы «Альтернатива» Алега Корбана, затрыманага напярэдадні, 25 кастрычніка. Корнышаў быў ягоным намеснікам, і, разумеючы пагрозу асабістай свабодзе, з’ехаў з Беларусі спачатку ў Кіеў, потым нейкі час жыў у Нямеччыне, цяпер перабраўся ў Польшчу.

У Беларусі ў зняволенні цяпер 36 супрацоўнікаў медыя. Пасля рэакцыі на падзеі 2020-га з краіны былі вымушаныя эміграваць сотні супрацоўнікаў медыя.

вх