Беларуская Служба

Смерці ад цеплавога ўдару, закрытыя школы- хваля экстрэмальнай спякоты пракацілася па Азіі

29.04.2024 18:01
Паводле слоў метэаролагаў, спякота звязаная з феноменам Эль-Ніньё.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:geralt/pixabay.com/CC0 Public Domain

Смерці ад цеплавога ўдару, закрытыя школы, абмежаванне перадачы энергіі - хваля экстрэмальнай спякоты пракацілася па Паўднёвай і Паўднёва-Усходняй Азіі. 

90-гадовая жанчына і 53-гадовы мужчына памерлі ў штаце Керала на поўдні Індыі, дзе тэмпература паднялася да 41,9 градуса Цэльсія, што амаль на 5,5 градуса вышэй за норму, паведаміла ў панядзелак газета The Hindu. Мяркуецца, што людзі памерлі ад цеплавога ўдару. Ва ўсходнім штаце Арыса ў нядзелю тэмпература дасягнула 44,9 градуса па Цэльсію і два чалавекі загінулі з-за спёкі.

Індыйскі метэаралагічны дэпартамент (IMD) прагназуе, што ў гэтым годзе з красавіка па чэрвень можна чакаць больш гарачых дзён, чым у папярэднія гады.

Як паведамляе агенцтва AFP, у нядзелю ў горадзе Чаук у цэнтральнай Бірме была зафіксавана тэмпература 48,2 градуса па Цэльсію, самая высокая больш чым за 50 гадоў. Дзяржаўныя СМІ паведамляюць, што ў апошнія дні ртутны слупок быў на 3-4 градусы вышэйшы за сярэдні красавіцкі.

У Тайландзе, паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, за апошнія тыдні ад цеплавога ўдару памерлі 30 чалавек. Нацыянальнае метэаралагічнае агенцтва прагназуе, што ў бліжэйшыя дні тэмпература ў Бангкоку, а таксама ў цэнтральных і паўночных раёнах краіны перавысіць 40 градусаў Цэльсія.

У В'етнаме грамадзян папярэдзілі аб небяспецы лясных пажараў. Высокія тэмпературы, якія на гэтым тыдні чакаюцца ад 40 да 44 градусаў Цэльсія, прымусілі жыхароў Хашыміна (былы Сайгон) шукаць перадышкі ад спёкі ў гандлёвых цэнтрах з кандыцыянерамі. Дзяржаўны пастаўшчык электраэнергіі заклікаў спажыўцоў не злоўжываць кандыцыянерамі, паколькі за апошнія дні спажыванне энергіі дасягнула рэкорднага ўзроўню.

Папярэджанне аб спёцы было выдадзена ў 16 рэгіёнах Малайзіі, дзе за апошнія тры дні была зафіксавана тэмпература ад 35 да 40 градусаў па Цэльсію.

У Сінгапуры 2024 год - па прагнозах метэаралагічных службаў - будзе самым цёплым з пачатку ўліку ў 1929 годзе. З сакавіка некаторыя школы змякчылі правілы нашэння школьнай формы, каб вучні маглі насіць зручную вопратку ў гарачае надвор'е.

У Інданезіі, самай густанаселенай краіне Паўднёва-Усходняй Азіі, з-за высокай тэмпературы павялічылася колькасць выпадкаў ліхаманкі денге. Гэта віруснае захворванне перадаецца насякомымі, якія хутка размнажаюцца ў гарачае надвор'е. У Міністэрстве аховы здароўя паведамляюць, што ў параўнанні з мінулым годам колькасць хворых павялічылася ўдвая — да 35 тысяч.

Міністэрства адукацыі Філіпін прыпыніла вочныя заняткі ў дзяржаўных школах на два дні, таму што многія класы былі перапоўненыя і не мелі кандыцыянераў. Спякота таксама паўплывала на энергазабеспячэнне найбуйнейшага вострава архіпелага Лусон, на долю якога прыпадае тры чвэрці эканамічнага аб'ёму вытворчасці краіны. Аператар электраперадач паведаміў, што пасля закрыцця 13 электрастанцый у пачатку красавіка запасы энергіі былі значна вычарпаны.

Па словах метэаролагаў, больш высокія тэмпературы ў Паўднёвай і Паўднёва-Усходняй Азіі з'яўляюцца вынікам з'явы Эль-Ніньё. Гэта адбываецца адзін раз у некалькі гадоў і прадугледжвае падтрыманне вышэй за сярэдні ўзровень высокіх тэмператур на паверхні вады ў экватарыяльнай зоне, што можа паўплываць на тэмпературу ва ўсім свеце.