Беларуская Служба

На Харкаўшчыне ідуць інтэнсіўныя баі. ISW: гэта вынік нядбайнасці Захаду

13.05.2024 11:39
У Харкаўскай вобласці расіяне працягваюць штурм, вядзецца інтэнсіўны агонь.
 .
Украінскія вайскоўцы.Фота: Генштаб ЗСУ

Сітуацыя на харкаўскім напрамку застаецца складанай, расійскія акупацыйныя войскі працягваюць штурм, вядзецца інтэнсіўны агонь, сілы абароны даюць адпор праціўніку.

Паводле звестак крыніцы «Украінскай праўды», 13 траўня праціўнік спрабуе прасунуцца ў бок населеных пунктаў Ліпцы і Старыца, а таксама ў бок Ваўчанска. Разам са штурмавымі дзеяннямі па пазіцыях украінскіх абаронцаў вядзецца інтэнсіўны агонь з мінамётаў, артылерыі і авіяцыі.

У нядзелю праціўнік працягваў актыўныя дзеянні ў раёнах населеных пунктаў Глыбокае, Лукʼянцы, Алійнікава, Бугруватка і Ваўчанск.

Сілы абароны Украіны адбіваюць атакі праціўніка ўдарамі па дэсантна-штурмавых групах. Расійскія войскі цяпер папаўняюць страты, боепрыпасы і рыхтуюцца да далейшых дзеянняў, дадаў суразмоўца ўкраінскага выдання.

Прэс-сакратар Генштаба Дзмітрый Лыхавы, распавядаючы ў эфіры аб сітуацыі за тыдзень, адзначыў, што на харкаўскім напрамку, дзе 10 траўня праціўнік перайшоў мяжу, да вечара нядзелі быў здзейснены 31 абстрэл жылых пасёлкаў. Прадстаўнік Генштаба пацвердзіў, што праціўнік мае тактычныя поспехі, абстаноўка застаецца складанай і дынамічна змяняецца.

Захоп Ваўчанска адкрые «новыя аператыўныя магчымасці» для расіян

«Расійскі наступ у Харкаўскай вобласці, на паўночным усходзе Украіны, шмат у чым зʼяўляецца следствам палітыкі Захаду, які не дазваляе ўкраінцам выкарыстоўваць заходнюю зброю для нападу на ваенныя абʼекты ў Расіі», мяркуюць у Амерыканскім інстытуце ваенных даследаванняў (ISW).

Ваколіцы Ваўчанска, размешчанага ў непасрэднай блізкасці ад мяжы, цяпер зʼяўляюцца галоўнай мэтай расійскіх войскаў на Харкаўскім участку фронту. За горад ідуць цяжкія баі, і магчымы захоп Ваўчанска адкрые «новыя аператыўныя магчымасці» для расійскіх войскаў, дадае амерыканскі аналітычны цэнтр у сваім апошнім аналізе.

Расійскія войскі цяпер карыстаюцца доўгатэрміновымі абмежаваннямі, уведзенымі супраць Украіны на выкарыстанне зброі, перададзенай з Захаду, падкрэслівае ISW. Заходнія чыноўнікі забаранілі Украіне наносіць удары па абʼектах на тэрыторыі Расеі, у тым ліку па раёнах, якія зʼяўляюцца базай цяперашняга наступу на поўначы Харкаўскай вобласці.

Толькі ў пачатку траўня міністр замежных спраў Вялікабрытаніі Дэвід Кэмеран заявіў, што брытанская зброя можа быць выкарыстана для ўдараў па абʼектах у Расеі. Аднак гэтае рашэнне было прынятае занадта позна і само па сабе недастатковае для таго, каб украінцы змаглі абмежаваць магчымасць Расіі канцэнтраваць войскі ўздоўж мяжы, каментуе аналітычны цэнтр.

«Гэта або халатнасць, або карупцыя»

Украінцы ўжо паспяхова выкарыстоўвалі амерыканскія рэактыўныя сістэмы залпавага агню HIMARS і іншую заходнюю зброю для абстрэлу расійскіх пазіцый на акупаваных тэрыторыях сваёй краіны. Украінскія вайскоўцы таксама рэгулярна атакуюць абʼекты ў самой Расеі з уласнай зброі.

«Украінскія сілы атрымалі б вялікую карысць ад магчымасці выкарыстоўваць перадавыя сістэмы ўзбраення далёкага дзеяння для нападу на расійскія матэрыяльна-тэхнічныя цэнтры і маршруты паставак, якія ў цяперашні час падтрымліваюць наступленне ў Харкаўскай вобласці, але замест гэтага павінны разлічваць на абмежаваныя і знясіленыя пастаўкі айчыннай зброі», – заключае ISW.

Расійскае прасоўванне вакол Ваўчаска магчыма таксама з-за таго, што не падрыхтаваныя адпаведныя лініі абароны, паведаміла ў панядзелак BBC са спасылкай на ўкраінскіх вайскоўцаў.

«Першай лініі абароны не было. (...) Расіяне проста зайшлі. Яны проста зайшлі, ніякіх мінных палёў не было», – сказаў адзін з камандзіраў разведчасткі. Чыноўнікі заяўлялі, што ўмацаванні былі пабудаваныя за вялікія грошы, але іх проста няма, дадаў ён. «Гэта або халатнасць, або карупцыя», – сказаў украінскі вайсковец.

pravda.com.ua/PAP/вх