Беларуская Служба

Украінцы адступаюць на Данбасе

29.04.2024 19:47
Украінскае адступленне пакуль не прывяло да аператыўных поспехаў РФ, але сітуацыя на фронце пагаршаецца для арміі Украіны.
Аўдыё
  • Сітуацыя на фронце на Усходзе Украіны
Ілюстрацыйны здымакEPA/SERGEY KOZLOV Dostawca: PAP/EPA.

Генштаб Узброеных сіл Украіны паведаміў пра абвастрэнне сітуацыі на фронце. Толькі за мінулыя суткі расійскі агрэсар зладзіў 131 абстрэл, у асноўным на Данбасе.

Па словах галоўнакамандуючага ўкраінскай арміяй генерала Аляксандра Сырскага, расіяне маюць шэраг тактычных поспехаў, але шырока прарваць лінію фронту ім не ўдалося. Украінская армія трымаецца, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Пры гэтым украінскія вайскоўцы кажуць пра тое, што для штурмаў расіяне выкарыстоўваюць забароненыя рэчывы. Спрабуючы выбіць сілы абароны з пазіцый, праціўнік звяртаецца да выкарыстання смяротных хімікатаў. Пра гэта ў эфіры KYIV24 распавёў камандзір дывізіёна ўдарных беспілотнікаў Юрый Федарэнка.

У сваю чаргу эксперты Інстытута Вывучэння Вайны (ISW) ацэньваюць адступленне ўкраінскіх сіл на Данбасе на захад ад Аўдзееўкі, як некрытычнае. Арміі РФ не ўдалося хутка рушыць наперад у гэтым раёне, і гэта сведчыць аб тым, што «ўкраінскія сілы захоўваюць там пазіцыі і рэсурсы, якія пакуль запавольваюць расійскі наступ у заходнім кірунку».

«Нядаўнія расійскія поспехі на паўночны захад ад Аўдзееўкі прымусілі ўкраінскія войскі адступіць з іншых абмежаваных тактычных пазіцый на фронце, аднак гэтае адступленне пакуль не прывяло да хуткіх тактычных прарываў акупацыйных сіл. Расійскія войскі па-ранейшаму ці наўрад здольныя хуткім часам дамагчыся глыбейшага аператыўна значнага прарыву», гаворыцца ў дакладзе.

Эксперты ISW лічаць, што РФ «верагодна, працягне дамагацца тактычных поспехаў у раёне Аўдзееўкі, і ўкраінскае камандаванне можа прыняць рашэнне аб далейшым адступленні, калі расійскія войскі будуць пагражаць іншым украінскім пазіцыям». Аднак украінскія сілы могуць выкарыстоўваць асаблівасці мясцовасці для запаволення арміі РФ, сказана ў зводцы.

У сваю чаргу расійскі бок спрабуе інтэнсіфікаваць штурм, уводзячы ў бой на лініі фронту чачэнскія батальёны. Аднак як лічаць амерыканскія эксперты, «расійскім войскам, верагодна, давядзецца папаўняць і ўзмацняць атакуючыя падраздзяленні і знізіць тэмп наступлення, без дадатковых рэзерваў».

Украінцы адышлі з некаторых пазіцый на Данбасе. Пра гэта паведаміла ўкраінскае камандаванне. Гэта тычыцца тэрыторыі на захад ад Аўдзееўкі ды Мар'інкі. Паводле аналітыкаў, менавіта там расіяне вядуць асноўны наступ. 

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч