У Расіі ўсё больш рашэнняў павінны ўлічваць згоду, забарону або крытэрыі бяспекі, якія вызначае ФСБ. Гэта тычыцца не толькі контрразведкі і абароны дзяржаўнай таямніцы, але і навуковага супрацоўніцтва, тэлекамунікацый, крытычна важнай інфраструктуры, эканомікі і аховы выбараў. Аднак гэта не азначае, што Федэральная служба бяспекі цалкам бярэ ўладу ў Расіі. Наадварот, яе ўзрастаючыя кампетэнцыі – гэта частка палітыкі Уладзіміра Пуціна, які вызначае ўсё больш сфер функцыянавання дзяржавы сферамі дзяржбяспекі.
Такім чынам ФСБ, хоць пакуль афіцыйна не ўзяла пад кантроль расійскай дзяржаву, усё часцей вызначае межы, у якіх могуць дзейнічаць ейныя інстытуты. Між тым, ФСБ не трэба фармальна кіраваць паасобнымі сектарамі. Дастаткова, каб яна атрымала магчымасць блакаваць рашэнні, абмяжоўваць канкрэтныя віды дзейнасці або ўводзіць крытэрыі бяспекі для суб'ектаў, якімі яна не кіруе.
Гэты працэс адбываецца не насуперак Уладзіміру Пуціну, а з яго згоды. Хоць Крэмль застаецца цэнтрам расійскай сістэмы ўлады, чым больш сфер адносіцца да бяспекі, тым большае значэнне мае ФСБ. У выніку дзяржава ўсё больш дзейнічае па правілах апарата бяспекі.
Умацаванне контрвыведкі ў абставінах вайны само па сабе не зʼяўляецца незвычайным. Праблема пачынаецца тады, калі рэальныя пагрозы становяцца апраўданнем для пашырэння кампетэнцыі апарата бяспекі далёка за межы класічнай контрвыведвальнай дзейнасці, паведамляе старонка infosecurity24.pl, са спасылкай на справаздачу, апублікаваную напрыканцы жніўня ў часопісе «Foreign Affairs».
Ягоныя аўтары Андрэй Салдатаў і Ірына Бараган засяроджваюцца на ўзрастаючым пошуку шпіёнаў, здраднікаў і асоб, якія ўспрымаюцца як патэнцыйныя крыніцы пагрозы, а таксама на рэзкім павелічэнні колькасці спраў аб дзяржаўнай здрадзе і шпіянажы.
Паводле незалежнага маніторынгу, праведзенага расійскім прававым праектам «Першы дэпартамент» і аналітычным цэнтрам «Arubets Analytics», у першай палове года расійскія суды вынеслі 273 прысуды супраць 284 асоб па справах, звязаных з дзяржаўнай здрадай, канфідэнцыйным замежным супрацоўніцтвам, шпіянажам і дапамаганнем ворагу. Паводле звестак «Першага дэпартамента», з 24 лютага 2022 года па 15 жніўня 2026 года расійскія суды вынеслі не менш за 1 372 абвінаваўчыя прысуды па гэтай групе спраў. У рамках праекта было выяўлена 1 635 вядомых абвінавачаных і асуджаных, з якіх 1 571 быў зняволены. Аўтары маніторынгу не знайшлі апраўдальных прысудаў у сваёй базе дадзеных. Між тым, дванаццаць асоб атрымалі пажыццёвае зняволенне. Гэтыя дадзеныя, паводле аналітыкаў, дэманструюць маштаб зменаў.
Дзяржаўная здрада перастала быць катэгорыяй, якая ў асноўным ужывалася да рэдкіх выпадкаў класічнага шпіянажу. Яна стала адным з рэгулярна выкарыстоўваных інструментаў апарата бяспекі. Павелічэнне колькасці судовых працэсаў суправаджалася пашырэннем заканадаўчых паўнамоцтваў дзяржавы. Значэнне гэтых змен выходзіць за межы традыцыйнага пераследу шпіянажу.
Адным з найбольш яркіх прыкладаў пашырэння ўплыву апарата бяспекі зʼяўляецца расійская навука. У траўні 2024 года агенцтва «Reuters» паведамляла пра серыю судовых працэсаў супраць навукоўцаў, звязаных з аэрадынамікай і гіпергукавымі тэхналогіямі.
Закон № 159 ад 24 чэрвеня 2025 года і Пастанова ўрада № 1894 ад 27 лістапада 2025 года стварылі механізм каардынацыі з ФСБ удзелу замежных асоб і арганізацый у канкрэтных галінах навуковай, навукова-тэхнічнай і эксперыментальнай працы. Гэта абавязацельства распаўсюджваецца на галіны, вызначаныя дзяржавай. У такіх выпадках ФСБ мае 60 дзён, каб даць згоду або адмовіць ва ўдзеле ў праекце замежнага партнёра.
Значэнне гэтага правіла фундаментальнае — служба не абавязана кіраваць інстытутам або ўстанаўліваць парадак дня даследаванняў, каб уплываць на тое, з кім і ў якой ступені дадзеная ўстанова можа супрацоўнічаць. Калі ФСБ адмаўляецца даць згоду, канкрэтная форма супрацоўніцтва не можа быць ажыццёўлена.
Тое ж самае тычыцца сувязі. 20 лютага 2026 года Пуцін падпісаў Закон № 33-ФЗ аб унясенні змяненняў у Закон «Аб сувязі». Ён патрабуе ад аператараў прыпыняць абслугоўванне пасля атрымання запыту ад органаў ФСБ у выпадках, прадугледжаных прэзідэнцкімі актамі. Аператар не нясе адказнасці перад кліентам, калі невыкананне дагавора зʼяўляецца вынікам выканання такога запыту.
ФСБ не ўзяла на сябе фармальных функцый рэгулятара рынку тэлекамунікацый. Аднак ёй было дадзена нешта не менш важнае з практычнага пункту гледжання: інструмент, які дазваляе ёй непасрэдна ўмешвацца ў працу тэлекамунікацыйных аператараў. Механізм падобны да таго, што выкарыстоўваецца ў навуцы, паведамляе infosecurity24.pl.
аз