Беларуская Служба

Мыш'як у касметыцы, плявачка для сухотнікаў - пра што можна даведацца ў варшаўскім Аптэчным музеі (ФОТА)

18.05.2024 07:01
 У Варшаве да Ночы музеяў далучыліся 310 устаноў, сярод якіх Аптэчны музей па адрасе вул. Піўная 31/33.
Аўдыё
  • Мыш'як у касметыцы, плявачка для сухотнікаў - пра што можна даведацца ў варшаўскім Аптэчным музеі
Слоікі з уранавага шкла ў Аптэчным музеіфота: Лена Вялічка

18 траўня ў Польшчы праходзіць культурніцкая акцыі Ноч музеяў. Сотні культурніцкіх, і не толькі пляцовак можна наведаць вячэрняй і начной парой бясплатна. 

Музей з’яўляецца рэканструкцыяй аптэкі з 1929 года. Мэбля ў ім была адмыслова вырабленая на замову ўладальніка аптэкі ў Валоміне правізара Марціна Аляхоўскага. Інтэр’ер аптэкі таго часу ў значнай ступені адрозніваецца ад сучаснага, сярод іншага, колерам. У сённяшніх аптэках пераважаюць белы колер і шматкаляровыя рэкламы. У аптэках таго часу пераважаў карычневы колер мэблі і колер слоікаў, у якіх захоўваліся складнікі для вырабу лекаў.


Марэк Лушчык Марэк Лушчык

Аптэчны музей у Варшаве асаблівым чынам ганарыцца тым, што мае калекцыю слоікаў з уранавага шкла, расказвае працаўнік Аптэчнага музею Марэк Лушчык:

-Яны на працягу пэўнага часу былі папулярныя з увагі на адкрыццё Марыі Сладоўскай-Кюры і Пятра Кюры. Аптэкар, купляючы такія слоікі, хацеў паказаць кліентам, што ён рухаецца ў нагу з часам, паспявае сачыць за зменамі ў модзе. І ў першую чаргу паказвае, што ў яго шмат субстанцый, з якіх ён можа зрабіць лек. Такіх слоікаў у аптэцы было вельмі шмат, кожны з іх быў апісаны на лацінскай мове. Гэтыя таямнічыя назвы маглі азначаць цалкам простыя складнікі, як свіны тлушч, вазелін, ружаная вада ці газа. Аптэкару залежала на тым, каб кліент не ведаў, на колькі простыя складнікі ён выкарыстоўвае.

Адной з самых вялікіх розніц паміж цяперашнімі аптэкамі і аптэкамі міжваеннага часу з’яўляецца тое, што аптэкар лекі рабіў сам, непасрэдна ў аптэцы. Калі гэта была вялікая, папулярная сярод мясцовых аптэк, то ў яго былі памочнікі. Лекі рыхтаваліся за гэтак званым другім аптэчным сталом. Колькасць лекаў была значна меншая, чым цяпер. З цягам часу аптэкары адыходзілі ад прыгатавання лекаў у аптэках і засноўвалі лабараторыі, дзе выраблялі лекі больш масава, як гэта адбываецца сёння.

Аптэка была месцам, дзе можна было купіць касметыку, дадае Марэк Лушчык:

-Варта зазначыць, што аптэка, як і цяпер, мела касметычны аддзел. Аптэкары, каб быць канкурэнтнымі на рынку, стараліся гэты элемент развіваць. У аптэцы можна было купіць простыя парфумы, парашок для зубоў, выраблены на месцы. Можна было купіць розныя сродкі для валасоў і гэтак далей.


. .

Тагачасныя цэны лекаў і аптэчных тавараў вядомыя, але цяжка іх пералічыць на сённяшнія стаўкі. Не кожны мог сабе дазволіць візіт у аптэцы. Дактары маглі выпісаць рэцэпт з пазнакай “для бедных”, па якіх медыкаменты прадаваліся танней. Падзел на вёску і горад быў выразны і моцны, таму вяскоўцы рэдка наведвалі гарадскую аптэку, выбіраючы знахараў.

Пацыент прыносіў у аптэку рэцэпт, на якім былі напісаныя складнікі медыкаменту. Змест такога рэцэпту дакладна перапісвалі ў адмысловую кнігу. У Аптэчным музеі захоўваецца арыгінальная кніга з 1895 году з аптэкі ў Новым Дворы Мазавецкім.

Расказваючы пра аптэчную справу тых часоў Марэк Лушчык абавязкова згадвае пра “цёмныя гісторыі”:

-У міжваенны перыяд у прэсе былі калонкі пад тытулам “Аптэкарскія памылкі”. Часцей за ўсё гэта былі выпадкі, якія цягнулі за сабой трагічныя наступствы. Гэта былі і памылкі ў выдачы лекаў, але аптэкары таксама падраблялі некаторыя складнікі медыкаментаў, напрыклад, выдавалі лек з таннейшых інгрэдыентаў. Вядома пра выпадкі аптэкараў, аптэкі якіх не дзейнічалі ажно так добра. І каб зрабіць уражанне, яны дадавалі ў слоікі ваду, насыпалі цукар ці муку, каб зрабіць добрае ўражанне на кліентах. Быў у аптэках і яд. Ён быў па двух прычынах. У аптэках прадавалі атруту на насякомых і пацукоў, а трэба прызнаць, што блашчыцы, блохі і тараканы былі ў кватэрах паўсюдна. Яд быў таксама таму, што ў малой дозе ён быў лекам. У нас ёсць арыгінальная бутэлька ад стрыхніну, які і сёння ў малой дозе мае лекавыя ўласцівасці. Абавязкова быў мыш’як, які выкарыстоўвалі для вырабу касметыкі. Яго дадавалі да шматкоў, якія асвятлялі скуру.


Коркавы кампрэсар Коркавы кампрэсар

Сярод цікавых, старых экспанатаў, якія ёсць у музеі, Марэк Лушчык звяртае ўвагу на коркавы кампрэсар. Вырабленыя сіропы аптэкар закаркоўваў у бутэлькі. Каб коркі лягчэй уваходзілі ў бутэльку, іх трэба было сціснуць спецыяльнай прыладай, якая ў Аптэчным музеі мае форму кракадзіла.

У варшаўскім Аптэчным музеі захавана арыгінальная ступа сапраўды велізарных памераў. Раней у аптэку прыносілі спецыі, а аптэкар іх малоў у ступе.

У варшаўскім Аптэчным музеі ёсць ёмкасць, якая сёння можа выклікаць здзіўленне, цікавасць, але і агіду.

-Гэта кішэнная плявачка. Іх мелі багатыя сухотнікі, асобы з рознымі захворваннямі лёгкіх. У плявачку сплёўвалі празмерную колькасць сліны. Такую плявачку, у нас яна цёмна сіняга колеру, хавалі ў кішэні пінжаку. Вечарам такую плявачку мылі і выкарыстоўвалі на наступны дзень, - расказвае Марэк Лушчык.

У Аптэчным музеі ёсць шэраг вагаў, якія былі неад’емным элементам працы аптэкара. Нездарма гаворыцца, што нешта робіцца з дакладнасцю аптэкара.

У Ноч музеяў Аптэчны музей будзе адчынены ад 18 да 24 гадзіны (уваход да 23.30). У кожны чацвер уваход у музей бясплатны. Музей праводзіць адукацыйную працу і рэгулярна арганізуе варштаты для школьнікаў і для дарослых.

слухайце аўдыё

ав

 

У варшаўскім Аптэчным музеі захавана арыгінальная ступа сапраўды велізарных памераў У варшаўскім Аптэчным музеі захавана арыгінальная ступа сапраўды велізарных памераў

. .