Беларуская Служба

Польскае радыё запрашае на юбілейны 25-ы фестываль «Новая Традыцыя»

15.05.2024 17:05
Гэты фестываль прысвечаны фолк-музыцы, якая чэрпае з народнай музыкі, але прэзентуе яе з выкарыстаннем сучасных сродкаў выяўлення або сучасных музычных стыляў.
Аўдыё
  • Пра праграму, гісторыю фестывалю «Новая традыцыя» Беларуская служба Польскага радыё распытала аднаго з арганізаваў, журналіста Радыёцэнтра народнай культуры Польскага радыё Пятра Дораша
     25-
На Польскім радыё праходзіць юбілейны 25-ы музычны фестываль «Новая традыцыя»Фота: https://www.facebook.com/festiwalnowatradycja

На Польскім радыё праходзіць юбілейны 25-ы музычны фестываль «Новая традыцыя». Фестываль прысвечаны выканаўцам і гуртам, якія чэрпаюць натхненне для сваёй творчасці ў народным мастацтве. Пра праграму, гісторыю фестывалю «Новая традыцыя» Беларуская служба Польскага радыё распытала аднаго з арганізаваў, журналіста Радыёцэнтра народнай культуры Польскага радыё Пятра Дораша:

- «Новая традыцыя» – у гэтай назве закладзена ўся ідэя гэтага фестывалю, то бок, перш за ўсё мы маем на ўвазе традыцыю, традыцыйную народную музыку, тую, якая гучала ў вёсцы, скажам так, 100 ці нават 150 гадоў таму.  Але мы перадаём гэта па-новаму, выкарыстоўваючы новыя сродкі, напрыклад, электроніку, інструменты, вядомыя з поп- і рок-музыкі. Вядома традыцыя, але прачытаная  нанова — «Новая традыцыя». Сапраўды, сам фестываль ужо мае 25-гадовую традыцыю.

Гэты фестываль прысвечаны фолк-музыцы, гэта значыць музыцы, якая чэрпае з народнай музыкі, але, як я толькі што сказаў, прэзентуе яе з выкарыстаннем сучасных сродкаў выяўлення або сучасных музычных стыляў.

Наперадзе ў нас чатыры дні канцэртаў, майстар-класаў і заняткаў, але галоўнай воссю фестывалю заўжды з'яўляецца конкурс народнай музыкі, які прадстаўляе шмат гуртоў, якія выконваюць гэты тып музыкі і задачай якога з'яўляецца выбарка найбольш вартасных калектываў, якія былі створаны ў мінулым годзе або дзейнічалі ўжо некалькі гадоў, але яны прадстаўляюць, напрыклад, нешта новае, чаго яшчэ не было на фолк-сцэне.

Раней на фестывалі «Новая традыцыя» Польскага радыё, як у конкурснай частцы так і ў розных яго імпрэзах  былі прадстаўленыя беларускія гурты, як гэта выглядае сёлета?

— Так, у нас ужо былі ўдзельнікі з Беларусі, напрыклад, у апошнія гады важным момантам, важным гуртом, які ўдзельнічаў у фестывалі, была Hajda Banda. Гурт можна сказаць, інтэрнацыянальны, але яго лідарка — беларуска.

Сёлета асаблівых беларускіх акцэнтаў не будзе, але яны час ад часу з'яўляюцца на фестывалі, таму не выключана, што, напрыклад, праз год-два, на наступных фестывалях мы будзем прадстаўляць беларускія гурты ці ўдзельнікаў з Беларусі, ствараючы нейкія міжнародныя калектывы. Але сёлета на фестывалі будзе прадстаўлена Усходняя Еўропа, а менавіта латышскі жаночы гурт, вельмі цікавы, іх завуць Tautomeitas, таму сёлета будуць латышскія дзяўчаты.

Калі гатаваўся да размовы, трапіў на відэаролік, дзе ты ўвасабляўся ў ролю сапраўднага каваля, працуючы кувалдай, паказваючы нейкія кавальскія прылады. Такім чынам запрашаеш малых слухачоў далучыцца да фестывалю «Новая традыцыя», распавядзі, калі ласка, падрабязней пра гэта.

- Штогод мы намагаемся стварыць нейкую асаблівую прапанову для дзяцей, каб і малых заахвоціць да знаёмства з фолкам, няхай і праз забаву. І сёлета за гэта на фестывалі адпавядаю я. Ужываюся ў ролю каваля.

Дзеці змогуць азнаёміцца з працай кузні, з кавальскім прыладамі працы, а самае важнае з песнямі і танцамі, прысвечанымі кавалям і кавальскай справе.

Ёсць нават адмысловы танец, які так і называецца «Каваль». Можна будзе паспрабаваць сябе ў ролі каваля, патанчыць і паспяваць. Ніхто не застанецца без справы! Запрашаю ўсіх на музычную сустрэчу з кузняй, уваход вольны.

Для тых хто ў бліжэйшыя дні не зможа далучыцца да фестывалю, якія 16-19 траўня будзе адбывацца ў Канцэртнай студыі Польскага радыё імя Лютаслаўскага ў Варшаве, Польскае радыё разам з Радыёцэнтрам народнай культуры запрашае паслухаць і паглядзець «Новую традыцыю» падчас анлайн трансляцый, даступных на сайце rck.polskieradio.pl.