Беларуская Служба

Польшча бачыць сваю бяспеку ва ўмацаванні арміі ды міжнародных саюзах

07.05.2024 13:44
Перад Польшчай стаіць задача стрымлівання магчымага канфлікту з пуцінскай Расіяй.
Аўдыё
  • Эксперты пра бяспеку Польшчы
Ілюстрацыйны здымакY.Likhtarovich

Упершыню за апошнія амаль 80 год непасрэдна за межамі Польшчы ідзе поўнамаштабная вайна. Гэты канфлікт мае ўплыў на еўрапейскі кантынент і на міжнародную бяспеку. Польшча самая вялікая дзяржава на ўсходнім флангу НАТА, які можа пераўтварыцца ва Ўсходні фронт. Польскія палітыкі ды эксперт зазначаюць, што Польшчу чакае самае цяжкая задача да выканання ў стрымліванні магчымага канфлікту.

6-7 мая ў Варшаве праходзіла канферэнцыя Defense24 Days. Гэта найбуйнейшая ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе канферэнцыя, прысвечаная пытанням абароны і бяспекі, вядучая падзея для зброевага сектара і галін, звязаных з бяспекай грамадзян, прадпрыемстваў і дзяржаўнага кіравання. Сёлета галоўнымі тэмамі,  якія абмяркоўваліся, сталі ўстойлівасць эканомікі ды моц арміі, наяўнасць хаўрусаў, супрацоўніцтва розных палітычных сіл у абаронных пытаннях, інтэнсіфікацыя абаронных праграм. Менавіта на гэта звяртаў увагу віцэ-прэм'ер, міністр абароны Уладзіслаў Касіняк Камыш.

- Пасля доўгіх гадоў знаходжання ў летаргічным стане ды жыцця ў камфортных умовах, неразумення першых месяцаў вайны, неразумення магчымых наступстваў канфлікту, Еўропа абуджаецца. Найлепшы прыклад, актыўнасць Францыі ў апошнія месяцы. Іншы прыклад, павелічэнне выдаткаў на абарону з боку Вялікабрытаніі. Брытанскі прэм’ер заявіў, што павялічвае выдаткі на армію ды абарону да 2.5% ВУП. Германія таксама вельмі моцна змяніла сваю пазіцыю, важную ролю пачаў адыгрываць Веймарскі трохкутнік. Тут важная роля для Польшчы, каб інфармаваць свет пра тое, што адбываецца ва Украіне, будзіць свет, нарошчваць ваенны патэнцыял ды развіваць прамысловасць. У гэтай справе ёсць згода ўрада, прэзідэнта. ЕС павінна моцна інвеставаць у абаронную прамысловасць, так як ніколі раней.

Пры гэтым у Польшчы сярод палітыкаў пануе перакананне, што для гарантавання сваёй бяспекі Польшча павінна абапірацца на хаўрус з Амерыкай ды ўмацаванне абаронных здольнасцяў у рамках Еўрасаюза. Пра гэта казаў міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі.

- Стрфмліванне пуцінскай Расіі – гэта задача выключна для НАТА. Еўрасаюз самастойна не зможа яе выканаць яшчэ доўгія гады. У ЕС ёсць унутраны раскол. Частка экспертаў ды людзей бачаць Еўрасаюз як зону вольнага гандлю. Іншыя хацелі бы, каб ЕС быў таксама абарончым саюзам. Зоны вольнага гандлю не інвестуюць у абарону, не будуюць здольнасці стрымлівання. Працягваецца дыскусія пра неабходнасць змены Канстытуцыйных трактатаў, дзеля стварэння пасады Камісара па пытаннях абароны. Аднак ёсць адказны па пытаннях еўрапейскай абароннай прамысловасці, які прапануе прызначыць 100 мільярдаў еўра на вайсковую вытворчасць. Гэтую ідэю трэба падтрымаць, як і тое, каб нявыкарыстаныя сродкі з еўрапейскіх фондаў развіцця накіраваць на абарону. Таксама як ідэю Макрона, які прапануе ўзяць танныя крэдыты, і скіраваць іх на адраджэнне еўрапейскай абароннай прамысловасці. Еўропа за апошнія гады не толькі разброілся але і часткова дэіндустрыалізавалася ў сферы абароны. Украіна дала нам цэнны час. Вайна цяпер доўжыцца ўжо палову часу ІІ Сусветнай вайны. Ці мы аптымальна выкарыстоўваем гэты час?

Польшча імкнецца выкарыстоўваць час і нарошчвае маштабы прадукцыі. Прыклад прывёў вытворца зенітных ўстановак «Piorun». Гаворыць прадстаўнік фірмы Януш Нога.

- Спачатку мы стварылі патэнцыял, каб вырабляць 300 установак, за год нам удалося павялічыць нашы магчымасці вырабу прадукту ў тру разы. Гэта патрабавала ад нас пашырэнне  персаналу і разбудовы вытворчых здольнасцяў. Гэта не проста. Падрыхтоўка інжынера патрабуе некалькі год, рабочых – некалькі месяцаў. На дадзены момант мы маем магчымасць у супрацоўніцтве з партнёрамі выпускаць каля 2 тысяч установак у год.

Разам з тым плённае супрацоўніцтва ў абароннай сферы пакуль абцяжаранае тым фактам, што ў ім бяруць удзел мноства краін, дзейнічаюць розныя стандарты, адлегласць паміж Еўропай ды Амерыкай. Аднак для Польшчы як прыфрантавой краіны паляпшэнне супрацоўніцтва асабліва важна, зазначыў кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Яцэк Сівера.

- На жаль дэкларацыі ды намеры не заўсёды ў ЕС суправаджаюцца рэалізацыяй. Добры прыклад тут ініцыятыва супольнай супраць паветранай абароны European Sky Shield. ЕС не змог выпрацаваць адзіны механізм рэагавання на эпідэмію, і парушэнне маршрутаў паставак ды лагістычных ланцугоў, таксама адсутнічае адзіны ваенны стандарт у ЕС для ўзбраення, амуніцыі і так далей. Еўропа не змагла павялічыць маштабы вырабу ваеннай прадукцыі, застыўшы ў дыскусіях, які выбраць калібр, беручы пад увагу магчымасці вытворчасці. Трэба засяродзіцца на тым, што ёсць выкарыстоўваючы існуючыя напрацоўкі. Як, напрыклад, польскія радары выкрывання паветраных пагроз з боку праціўніка «Вісла», якія маюць выдатныя характарыстыкі. Павінен быць сапраўдны еўрапейскі падыход. Такія праекты будуць падтрыманыя галоўнакамандуючым.

Пакуль жа Польшча інтэнсіўна развівае сваю вайсковую прамысловасць. Гэта адбываецца дзякуючы міжнароднай супрацы (у тым ліку з Карэяй), падтрымцы з боку Міністэрства нацыянальнай абароны для дзяржаўных вайсковых заводаў, і пашырэнню супрацоўніцтва з прыватным сектарам. На дадзены момант адной з найважнейшых мэта вызначаны выраб боепрыпасаў цалкам у Польшчы.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч