Беларуская Служба

У Расіі затрымалі жанчыну, якая трымала ў рабстве групу грамадзян Беларусі

08.05.2024 17:30
Затрыманая жанчына – жыхарка Балашыхі – горада ў цэнтры Маскоўскай вобласці.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:jhusemannde/pixabay.com/CC0 Public Domain

У Расіі ў Падмаскоўі затрымалі жанчыну, якая трымала ў рабстве шасцярых грамадзян Беларусі. Яна прымушала іх працаваць прафесійнымі жабракамі, паведамляе «Еўрарадыё» са спасылкай на ТАСС.

Затрыманая жанчына – жыхарка Балашыхігорада ў цэнтры Маскоўскай вобласці. Беларусаў яна ўтрымлівала ў кватэры, забрала ў іх дакументы і мабільныя тэлефоны, ужывала ў дачыненні да іх фізічны і псіхалагічны гвалт.

Падчас ператрусаў паліцыя канфіскавала шыльды, на якіх напісаныя просьбы аб дапамозе, грашовыя сродкі, пашпарты, смартфоны, банкаўскія карты. Супраць зламысніцы распачатая крымінальная справа, ёй пагражае да 10 гадоў калоніі.

Пра тое, што ў Падмаскоўі з працоўнага рабства вызвалілі грамадзян Беларусі, стала вядома ў красавіку.

Ім дапамаглі валанцёры, якія прыйшлі з паліцыяй. Але справу аб выкарыстанні рабскай працы пачалі толькі цяпер.