9 траўня падчас сумеснай прэс-канферэнцыі з прэзідэнткай Еўрапейскага парламента Рабертай Метсолай у Кіеве прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што, на ягоную думку, пашырэнне Еўрасаюза павінна выходзіць за межы спісу дзяржаў, якія ўжо маюць статус кандыдата ў ЕС, і ўключаць Беларусь.
Зяленскі падкрэсліў, што Украіна чакае крокаў ад ЕС, неабходных, каб пачаліся перамовы аб яе далучэнні, але пашырэнне павінна датычыцца і іншых еўрапейскіх дзяржаў.
«Мы выканалі ўсе ўмовы, каб у чэрвені была зацверджаная перамоўная база і сапраўды пачаліся перамовы аб далучэнні Украіны да ЕС. Не менш важна, каб еўрапейскае адзінства сапраўды працавала для іншых народаў, якія заслугоўваюць быць у Еўрасаюзе, каб яны таксама рэалізавалі свой кандыдацкі статус», — сказаў Зяленскі.
Прэзідэнт Украіны акрэсліў спіс дзяржаў, якія ён бачыць часткай будучага Еўрасаюза.
«Еўропа — гэта і Балканы, і Малдова, і абавязкова будзе Дзень Еўропы для Грузіі і Дзень Еўропы для Беларусі», — сказаў ён, упершыню агучыўшы бачанне Украіны адносна будучага ўступлення Беларусі ў ЕС.
Зяленскі таксама дадаў, што такую пазіцыю падзяляюць прадстаўнікі Еўрапарламента. «Усё гэта ўжо адлюстравана ў пазіцыях Еўрапарламента, і вельмі важна ўсё гэта рэалізаваць», — падкрэсліў Зяленскі.
pravda.com.ua/вх