Беларуская Служба

Першы самалёт ранняга папярэджання Saab 340 AEW прыбудзе ў Польшчу цягам месяца

03.02.2024 08:02
Дзякуючы гэтаму Польшча ўвойдзе ў элітарны клуб краін, якія маюць на ўзбраенні самалёты такога тыпу - польскі генерал. 
      Saab 340 AEW
Самалёт дальняга радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання Saab 340 AEW ВПС Польшчыкрыніца: канцэрн Saab

Першы шведскі самалёт дальняга радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання Saab 340 AEW прыбудзе ў Польшчу ў канцы лютага, на пачатку сакавіка. Пра гэта паведаміў начальнік Агенцтва ўзбраення Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы брыгадны генерал Артур Куптэль. Высокапастаўлены афіцэр падкрэсліў, што дзякуючы гэтаму Польшча ўвойдзе ў элітарны клуб краін, якія маюць на ўзбраенні самалёты такога тыпу. Генерал Куптэль дадаў, што пасля ўвядзення ў эксплуатацыю машын «польскае неба будзе больш бяспечным».

Начальнік Агенцтва ўзбраення таксама паведаміў, што ў канцы бягучага года Польшча атрымае першыя восем з 96 замоўленых ударных верталётаў AH-64 Apache амерыканскай вытворчасці.

Польшча падпісала кантракт са шведскім канцэрнам Saab аб набыцці двух самалётаў у ліпені мінулага года. Сума кантракту складае больш за 53 млн 300 тыс. еўра. У будучыні Варшава не выключае набыцця вышэйшых па класу такога тыпу самалётаў.

Самалёт дальняга радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання Saab 340 AEW выпускаецца з 1994 года. Вайсковая машына вырабляецца на базе пасажырскага самалёту Saab 340, на якой устаноўлены сучасны радар Ericsson PS-890 Erieye.

Акрамя Швецыі, паветраныя машыны згаданага тыпу служаць у ВПС Грэцыі, Тайланда, Пакістана і Саудаўскай Аравіі, а раней выкарыстоўваліся ў арміі Грэцыі і ААЭ.

вс