Беларуская Служба

Сёння апошні дзень падачы падатковых дэкларацый за 2023 г.

30.04.2024 13:13
Летась амаль 90% падаткаплацельшчыкаў скарысталіся магчымасцю падачы дэкларацый праз Інтэрнэт.
Ілюстрацыйнае фотаImage by FlyFin Inc from Pixabay/CC0

30 красавіка - гэта апошні дзень падачы падатковых дэкларацый (PIT) у Польшчы.

Дэкларацыю аб разліку падаткаў за мінулы год можна аформіць у сядзібе падатковай службы, на пошце, але прасцей за ўсё зрабіць гэта праз інтэрнэт: «Прапаную скарыстацца сэрвісам «Twój e-PIT», там ужо ёсць загадзя падрыхтаваная дэкларацыя. Усё, што вам трэба зрабіць, гэта праверыць дадзеныя, змяніць альбо прыняць зніжкі ды адлічэнні. Калі падаткаплацельшчык самастойна не падасць дэкларацыю PIT37 і PIT38 за 2023 год, яна будзе аўтаматычна пададзена сёння а 24:00», кажа малодшы аспірант Юстына Пасечынска, прэс-сакратар старшыні Нацыянальнай падатковай адміністрацыі.

Выключэннем з'яўляюцца выпадкі, калі мы ўносім змены ў сваю падатковую дэкларацыю: «Калі падаткаплацельшчык уносіць змены ў дэкларацыю ў сэрвісе «Twój e-PIT», мы павінны зацвердзіць і адправіць падатковую дэкларацыю. У гэтым выпадку дэкларацыя пасля ўнясення змяненняў не будзе аўтаматычна прынята, таму важна, каб даслаць канчатковую даклярацыю», — дадае Юстына Пасечыньска.

Прэс-сакратар кіраўніка Нацыянальнай падатковай адміністрацыі таксама паведаміла, што сёння падатковая будзе працаваць даўжэй. «Сёння падатковыя інспекцыі, за выключэннем спецыялізаваных, будуць працаваць да 18.00, дэкларацыі можна будзе падаць і на папяровым носьбіце. У выпадку, калі дэкларацыі адпраўляюцца па пошце, па даце паштовага штэмпеля вызначаецца, ці выкананы тэрмін падачы», зазначыла чыноўніца.

Даследаванне, праведзенае летась, сведчыць, што большасць палякаў не цягнуць да апошняй хвіліны з падачай падаткавых дэкларацый. 37 працэнтаў падаткаплатнікаў падаюць падатковую дэкларацыю ўжо ў лютым, 43 працэнты робяць гэта ў сакавіку. Амаль 90% падаткаплацельшчыкаў скарысталіся магчымасцю падачы праз Інтэрнэт.

ПР/юл