Дарэчы, назва збройнага чыну адрозніваецца ў розных краінах. Так, у Расіі яго называюць Другім польскім паўстаннем альбо мяцяжом, а ў Беларусі таксама функцыянуе пад назвай паўстанне Кастуся Каліноўскага. Як вядома, таму, што гэта менавіта Каліноўскі яго ўзначаліў на беларускіх землях.
Паўстанне мела месца на частцы тэрыторый, якія некалі ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай. Збройны чын быў накіраваны супраць Расійскай Імперыі, якая ў канцы 18-га стагоддзя захапіла гэтыя землі, і за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 года. Пазней паўстанне пачало мець сацыяльны і нацыянальны характар, бо ж нездарма паролем для вызначэння прыхільнікаў было пытанне:
- «Каго любіш?»
- «Люблю Беларусь».
- «То, узаемна».
У польскіх і беларуска-літоўскіх губернях царскай імперыі рэвалюцыйная сітуацыя абвастралася не толькі аграрна-сялянскім, але і нацыянальным пытаннем, і найперш – уздымам польскага нацыянальна-вызвольнага руху, мэтай якога, як згадвалася, было аднаўленне незалежнай польскай дзяржавы ў межах Рэчы Паспалітай 1772 года. Potyczka podczas powstania styczniowego
Прафесар гістарычных навук з Беластоцкага ўніверсітэту Алег Латышонак звяртае ўвагу, што першапачаткова нацыянальны беларускі элемент збройнага чыну не быў відавочным.
- Многім беларусам можа не спадабацца тое, што я скажу, але на мой погляд – гэта было польскае паўстанне. Так яго называлі расіяне, і такой была сутнасць паўстання. І свой цэнтр паўстанне мела ў Польскім Царстве. Таму з навуковага пункту гледжання гаварыць пра гэтае паўстанне як выключна беларускае – гэта не адпавядае гістарычнай праўдзе.
Пры гэтым прафесар Латышонак падкрэслівае, што пазней адбылася эвалюцыя поглядаў паўстанцаў, у тым ліку і Кастуся Каліноўскага.
- У першых нумарах «Мужыцкай праўды» не было нічога пра нейкую нацыянальнасць, пра нейкіх беларусаў. Я б гэта назваў польскай прапагандай на беларускай мове. Але пазней Каліноўскі прыходзіць да высновы, што і ён, і яго народ – гэта беларуская нацыя. І звяртаецца да мужыкоў на беларускай мове, да сваёй нявесты таксама піша па-беларуску. Ніхто не будзе пісаць перад смерцю сваёй каханай жанчыне на чужой мове!
Ваенныя сілы паўстанцаў у Паўночна-Заходнім краі, як царскі рэжым называў беларускія землі, расіяне ацэньвалі на 68-77 тыс. чалавек. Паўстанцкія атрады здолелі правесці ў Беларусі і Літве 237 баёў з царскімі карнікамі.
Artur Grottger, Rok 1863 - Pożegnanie, 1866, Muzeum Narodowe w Krakowie
На Гродзеншчыне ваенныя дзеянні былі значна большымі, чым у іншых раёнах Беларусі. Тут таксама актыўнейшы ўдзел прымалі сяляне, што тлумачыцца ўмелай прапагандай паўстанцаў пад кіраўніцтвам Каліноўскага, а таксама значна большым працэнтам католікаў.
Кіраўнік паўстання ў Беларусі і Літве Кастусь Каліноўскі быў арыштаваны ў ноч на 29 студзеня 1864 года.
Jan Matejko, Polonia 1863 (Zakuwana Polska), 1864, Muzeum Narodowe w Krakowie
Паўстанне 1863-1864 гадоў выклікала вялікі грамадскі рэзананс у тагачаснай Расіі і, між іншым, прыцягнула ўвагу грамадства да Беларусі як да з’явы з гістарычнымі каранямі, адкрыла «беларускае пытанне» і зрабіла яго адной з найважнейшых тэм даследаванняў.
Паўстанне было канчаткова падаўленае восенню 1864 года.
У чарговую гадавіну пачатку паўстання ў Польшчы адбудуцца розныя прынагодныя мерапрыемствы. У прыватнасці, грамадскую акцыю рыхтуе Фонд 1863.PL. Яна заключаецца ў тым, што ў эфіры польскіх радыёстанцый будзе зачытаны гістарычны маніфест Нацыянальнага ўраду з 22 студзеня 1864 года. Акцыя называецца «Памятайма 22 студзеня».
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл