Беларуская Служба

105 гадоў таму Пілсудскі падпісаў загад аб уключэнні ў шэрагі Войска Польскага ўсіх ветэранаў Паўстання 1863-1864 гадоў (ФОТА)

27.01.2024 07:02
Паўстанцы таксама атрымалі пажыццёвыя спецыяльныя ветэранскія пенсіі.
Аўдыё
  • 105 гадоў таму Пілсудскі падпісаў загад аб уключэнні ў шэрагі Войска Польскага ўсіх ветэранаў Паўстання 1863-1864 гадоў
  1863-1864 ..     .  1932
Удзельнікі Паўстання 1863-1864 г.г. у доме ветэрана ў Кракаве. Студзень 1932 года Narodowe Archiwum Cyfrowe

Роўна праз 56 гадоў пасля пачатку паўстання, 21 студзеня 1919 года, Юзэф Пілсудскі, які ў той час стаяў на чале маладой польскай дзяржавы і арміі, падпісаў загад аб уганараванні паўстанцаў. Нагадаем, збройны чын, які ў польскай гістарыяграфіі называецца Студзеньскім паўстаннем, пачаўся 22 студзеня 1863 года.

Пасля таго, як Польшча зноўку стала незалежнай краінай у 1918 годзе пасля 123 гадоў няволі, студзеньскія паўстанцы былі ў вялікай пашане. Маладому пакаленню іх ставілі ў прыклад як адважных патрыётаў, якія змагаліся за незалежнасць краіны.

Паўстанец Людвік Навакоўскі ў студыі Польскага радыё. 1939 год Паўстанец Людвік Навакоўскі ў студыі Польскага радыё. 1939 год

Неўзабаве пасля падпісання Пілсудскім загаду Сейм Польшчы прыняў спецыяльны закон, на моцы якога паўстанцы атрымалі пажыццёвыя пенсіі. Усім ветэранам, удзельнікам паўстання, было таксама прысвоенае званне падпаручніка Войска Польскага. У 1919 годзе, калі адбываліся гэтыя падзеі, у Польшчы пражывала 4 тыс. 500 паўстанцаў збройнага чыну 1863-1864 гадоў. Але ўжо ў 1939 годзе, калі пачалася Другая сусветная вайна, ужывых засталося толькі 52 ветэраны паўстання.

Паўстанцы на фоне Кракава. Жнівень 1939 года Паўстанцы на фоне Кракава. Жнівень 1939 года

Юзэф Пілсудскі, які сам быў рэвалюцыянерам і ўсё сваё дарослае жыццё да вяртання Польшчай незалежнасці змагаўся з царскім рэжымам, меў вялікі сентымент да ўдзельнікаў Студзеньскага паўстання. 22 студзеня 1922 года, у чарговую гадавіну пачатку паўстання, маршал Пілсудскі ўзнагародзіў кожнага паўстанца Сярэбраным крыжам Ордэну Virtuti Militari – найвышэйшай ваеннай узнагародай Польшчы. Акрамя таго, ветэраны атрымалі права нашэння мундзіраў. І не звычайных, а гістарычных, якія былі пашытыя спецыяльна для іх за кошт дзяржавы. Калі недзе адбывалася дзяржаўная альбо патрыятычная ўрачыстасць, то арганізатары лічылі справай гонару запрасіць студзеньскага паўстанца на мерапрыемства.

У міжваенны перыяд у Польшчы ветэраны паўстання былі сімвалам змагання за айчыну. У 20-30-х гадах мінулага стагоддзя змяніўся таксама погляд на паўстанне – яно атаясамлівалася не толькі з барацьбой супраць захопнікаў, але і як пачатак стварэння падпольных структур дзяржавы, якой тады не было на палітычных картах Еўропы.

Дарэчы, сам Юзэф Пілсудскі казаў, што на прыкладзе ветэранаў Студзеньскага паўстання маладое пакаленне вучыцца патрыятызму. Маршал гаварыў, што, праўда, тады не ўдалося са зброяй у руках адстаяць незалежнасць дзяржавы, але наступныя пакаленні, якія бралі прыклад з паўстанцаў, змагаліся за сваю краіну, і ў 1918 годзе могуць казаць, што жывуць у свабоднай Польшчы.

Паўстанцы падчас сустрэчы з чыноўнікамі і афіцэрамі. 1939 год Паўстанцы падчас сустрэчы з чыноўнікамі і афіцэрамі. 1939 год

Студзеньскія паўстанцы аб’ядноўваліся ў розных арганізацыях, а найбольшай і найбольш уплывовай было Таварыства ўзаемадапамогі ўдзельнікам паўстання 1863 года. Ветэраны сустракаліся з салдатамі Войска Польскага, вучнямі, студэнтамі і расказвалі пра паўстанне ды пра тое, што такое патрыятызм і змаганне за радзіму. Некаторыя польскія гісторыкі сцвярджаюць, што менавіта культ паўстанцаў і іх сустрэчы з моладдзю аказалі ўплыў на тое, што шматлікія маладыя людзі падчас Другой сусветнай вайны ўзялі зброю ў рукі і сталі на абарону радзімы ад захопнікаў.

Валеры Саўко

слухайце аўдыйфайл

фота: Narodowe Archiwum Cyfrowe 


Больш на гэтую тэму: Машына часу