Беларуская Служба

Кожны гатунак у прыродзе патрэбны для раўнавагі. Птушкі не выключэнне

23.02.2024 14:46
Стан птушак у Еўропе, як у сельскіх, так і гарадскіх мясцовасцях, выклікае трывогу.
Аўдыё
  • Кожны гатунак у прыродзе патрэбны для раўнавагі. Птушкі не выключэнне
СініцаMabelAmber/pixabay.com/CC0

Паміж 1986 і 2016 гадамі колькасць птушак у Еўропе зменшылася прыкладна на ¼. Паводле навукоўцаў, галоўную адказнасць за гэта нясе сельская гаспадарка, развіццё ўрбанізацыі і рост глабальнай тэмпературы.

Калі змяншаецца колькасць якога-колечы жывога арганізму, для чалавека гэта заўсёды трывожная інфармацыя, паколькі ўсе мы з’яўляемся часткай прыроды. Змяншэнне колькасці ці то птушак, ці то пчолаў, уплывае на чалавека непасрэдна. Раней ці пазней чалавецтва адчуе ўплыў змяншэння колькасці птушак, кажа Моніка Клімовіч-Каміноўска з Польскага таварыства аховы птушак.

Адмысловец кажа, што ў найгоршай сітуацыі знаходзяцца птушкі, натуральнае асяроддзе якіх месціцца ў сельскагаспадарчых мясцовасцях:

-Галоўныя прычыны – змена спосабу вядзення гаспадаркі ў вёсцы. Гэта ўжо не асобныя палі, падзеленыя ўмоўнай мяжой з зараснікамі, а вялікія палі монакультур, у Польшчы кукурузы і рапсу. Па-першае, яны не даюць птушкам адпаведнага сховішча, па-другое, там няма адпаведна збалансаванага корму для птушак, і, па-трэцяе, там ужываецца вялікая колькасць сродкаў абароны ад насякомых, што таксама пазбаўляе птушак корму. Чым менш насякомых, тым цяжэй пракарміць патомства. У выніку птушаняты гінуць, ці птушкі нават свядома адмаўляюцца ад патомства, ведаючы, што не пракормяць дзяцей.

Моніка Клімовіч-Каміноўска звяртае ўвагу, што птушкі здольныя дастасоўваць свае звычкі да ўмоваў, якія пануюць у свеце. Памятаючы, што ў мінулым годзе не было дастатковай колькасці ежы, птушкі свядома складаюць менш яек, ці цалкам адмаўляюцца ад іх.

Крыху інакш сітуацыя выглядае з гарадскімі птушкамі. Моніка Клімовіч-Каміноўска гаворыць, што мяняецца гатунковы склад птушак. Паяўляюцца гатункі, якіх раней у гарадах не было. Гэта, напрыклад, крумкачовыя.

-Іх прысутнасць у нашых гарадах дастаткова свежая. Гэта апошнія 30-40 гадоў. Яны вырашылі, што горад з’яўляецца больш бяспечным месцам для жыцця, чым палі і лясы. Тут менш драпежнікаў, тут цяплей, асабліва гэта важна ў зімовыя месяцы, тут значна прасцей знайсці ежу, напрыклад, у сметніцах. З іншага боку, ёсць гатункі, якія пацярпелі ў выніку тэрмамадэрнізацыі нашых гарадоў, то бок ад затыкання ўсіх магчымых адтулін у будынках. Я маю на ўвазе вераб’ёў. Іх колькасць рэзка зменшылася не толькі ў Польшчы, але і ў цэлай Еўропе, – расказвае Моніка Клімовіч-Каміноўска.

Чарговым элементам, якога перастала хапаць вераб’ям, з’яўляецца старое кустоўе і старыя дрэвы, дзе вераб’і любяць хавацца.

Адной з прычын змен сярод птушак з’яўляецца глабальны рост тэмпературы. З аднаго боку, ёсць птушкі, якім рост тэмпературы адпавядае, у выніку павялічылася колькасць месцаў іх пражывання. Моніка Клімовіч-Каміноўска прыводзіць у прыклад шчурку-пчалаеда:

-Польшча з’яўляецца паўночная мяжой прыбывання многіх гатункаў птушак. То бок далей, над Польшчай, іх няма. Некалькі гадоў таму шчурка-пчалаед у Польшчы была вялікай сенсацыяй, іх было толькі некалькі дзясяткаў пар у цэлай краіне. Цяпер шчурка настолькі добра адчувае сябе ў Польшчы, што гэтых пар, верагодна, ёсць больш за тысячу. З іншага боку, ёсць гатункі птушак, якія з-за ацяплення клімату перасталі міграваць. Нашыя гракі, галкі і шэрыя вароны перасталі лятаць у вырай, яны стала жывуць у Польшчы, але гэтыя ж гатункі з Поўначы надалей да нас прылятаюць. І можа здарыцца сітуацыя, што іх стане зашмат. Можа здарыцца пэўны канфлікт, напрыклад, харчовы.

Здараецца сітуацыя, калі птушкі не адлятаюць у цёплыя краі, паколькі разлічваюць на цёплую зіму, а тут раптоўна прыходзіць моцны мароз, а птушкі апынаюцца ў небяспецы, слабейшыя асобнікі гінуць.

Эвалюцыя не стаіць на месцы, таму пэўныя прыстасаванні наступяць, але для гэтага патрэбны час, гаворыць Моніка Клімовіч-Каміноўска:

-Ужо цяпер гаворыцца, што птушкі з-за змен клімату змяншаюць сваю вагу, іх дзюбы становяцца даўжэйшымі, мяняецца форма крылаў. Таму ў пэўнай ступені птушкі прыстасуюцца, эвалюцыя ім дапаможа. Адначасова трэба ведаць, што ў выніку зменаў клімату некаторыя гатункі знікнуць. Гэта гатункі, колькасць якіх невялікая, ці тыя, для жыцця якім патрэбныя спецыфічныя ўмовы, напрыклад, водна-балотныя птушкі. Вельмі верагодна, што з некаторымі гатункамі птушак нам прыйдзецца развітацца.

З іншага боку, могуць паявіцца іншыя, і гэта нармальная справа, гаворыць экспертка. У сваю чаргу маштаб вымірання гатункаў у нашыя часы носіць назву шостага вялікага вымірання. Гаворка не толькі пра птушак, але і пра жывёлы, і пра расліны.

Кожны гатунак у прыродзе патрэбны для раўнавагі. Птушкі не выключэнне. Адна з ключавых роляў птушак – рэгуляванне колькасці насякомых. Можна ўзяць прыклад вялікай сініцы. Гэтая птушка прыводзіць патомства некалькі разоў у год, аднаразова нават больш за дзесяць птушанят. Сям’я сініц за сезон здольная з’есці 75 кг насякомых. Калі знікне адна сям’я сініц, то нічога не станецца. Але калі знікне 100 сем'яў сініц, то праблема можа быць адчувальнай.

ав

слухайце аўдыё


Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце

Кармленне птушак: якіх памылак нельга рабіць

22.12.2023 08:02
Неабходна памятаць, што калі мы пачалі карміць птушак, то трэба рабіць гэта ўсю зіму.

Некаторых гатункаў птушак у гарадах становіцца ўсё менш, іншых наадварот больш

29.12.2023 08:02
Якія прычыны гэтай з'явы?