Сусветны дзень дзікай прыроды быў заснаваны Генеральнай Асамблеяй ААН 20 снежня 2014 года ў гонар багацця дзікай прыроды ў свеце. Упершыню яго адзначылі ў 2015 годзе. Гэтая дата невыпадковая – у гэты дзень у 1973 годзе быў прыняты тэкст Канвенцыі аб міжнародным гандлі відамі дзікай фаўны і флоры, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення (CITES).
Аднак, каб паназіраць за дзікай прыродай, неабавязкова трэба ехаць у іншую краіну, а нават іншы горад. Дзікая прырода можа быць зусім побач з кожным з нас.
Госць Польскага радыё здымае жыццё жывёлы ў лесе і дзеліцца сваім досведам з гледачамі на Ютуб-канале «Лясны кавалер» (Leśny kawaler). «Я стаю на баку прыроды» – гэта лейтматыў Давіда Папоньчыка, які прыроду і дзікіх жывёл кахае з дзяцінства. Ужо нейкі час ён дзеліцца поспехамі свайго кахання з гледачамі на Ютубе, а гледачы дзякуючы яму могуць сачыць за сакрэтным жыццём дзікіх жывёл.
Давід Папоньчык усталёўвае ў лесе фотапасткі, таксама сам здымае відэа на камеру, а з запісанага відэа мантуе фільмы і выкладае іх у агульны доступ. Ён расказвае, як выглядае яго праца:
-Перад усім трэба ведаць лес і ведаць гэтых дзікіх жывёл. Кожная жывёла з’яўляецца выключнай, кожная з іх мае свой непаўторны характар. Калі я знаёмлюся з гэтымі жывёламі ўжо з моманту іх нараджэння, то ведаю, якія яны. Некаторыя з іх сур’ёзныя, закрытыя ў сабе. Іншыя хочуць стала адкрываць свет, любяць забаву. Дзякуючы гэтаму я выбіраю месцы, дзе хачу рабіць запіс. Большасць фільмаў узнікае дзякуючы камерам, якія ўключаюць запіс, калі адчуюць рух. Аднак здараецца, што я там прысутнічаю асабіста і запісваю на камеру. Гэта магчыма дзякуючы таму, што я ведаю жывёлу, ведаю месцы, дзе яны любяць быць, ведаю нават а якой гадзіне я магу іх чакаць. Я іх ведаю, а яны мне давяраюць, ведаюць, што я не пакрыўджу іх.
Давід Папоньчык праводзіць у сваім лесе па тры дні ў тыдзень і так на працягу амаль 20 гадоў. Натураліст расказвае, што жывёлы на столькі да яго прызвычаілі, што лічаць яго нейтральным. Дзякуючы гэтаму ён можа запісваць сапраўдныя натуральныя паводзіны лясной жывёлы.
-Жывёлы асаблівым чынам засяроджваюцца на пахах. Дзякуючы паху яны ў стане вельмі хутка лакалізаваць пагрозу. Жывёлы вельмі баяцца чалавека, але з перспектывы гэтых дзясяткаў гадоў, якія я праводжу ў лесе, жывёлы вывучылі мой пах і яны ведаюць, што я не ўяўляю для іх пагрозы. Калі са мной у лес прыходзіць нехта іншы, то гэтыя жывёлы аўтаматычна становяцца больш падазронымі. Таму больш за ўсё адбываецца, калі я ў лесе адзін, тады яны адчуваюць адзін пах. Цікава, што калі я бываю ў лесе прастуджаны, а пах чалавека падчас прастуды мяняецца, то жывёлы адразу ведаюць, што нешта не так. Яны глядзяць мне ў твар і часамі здараецца так, што яны ў стане мяне пазнаць. Аднак у першую чаргу яны базуюцца на пахах, гэта яны тут галоўныя, – расказвае Давід Папоньчык.
Ён рэгулярна чуе пытанне, ці ён у лесе вымушаны маскавацца. Зазвычай слухачы здзіўляюцца, калі чуюць, што натураліст ходзіць у лес у звычайнай вопратцы:
-У не мушу маскавацца. І гэта сапраўды незвычайна, што я здабыў у гэтых жывёл такі давер, што яны ставяцца да мяне як да свайго. Вядома, я не падыду на адлегласць пяці метраў, бо жывёлы маюць сваю бяспечную адлегласць. Усё ж я магу зрабіць у гэтым лесе нашмат больш, чым іншыя. Я вельмі рады, што не мушу хавацца, каб зрабіць відэа ці здымкі. Так было раней, калі я быў маладзейшы. У мяне былі свае хованкі на дрэвах, у зарасніках. З пакалення на пакаленне жывёлы да мяне прызвычайваліся і я перастаў хавацца. Я магу стаяць апіраючыся на дрэва і запісваць гэтае незвычайнае жыццё ў лесе.
Гітом канала «Лясны кавалер» стала відэа пра трохногага дзіка, які гадамі жыве ў лесе, а ваўкі, якія жывуць побач, дагэтуль ім не зацікавіліся. Давід Папоньчык у сваіх фільмах паказвае, як розныя гатункі здольныя жыць у адным лесе, не перашкаджаючы адзін адному. Госць Польскага радыё кажа, што менавіта гэта з’яўляецца незвычайным сапраўдным абліччам прыроды:
-Многія гатункі могуць суіснаваць не толькі ў адным лесе, але і ў тым жа самым месцы. Я шмат разоў даказаў, што там, дзе ёсць дзік без адной нагі, там можа знаходзіцца цэлая сям’я ваўкоў, восем асобнікаў, якія на працягу двух гадоў нічога гэтаму дзіку не зрабілі. Цікава, што гэтая сям’я ваўкоў мае ў сваім складзе ваўчыцу, у якой таксама няма адной канечнасці. Гэта неверагодныя рэчы, якія нават можна вывучаць дзякуючы такім запісам. Я стаўлю тэзу, можа яна празмерна адважная, што ваўкі не з’елі гэтага дзіка паколькі ведаюць на сваім прыкладзе, як такому члену сям’і цяжка. У іх была не адна магчымасць з’есці яго. Дзік без адной нагі не ўцёк бы, быў бы без шанцаў. Мы можам адкрываць, на колькі свет прыроды з’яўляецца цудоўным. Прырода – гэта не толькі брутальнасць, але таксама прыгожыя моманты і незвычайныя гісторыі.
Давід Папоньчык перакананы, што польская прырода – цудоўная і незвычайная. Многія не ведаюць, што каб паназіраць за дзікай прыродай не абавязкова ехаць далёка. Яна можа быць зусім блізка.
Агнешка Кунікоўска/ав
слухайце аўдыё