Беларуская Служба

Яго звалі «польскім Стывенсанам» – інжынерны геній і канструктар парамабіля Юзэф Божэк (ВІДЭА)

22.03.2024 06:03
Яго парамабіль быў другім альбо трэцім у свеце, стаўшы сенсацыяй у Празе, дзе жыў Юзэф Божэк. 
Аўдыё
  • Яго звалі «польскім Стывенсанам» – інжынерны геній і канструктар парамабіля Юзэф Божэк
  . , 1890
Парамабіль Юзэфа Божэка. Графіка, 1890 год commons.wikimedia.org/CC BY-SA 4.0

Сёння ў гістарычнай рубрыцы раскажам пра чалавека, які быў адным з найбольшых вынаходнікаў пачатку 19-га стагоддзя. Яго звалі Юзэф Божэк. Інжынер нарадзіўся ў рэгіёне Сілезія на польска-чэшскім памежжы. А вядомасць Божэк атрымаў перш за ўсё дзякуючы стварэнню паравых машын.

У літаратуры Божэка называюць «польскім Стывенсанам», «сілезскім Стывенсанам», «чэшскім Стывенсанам» альбо «польска-чэшскім Стывенсанам». Такое акрэсленне канструктара невыпадковае, таму што ён нарадзіўся ў 1782 годзе ў адной з вёсак у цяперашнім Сілезскім ваяводстве Польшчы, але ў рэгіёне з моцным чэшскім уплывам. Тады гэтая тэрыторыя ўваходзіла ў вялізную манархію Габсбургаў. А па-другое, ён шмат энергіі аддаў стварэнню паравых машын, гэтак, як і Джордж Стывенсан – вынаходнік паравоза.

Юзэф Божэк. Прыкладна 1836 год    крыніца: commons.wikimedia.org/public domain
Юзэф Божэк. Прыкладна 1836 год крыніца: commons.wikimedia.org/public domain

Дарэчы, Юзэф Божэк паходзіў са звычайнай сям’і – яго бацька быў млынаром, а маці займалася домам. У Цешыне, невялікім горадзе на мяжы з Чэхіяй, ён закончыў гімназію, а пазней, дзякуючы дапамозе аднаго з ксяндзоў, накіраваўся на далейшую вучобу ў Чэхію. Малады чалавек вывучаў механіку і матэматыку ў горадзе Брно, а пазней – філасофія ў Празе. Дарэчы, менавіта ў Празе ён пачаў працаваць над сваімі першымі распрацоўкамі. Распавядае гісторык Пётр Зажыцкі.

- Ён, для прыкладу, вынайшаў машыну для падстрыгу сунка, таму што падчас вытворчасці заставаліся фрагменты матэрыялу і іх трэбы было абразаць. Божэк таксама сканструяваў аўтаматычны ткацкі станок і распрацаваў, хоць не вырабіў, стартавую карабельную катапульту. Многія лічаць, што менавіта ён вынайшаў прататып катапульты, якія цяпер масава выкарыстоўваюцца на авіяносцах. Акрамя таго, Божэк – вынаходнік збожжавага элеватара і новай мадэлі ручной пілы.

Але найбольш вядомым Божэк стаў дзякуючы распрацоўцы і вытворчасці пратэзаў. Гэта быў перыяд напалеонаўскіх войнаў, у многіх салдат і афіцэраў былі ампутаваныя канечнасці. Так, у 1814 годзе ён зрабіў для расійскага афіцэра пратэз рукі, дзякуючы якому вайсковец мог нават пісаць. Гісторыкі мяркуюць, што цягам жыцця Юзэф Божэк вырабіў некалькі сот тысяч пратэзаў. У тыя часы яго пратэзы былі найбольш дасканалымі ў Еўропе, а, магчыма, і на свеце.

Дарэчы, іншаму расійскаму афіцэру, які ў гістарычных крыніцах з’яўляецца пад прозвішчам Данілюк, Божэк зрабіў пратэзы двух ног. Данілюку ампутавалі ніжнія канечнасці ў выніку ранення, атрыманага ў бітве каля Дрэздэна. Пратэзы былі настолькі ідэальнымі, што афіцэр мог ездзіць вярхом і падымацца па сходах без кастылёў.

У пэўны момант свайго жыцця і тэхнічнай дзейнасці Юзэф Божэк зацікавіўся паравымі рухавікамі. Ён стаў адным з еўрапейскіх першапраходцаў у гэтай новай галіне інжынернай справы, кажа Пётр Зажыцкі. 

- У пэўны момант Божэк пачаў займацца паравымі рухавікамі. Ён быў бадай што першым палякам, які пабудаваў парамабіль – транспартны сродак з парарухавіком, які ездзіў па вуліцах Прагі. Зразумела, што гэта стала вялізнай сенсацыяй у горадзе! Сродак польскага інжынера быў другім альбо трэцім, пабудаваным у свеце. Ён настолькі зацікавіўся тэмай паравога рухавіка, што вырашыў стварыць невялікі параход, чаго ў свеце яшчэ не было. Параход быў пабудаваны ў 1817 годзе.

Для таго, каб пабудаваць судна, ён узяў пазыку, а грошы збіраўся вярнуць пасля таго, як інвестыцыя акупіцца. Юзэф Божэк планаваў перавозіць пасажыраў на камерцыйнай аснове. Але ў дзень, калі судна мела адправіцца ў першы рэйс, на ім пачаўся пажар. Некаторыя гісторыкі мяркуюць, што параход быў знішчаны агнём у выніку падпалу мясцовымі рачнымі перавозчыкамі, якія апасаліся, што вынаходніцтва Божэка пазбавіць іх працы. Больш за тое, грошы, выручаныя з продажу білетаў на першы рэйс, нехта скраў. Для інжынера гэта быў агромны ўдар! Юзэф Божэк звар’яцеў і знішчыў усе свае вынаходніцтвы і праекты – агулам 29. Ён памёр заўчасна ў бядоце.

Польска-чэшскі інжынер і канструктар Божэк, – канешне, ён быў палякам, але працаваў у Чэхіі, – быў адным з найбуйнейшых еўрапейскіх вынаходнікаў свайго часу, а яго працы, некаторыя цяпер крыху прызабытыя, выкарыстоўваюцца па сённяшні дзень.

Сказаў гісторык Пётр Зажыцкі.

Рэпліка парамабіля Божэка, вырабленая ў сучаснасці   крыніца: commons.wikimedia.org/Postrach/public domain
Рэпліка парамабіля Божэка, вырабленая ў сучаснасці крыніца: commons.wikimedia.org/Postrach/public domain
Памёр Юзэф Божэк у Празе ў 1835 годзе.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

рубрыка падрыхтаваная з выкарыстаннем архіўным матэрыялаў Польскага радыё

на відэа: парамабіль Божэка ў сучаснай версіі - ад 1 хв.

Больш на гэтую тэму: Машына часу