Пустазелле – расліна, якая перашкаджае ў гародах і садах. Так большасць з нас прызвычаілася думаць пра гэтыя расліны. Няма нічога больш памылковага.
Лёгкі доступ да прадуктаў харчавання, у тым ліку да зеляніны, прывёў да таго, што людзі забыліся пра расліны, якія растуць побач з намі, а якія можна выкарыстоўваць у кухні і фітатэрапіі.
Зёлкі рэгулярна з’яўляюцца ў меню Агнешкі Прымакі з Падляшша, якая пра лекавыя і кулінарныя ўласцівасці раслін ведае ўсё. Яна пагадзілася расказаць пра некалькі сваіх любімых раслін, які растуць у дасяжнасці амаль кожнага з нас.
Адной з першых вясной паяўляецца сныць звычайная, яна ж снітка. Агнешка Прымака гаворыць, што нездарма другая частка назвы – звычайная. Сныць расце паўсюль і з’яўляецца вельмі экспансіўнай раслінай. Яна любіць урадлівую, вільготную зямлю. Сныць мае буйныя карэнішчы, які хутка разрастаюцца, таму, калі расліна паявіцца ў адным месцы, то шанцы пазбавіцца ад яе амаль нулявыя. Агнешка Прымака кажа, што змагацца са сныццю няма сэнсу. У такім выпадку зялярка раіць карыстацца дабротамі гэтай незвычайнай расліны:
-І кулінарна, і для здароўя, паколькі сныць мае шмат уласцівасцяў. Увогуле калісьці сныць выкарыстоўвалі ў якасці гародніны, нават не зёлак. У адной з краін, не памятаю ў якой, яе адмыслова вырошчвалі як гародніну для кулінарных мэтаў. Нават цяпер, здаецца, у Францыі і Германіі на базарах можна купіць пучкі сныці, якую выкарыстоўваюць як дзікае харчаванне. Я заахвочваю выкарыстоўваць сныць у кухні, паколькі гэта расліна, якая не дамінуе смакам. Гэтыя зёлкі маюць нейтральны смак, не чуваць, што гэта зёлкі. Сныць можна есць вельмі па-рознаму, можна есці свежай, дадаваць да салатаў, пасыпаць яйкі. Дадаваць да зёлкавага масла, да тварагу. Кулінарная фантазія можа быць сапраўды вялікай. Таксама заахвочваю есці як шпінат, то бок патушыць на патэльні самастойна, ці з дадаткам цыбулі, з аліваю, прыпраўленай соллю і перцам. Я раблю фарш для блінчыкаў, які ядуць мае дзеці, а падлеткі не вельмі пазітыўна настаўленыя да зёлак. У сваю чаргу сныць ім пасуе, паколькі яна сапраўды вельмі смачная і не мае зёлкавага смаку.
Спадарыня Агнешка дадае да фаршу казіны сыр, а калі нехта есць мяса, то можна дадаць падсмажаны бекон. Сныць добра падыходзіць як дадатак да падсмажанай бульбы. У дзень, калі мы размаўлялі, спадарыня Агнешка гатавала на абед дранікі са сныццю. Яна кажа, што цяпер вельмі добры час на збор гэтых зёлак, паколькі расліна маладая, на пачатковай фазе росту, не мае валокнаў, а таму яе лёгка прыгатаваць.
Сныць можна выкарыстоўваць не толькі ў кухні, але і заварваць у лекавых мэтах. Наш арганізм напэўна будзе задаволены, кажа Агнешка Прымака:
-Сныць мае шмат вітамін, мікра- і макраэлементаў. З’яўляецца мачагонным сродкам, вельмі добра ачышчае нашую кроў. Сныць вельмі добра спраўляецца з не вельмі прыемнай хваробай - падаграй. Вясной можна было б прайсці шасцітыднёвы курс лячэння. 2-3 разы ў дзень піць запараную сныць.
Вышэйшы ўзровень – гэта воцат са сныці. Такі воцат лечыць хваробы суставаў, рэўматызм. Таксама воцат са сныці ачышчае мачавую сістэму. Сныць звычайная мае ў 30 разоў больш супрацьзапальных субстанцый, чым сінтэтычныя сродкі.
Агнешка Прымака дадае, што сныццю можна карыстацца цэлы вегетатыўны сезон, паколькі расліна адрастае. Канешне, сныць можна сушыць, але свежая расліна заўсёды будзе дзейнічаць больш эфектыўна. Наша экспертка заахвочвае карыстацца гэтымі дабротамі асабліва вясной.
Блюшчык плюшчападобны
Другая любімая расліна спадарыні Агнешкі – гэта блюшчык плюшчападобны, ён жа расходнік, каціная/сабачая мята, горлечнік, скуляшнік.
Блюшчык паяўляецца крыху пазней за сныць. Гэта расліна і ядомая, і з’яўляецца прыправай, і лекавая. Аднак блюшчык дае вельмі выразны смак:
-Самастойна яго немагчыма есці, бо ён не будзе смачны. Блюшчык выдатна пасуе як дадатак да бульёнаў. На двухлітровы рондаль я дала б не больш за жменю блюшчыка, паколькі ён дамінуе смакам і трэба быць асцярожным. Гэта расліна, якую калісьці выкарыстоўвалі ў броварах. У Англіі ў 16 стагоддзі гэтай раслінай араматызавалі піва. Ён утрымлівае шэраг субстанцый, якія кансервуюць, таму гэта не было выпадковым. Крыху пазней блюшчык быў выцеснены хмелем. Усё ж надалей ёсць лікёры і іншы алкаголь з дадаткам блюшчыка. Расліна выдатна падыходзіць да яйка. Цудоўна пасуе да масла з зёлкамі, у якое можна дадаць таксама іншыя расліны: зялёны лук, маяран, базілік, любчык, які цяпер пачынае расці, тую ж сныць. Гэтых раслін шмат, выходзім на луг, калі нехта мае магчымасць, і збіраем: некалькі лісткоў трыпутніка, крываўніка. Усё перамешваем з маслам, солім і атрымліваецца выдатны дадатак да печыва.
З кулінарных рэчаў спадарыня Агнешка яшчэ раіць зрабіць соль з блюшчыкам, які дасць выдатны арамат. Трэба невялікую жменю блюшчыка змалоць з соллю. Яна будзе вільготная, таму соль можна прасушыць і яшчэ раз змалоць. Атрымаецца вельмі араматычная зёлкавая соль. Спадарыня Агнешка пераконвае, што такая соль мяняе смак страваў у станоўчы бок.
Спадарыня Агнешка расказвае, што блюшчык мае цудоўныя ўласцівасці. Гэта адны з нешматлікіх зёлак, якія вымываюць цяжкія металы з арганізму, вельмі добра ачышчаюць кроў, добра дзейнічаюць на стрававальную сістэму, дапамагаюць пазбавіцца ад флегмы з дыхальных шляхоў.
Агнешка Прымака вядзе ў фэйсбуку старонку, на якой дзеліцца сваімі ведамі пра зёлкі Zielskakolonia.
слухайце аўдыё