Беларуская Служба

“Беласток цяпер самы беларускі горад у свеце” – так лічыць беларускі эмігрант

27.04.2024 07:12
З’ехаў з Беларусі, але ў Беластоку наладзіў жыццё сям’і і не адчувае сябе эмігрантам.
Аўдыё
  • “Беласток цяпер самы беларускі горад у свеце” – так лічыць беларускі эмігрант
БеластокRobert Bartosewicz / Polskie Radio

Не будзе больш так, як было….

Спадар Антон - гукарэжысёр, скончыў Беларускую акадэмію мастацтваў. Робіць гук для кампутарных гульняў, займаецца музыкай, фронтмэн гурта “Kurwadziki”.

Згадвае, што 2020-год у Беларусі сустракаў, як і многія з натхненнем і надзеяй, што жыццё і краіна, у якой жывуць, павінны пасля выбараў змяніцца.

-9 жніўня гэтае адчуванне перарасло амаль што ва ўпэўненасць. І калі мы вярнуліся з выбарчага ўчастку, селі дома, я падняў тост за тое, што не будзе больш, як было. Так і атрымалася, толькі я, канешне, меў на ўвазе пазітыўную павестку.

А потым былі маршы, дваравыя імпрэзы, але з часам праводзіць падобныя пратэсты станавілася цяжэй і цяжэй. Надзея не памірала, але аптымізму таксама не дадавалася. Суразмоўца лічыць, што тады ўдалося шмат што змяніць, праўда, не атрымалася адразу ў лепшы бок, але гэтая сітуацыя, паводле яго, не можа працягвацца бясконца.

-Людзі ўсё зразумелі яшчэ ў 20-ым годзе. Нават тыя, хто не з’ехаў, а іх большасць, яны ўсё разумеюць, яны чакаюць і дачакаюцца.

 Песні пачаў пісаць па-беларуску

Вяртаючыся да тых падзей спадар Антон кажа, што страху не меў, але дадае, што і ніколі ў лапы ГУБАЗіка не трапляў.

-Гэта былі такія эмацыйныя арэлі кшталту: мы пераможам – усё прапала. І так на дзень настрой змяняўся па некалькі разоў. Потым, калі пачалася вайна ва Украіне, настаў такі цяжкі ўзрушлівы час. Тым не менш, назіраючы за ўсім, я ўдзячны лёсу, што давялося жыць у такі гістарычны цікавы час і бачыць усё на ўласныя вочы.

Зрухі адбыліся і ў творчасці. Спадар Антон згадвае, што ў той перыяд у яго пісаліся пераважна беларускія песні.

-Я ў той час пачаў пісаць музыку і тэксты па-беларуску. Да 20-га таксама нешта пісалася, але падчас тых рэвалюцыйных падзей, калі адбываўся велізарны культурніцкі ўздым – шмат напісалася.

Свет гарэў толькі ў нашай хаце

А вось калі актыўнасць пратэстаў знізілася спадар з сям’ёй з’ехаў у вёску, дзе разам з сябрамі яшчэ некалькі гадоў таму пабудавалі дамы і сем’ямі прыязджалі туды адпачываць.

-І вось я ў 22-ім годзе ў жніўні стаю ўвечары на тэрасе і бачу, што паўсюль у нашай вёсцы цёмныя вокны – мёртвая вёска, адзін мой дом свеціцца. Няма нікога, усе сябры ўжо з’ехалі. І тут я зразумеў, што прыйшла і мая чарга. Тым больш ужо было адчуванне, што і да мяне хутка дойдзе.

Нікуды не спяшайцеся ў Польшчы

Самае галоўнае пасля пераезду, як заўважае суразмоўца - у яго ўжо была праца. Яшчэ ў Беларусі ён займаўся агучваннем кампутарных фільмаў, гульняў і працаваў аддалена. А ў астатнім варта было зразумець, як уладкавана жыццё ў Польшчы.

-Тут галоўнае было злавіць гэты польскі вайб, каб усё рабілася разняволена: ніхто нікуды не спяшаецца і ты не спяшайся, сядзь папалі. Што б не рабілася – усё будзе рабіцца два тыдні. І гэта такі факт, што яго трэба прыняць. Спачатку гэта вельмі нервуе, бо беларус жа такі, што тут трэба хутка зрабіць, туды бегчы… Не, не трэба. Ну вось патрэбны стол, пайшоў, дзе распіл ДСП з аклейкай борту – чакай два тыдні. Патрэбен інтэрнэт, пайшоў, заключыў дамову, але майстар з роўтэрам прыйдзе праз два тыдні. Ну добра, пасядзім на мабільным інтэрнэце. І вось так паступова ўсё робіцца…

Цяпер я аўта нанач не замыкаю

Такія рэчы, задумаўшыся кажа спадар Антон былі самымі незвычайнымі, калі адаптаваліся ў новай краіне.

-Яшчэ да спакою было цяжка прыстасавацца і да бяспекі. Зараз я ўжо паўтары гады тут і не кідаю ўжо касых позіркаў на паліцыю, не палохаюся бусаў ніякіх, нават не зачыняю аўта нанач, калі стаіць каля дому…

З іншага боку, суразмоўца кажа, што і ў нерухомасць укладвацца не спяшаецца.

-Таму што ты не ведаеш калі і ў які момант табе ізноў давядзецца здымацца з месца і з’язджаць куды-небудзь далей ад таго, што можа і тут пачацца. Я, канешне, не веру, што можа і тут нешта пачацца, але з іншага боку я і ў вайну ва Украіне не верыў. Гэта не азначае, што табе трэба ўвесь час палохацца і жыць з адчуваннем, што вось-вось пачнецца. Але і выключаць такога нельга.

Мы можам тут развіваць беларускую культуру не насуперак, а з дапамогай…

Праўда, разам з сябрамі падаў дакументы на рэгістрацыю культурніцкага таварыства. Спадар заўважае, што гэта будзе спрыяць не толькі падтрымцы і развіццю беларускай культуры, але можа быць бізнес-праектам на будучыню.

-Калі ў Беларусі гэта ўсё было амаль што немагчыма і ўсе, з кім даводзілася размаўляць, рабілі гэта не з дапамогай, а насуперак. А вось тут ты можаш рабіць справу з дапамогай дзяржавы, танных крэдытаў, падатковых ільготаў на першы час. Гэта ўсё вельмі спрыяе для развіцця малога і сярэдняга бізнесу.

Наогул спадар Антон кажа, што Беласток цяпер стаў найбольш беларускім горадам у свеце. А таму тут запатрабавана развіццё беларускай культуры. Менавіта ў Беластоку найчасцей адбываюцца беларускія імпрэзы і канцэрты вядомых беларускіх артыстаў. І ўсё гэта, паводле яго, павінна надалей развівацца.

-Адзінае, што я бачу, трэба выходзіць на больш шырокую аўдыторыю, бо ўсё ж эміграцыйная аўдыторыя абмежаваная. Так, гэта касцяк, гэта тое, што будзе заўсёды, але трэба дадаваць мясцовых людзей з Падляшша, трэба палякаў таксама зацікаўліваць. Яны маюць вялікі досвед і культуру наведвання музычных імпрэзаў.

Распавядаючы пра сваё асабістае жыццё, спадар Антон кажа, што не адчувае сябе ў Польшчы эмігрантам. Маўляў, мой дом дзе мая сям’я і мае сябры.

-А так атрымалася, што і мая сям’я і мае сябры ўсе тут са мною. То бок тут мой дом зараз. Я, канешне, па вёсачцы сумую, а вось па Мінску – не. Я яго ніколі не любіў. А ў вёсачцы дом застаўся і па гэтаму ёсць туга, а так…, я зусім не адчуваю сябе ў эміграцыі.

Павел ЗАЛЕСКІ

 

 

 

 

 

 

 

Былы настаўнік возіць смецце і не скардзіцца на жыццё

22.04.2024 13:54
Не важна дзе працаваць – важна ў любым месцы заставацца чалавекам. Так лічыць былы настаўнік, які ў эміграцыі працуе грузчыкам на смеццявозе.