Беларуская Служба

Гісторыя 19-гадовага беларускага эмігранта, які ў Польшчы кінуў ліцэй для працы

30.04.2024 06:03
Праз юначы максімалізм малады беларускі эмігрант, які быў удзельнікам школьных  алімпіядаў на радзіме, пакінуў у Польшчы вучобу ў ліцэі і пайшоў працаваць, каб задаволіць свае “хацелкі”. Аб чым цяпер шкадуе.
Аўдыё
  • Гісторыя 19-гадовага беларускага эмігранта, які ў Польшчы кінуў ліцэй для працы
КухарGreentellect Studio/Shutterstock

Не мог паверыць, што такое магло адбывацца

Генадзь разам з братам і мамай пераехаў у Польшчу, калі яшчэ навучаўся ў школе. Брат вымушаны быў пакінуць Беларусь пасля 20-га году ў сілу палітычных прычын. За ім паехала маці, забраўшы з сабой і малодшага сына.

- Вырашылі, што будзе лепей, калі я пераеду сюды, скончу школу і адразу пайду вучыцца ва ўніверсітэт.

Сам Генадзь згадвае, што падчас пратэстаў не быў у горадзе, але аб тым, што там адбывалася, яму распавялі родныя і папярэдзілі, каб на вуліцу не хадзіў у бел-чырвона-белых колерах і ні ў якім выпадку не канфліктаваў з міліцыянтамі, калі тыя раптам могуць нешта запытацца на вуліцы.

- Я і не хадзіў. Пачытаў, паглядзеў пару разоў відэа, здзівіўся, што такое можа быць, і нават нейкі час не верыў, што гэта насамрэч адбывалася ў Мінску. 

Большасць прытрымлівалі сваіх бацькоў

Паводле Генадзя, яго аднакласнікі тады ў большасці таксама не маглі паверыць у тое, што бачылі на відэа. Асабліва тыя падзеі не абмяркоўвалі, хаця погляды на тое, што адбылося, былі розныя.

- Была частка людзей, якія гаварылі, што Лукашэнка - супер. І было страшна нешта ім сказаць у адказ, бо бацькам магло б нашкодзіць. Быў адзін, які казаў, каб яму плацілі такія грошы, як тады “мянтам”, то і ён пайшоў бы біць людзей. Некаторыя былі ў БРСМ і працягвалі туды хадзіць. Але які розум мог быць у 14 гадоў? І таму большасць падтрымлівалі сваіх бацькоў, якія бралі ўдзел у пратэстах. 

Першыя паўгады было весела, а потым…

Па прыездзе ў Польшчу Генадзь пайшоў у так званы нулявы клас для вывучэння польскай мовы. Хлопец згадвае, што там вучыліся беларускія і ўкраінскія дзеці. Прычым вучні ў класе былі рознага ўзросту. Генадзь прызнаецца, што большасць часу ён школу не наведваў і тлумачыць гэта даволі проста – не хацеў.

- Першыя паўгады было вясёла, а потым стала сумна. На пачатку было цікава глядзець, як тут жывуць людзі. Было цікава паездзіць па краіне, пабыць у розных гарадах. І тады я яшчэ мог ездзіць у Беларусь, ездзіў некалькі разоў. А потым быў астатні раз, бо ведаў, што мяне пацягнуць у ваенкамат. Я перастаў ездзіць і тады стала вельмі самотна. Усе мае сябры, знаёмыя засталіся ў Беларусі, а я тут.

- А вы не набылі новых сяброў?

- Я б не сказаў, што ў мяне тут сябры, хутчэй знаёмыя. Але з імі таксама не ўдаецца часта кантактаваць. Ці яны занятыя, ці ў мяне часу няма, ці яшчэ нешта… 

Кінуў школу і пайшоў працаваць

Самае цікавае ў лёсе Генадзя пачынаецца пазней. Пасля нулявога класу ён пайшоў вучыцца ў ліцэй, але доўга там не пратрымаўся, бо пачаў падпрацоўваць.

- Адбывалася так, што я сканчаў працу а першай гадзіне ўначы. Потым вяртаўся дамоў і не мог адразу заснуць. Спаў 3-4 гадзіны, ішоў у ліцэй і засынаў там. Праз два месяцы вырашыў, што нешта трэба змяняць і рабіць выбар. І вырашыў, што трэба ісці працаваць.

Генадзь прызнаецца, што ў той час маці і брат утрымлівалі яго і ён мог бы спакойна вучыцца, але, як кажа, былі свае “хацелкі”, на якія грошай не хапала. Маці ўгаворвала з братам, але ён вырашыў па-свойму. А пра “хацелкі” размовы не атрымалася.

- Спачатку працаваў у піцэрыі, потым у рэстаране, але ён зачыніўся. Пайшоў у бургерную, але там мяне падманулі з грашыма. Потым вярнуўся ў піцэрыю, але цяпер мяне звольнілі, бо не спраўляўся.

- А дзе вы вучыліся кухарыць?

- Нідзе. Проста на месцы мяне трохі падвучылі. А потым паказваюць: рабі так. І робіш…

Шкадуе, што кінуў ліцэй

Цікаўлюся ў Генадзя – ці змог ён задаволіць свае “хацелкі” працуючы? Хлопец усміхаецца і прызнаецца, што нічога з гэтага не атрымалася. А яшчэ дадае, што шкадуе аб тым, што кінуў ліцэй.

- Думаю, што вярнуцца ў ліцэй мне не ўдасца, бо маю ўжо больш за 18 год, а ў Польшчы абавязковае навучанне толькі да 18 гадоў. Я думаю пайсці ў ліцэй для дарослых на вячэрняе навучанне. Але пакуль рашэння не прыняў. Скончыць вучобу я жадаю, як мінімум, ліцэй. Прычым, намераны два класы скончыць экстэрнам.

Цікаўлюся ў Генадзя – як ён вучыўся ў школе ў Беларусі?

- Я ўдзельнічаў у алімпіядах па фізіцы, добра ведаў матэматыку, але зараз… Апошні раз сур’ёзна вучыўся яшчэ ў Беларусі, а тут у ліцэі асабліва нічога новага не даведаўся і таму ў мяне цяпер ржавеюць мазгі. 

Гэта мая родная мова, а я і сябры на ёй ніколі не размаўлялі

Да лета Генадзь плануе адпачываць, маўляў, стаміўся, і найбольш - псіхічна. А там будзе нешта вырашаць і з вучобай. Дарэчы, яго хобі - музыка і кніжкі. Праўда, чытае па-руску і па-беларуску. Дарэчы, да беларускай мовы прыйшоў пасля 20-га году.

- Я не ўвесь час яшчэ размаўляю па-беларуску, але імкнуся перайсці на родную мову. Маё стаўленне да яе змянілася. Раней думаў, што гэта мёртвая мова і на ёй ніхто не размаўляе. Потым сустрэў шмат цікавых людзей, якія на ёй гавораць, пішуць, твораць…Цікава, а гэта мая родная мова, на якой ні я, і ніхто з маіх сяброў ніколі ў жыцці не размаўляў. У нашай сям’і пачаў брат размаўляць, а калі пераехалі ў Польшчу, пачаў яшчэ больш ужываць беларускую мову. І мяне гэта зацікавіла. Ды і палякі часам пытаюць – як гэта будзе па-беларуску? А ты не ведаеш і сорамна…

Максімалізму стала меней

Пытаюся ў Генадзя –  ці змяніліся яго погляды на жыццё, паколькі ў сваім узросце здолей паспрабаваць больш за іншых аднагодкаў? Хлопец усміхаецца.

- Так, максімалізму стала меней. І вучобу ў ліцэі на цяперашні розум я б не кідаў. А што будзе ў будучыні – не ведаю. Я нават не ведаю, што будзе заўтра, а таму галоўнае зараз, каб пражыць гэты дзень.

Генадзь прызнаецца, што сумуе па родным горадзе, у пакоі павесіў некалькі здымкаў, часта гугліць карцінкі са знаёмымі пейзажамі. Але кажа, што вяртацца не думае з тае прычыны, што яго забяруць у войска.

- Я супраць зброі і вайны, не вазьму ў рукі аўтамат, лепей пайду ў вязніцу. Іншая справа, калі абараняць радзіму. Але сучаснае войска якраз дзеля таго, каб нападаць на іншых. І з боку Беларусі ва Украіну я таксама не паеду.

Павел Залескі

слухайце аўдыёфайл