Беларуская Служба

“Пасля ўступлення ў Еўрасаюз у нас адкрыліся самыя розныя перспектывы ў шматлікіх сферах грамадскага жыцця”

01.05.2024 13:29
Пра тое, што дало Польшчы ўступленне ў ЕС, мы паразмаўляем з выкладчыцай універсітэту Collegium Civitas доктарам сацыялогіі Агнешкай Букоўскай.
Аўдыё
  • “Пасля ўступлення ў Еўрасаюз у нас адкрыліся самыя розныя перспектывы ў шматлікіх сферах грамадскага жыцця”
Сцягі Польшчы і Еўрасаюза Grand Warszawski/Shutterstock

1 мая 2004 года Польшча стала членам Еўрапейскага Саюза. Цягам двух дзесяцігоддзяў прысутнасці ў ЕС краіна вельмі моцна змянілася, прычым у розных галінах грамадскага жыцця. Але перад уступленнем у Езрасаюз некаторыя палякі скептычна падыходзілі да членства ў еўраструктурах. Еўраскептыкі ёсць і сёння, хоць яны складаюць меншасць грамадства. Пра тое, што дало Польшчы ўступленне ў Еўрасаюз, мы паразмаўляем з выкладчыцай універсітэту Collegium Civitas доктарам сацыялогіі Агнешкай Букоўскай

- Мары пра членства ў ЕС пачаліся даўно, бо мы заўсёды былі ў Еўропе, ніхто нас не сцёр з еўрапейскай карты, але працяглы час мы існавалі на перэферыі кантыненту. Таму мары пра далучэнне да Еўропы існавалі здаўна, яшчэ да грамадска-палітычных перамент канца 1980-х, пачатку 1990-х гадоў. А пасля 1989 года стала зразумела, што гэтыя мары могуць здзейсніцца. З даследаванняў, праведзеных перад уступленнем у ЕС, вынікала, што каля 80% насельніцтва падтрымлівала працэс еўраінтэграцыі. Гэта вельмі шмат. Канешне, падтрымка вагалася, бо з часам пачалі з’яўляцца еўраскептыкі. Найменшая падтрымка працэсу еўраінтэграцыі мела месца ў 2001 годзе – крыху больш за 50%.  

У 2003 годзе быў праведзены агульнанацыянальны рэферэндум, на якім грамадзяне павінны былі выказацца наконт уступлення ў Еўрасаюз. І менавіта гэты рэферэндум паказаў, што мы як грамадства падрыхтваныя да ўступлення ў ЕС і хочам быць часткай Еўропы. 

А як звычайныя грамадзяне адносіліся да еўраінтэграцыі? Ці гэты працэс разглядалі ў эмацыйных катэгорыях, як вяртанне ў Еўропу, якая раней была падзеленая, ці хутчэй у эканамічных аспектах?  

- Мне здаецца, што ў дадзеным выпадку можам гаварыць і пра эмацыйныя моманты, і пра сацыяльныя, і пра эканамічныя, таму што ізаляцыя Польшчы, якая пачалася пасля Другой сусветнай вайны, не ўплывала пазітыўным чынам на грамадства.

Плюсаў пасля ўступлення – мноства. Я згадаю толькі адну галіну, якой займаюся, а менавіта адукацыю. З’явіліся вялізныя перспектывы: студэнты могуць вучыцца ва ўсёй Еўропе, могуць ездзіць па абмену, праходзіць практыку ў іншай краіне. Акрамя таго, палякі ўдзельнічаюць у міжнародных навуковых праектах і даследаваннях. Раней гэтага не было. Пасля ўступлення ў Еўрасаюз у нас адкрыліся самыя розныя перспектывы ў шматлікіх сферах грамадскага жыцця. 

Паводле вас, якія самыя галоўныя перамены адбыліся цягам 20-і гадоў членства Польшчы ў Еўрасаюзе? 

- Першае, што кідаецца ў вочы, гэта дарогі і інфраструктура. Дзякуючы фінансавым сродкам з Еўрасаюза кардынальна змянілася наша дарожная інфраструктара.

Перамены бачныя ў сельскай гаспадарцы, у іншых галінах эканомікі, у адукацыі – адным словам, няма грамадскай галіны, дзе б нешта не змянілася. Пытанні экалогіі надзвычай важныя... Цяпер на гэта звяртаецца вялікая ўвага, раней, перад устапленнем Польшчы ў ЕС, ахова навакольнага асяроддзя не была на першым месцы. Актуальна – так.

І яшчэ важны аспект: наша, палякаў, самаацэнка як нацыі. Дзякуючы далучэнню да Еўропы вырасла самаацэнка. Цяпер мы – частка аб’яднанай Еўропы дэ-факта. Нам не прыходзіцца стаяць у чэргах на мяжы, мы можам без праблем ездзіць па Еўропе без памежных праверак. Калі ж нехта захоча жыць у Берліне, Парыжы ці ў Марселі, дзе цяплей чым у нас, то няма ніякіх перашкод – едзеш і жывеш. 

У Польшчы існуюць пэўныя палітычныя колы, якія незадаволеныя рашэннямі, што прымаюцца ў Бруселі. Але ці польскае грамадства надалей падтрымлівае членства ў ЕС ці, аднак, колькасць еўраскептыкаў павялічваецца?   

- Існуе пэўная група, якая лічыць, што рашэнні Бруселя – гэта замах на польскі суверэнітэт, абмежаванне нашай культуры, традыцый. Ёсць людзі, якія апасаюцца наплыву імігрантаў, росту злачыннасці... Існуюць пэўныя страхі, якія, заўважу, з’яўляюцца звычайнымі чалавечымі страхамі. Людзі баяцца ўвядзення еўра і росту цэн. Такая група была і заўсёды будзе. І гэтых людзей трэба зразумець, зразумець крыніцу іх страхаў. Але еўраскептыкі складаюць меншасць, большасць грамадства – гэта прыхільнікі Еўрасаюза і членства Польшчы ў ім. Дарэчы, хачу звярнуць увагу на тое, што еўраскептыкі існуюць не толькі ў Польшчы - яны ёсць у кожнай краіне ЕС.

Еўраскептыкі – гэта пераважна старэйшыя людзі, маладое пакаленне – прыхільнікі Еўрасаюза.  

Ірына Завіша/вс

слухайце аўдыёфайл