Беларуская Служба

Міграцыйны крызіс нашкодзіў бізнесоўцам на польска-беларускім памежжы. Але і дзяржпраграма падтрымкі не спрацавала

18.04.2024 10:44
«Шчыт для памежжа» — няўдалая праграма ўрада падтрымкі прадпрымальнікаў з польска-беларускага памежжа.
Puszcza Białowieska. Na tzw. Ścianie Wschodniej jest wiele miejsc wciąż nie odkrytych przez turystów.
Puszcza Białowieska. Na tzw. "Ścianie Wschodniej" jest wiele miejsc wciąż nie odkrytych przez turystów.pixabay

Год таму, у красавіку 2023 года, урад Матэвуша Маравецкага прыняў пастанову пад назвай «Шчыт для памежжа», якая павінна была падтрымаць прадпрыемствы з Падляшша і Люблінскага рэгіёна, якія пацярпелі ад увядзення там надзвычайнага становішча і закрыцця памежных пераходаў.

Надзвычайнае становішча, уведзенае ў верасні 2021 года на мяжы з Беларуссю, прывяло да таго, што гатэлі, рэстараны і іншыя кампаніі, якія зарабляюць на турызме, страцілі крыніцу даходу. Абмежаванні на ўезд у гэтыя раёны дзейнічалі да чэрвеня 2022 года.

Справы мясцовых прадпрымальнікаў яшчэ больш пагоршыліся пасля закрыцця памежных пераходаў з Беларуссю ў Баброўніках і Кузніцы (яны закрытыя дагэтуль).

У верасні 2021 года Сейм прыняў акт, які прадугледжвае кампенсацыі для памежных кампаній. Але алгарытм дзеяння закона зрабіў немагчымым атрымаць дапамогу ад дзяржавы. Дапамога, прадастаўленая ў адпаведнасці з гэтым Законам, разглядалася як дзяржаўная дапамога de minimis. Калі разам з іншымі формамі дзяржаўнай падтрымкі, аказанай на працягу трох папярэдніх гадоў, яна перавышала 200 000 злотых - прадпрымальнік не меў на гэта права.

Пасля амаль года рэалізацыі праграмы ў Міністэрстве развіцця і тэхналогій паведамілі, што заявак было мінімальна.

«Па Праграме было пададзена пяць заявак на фінансавую падтрымку. Яны атрымалі адмову. Ніводная з іх не адпавядала неабходным крытэрам», — піша прэс-служба міністэрства. У міністэрстве таксама паведамілі, што пашыраць праграму «Шчыт для памежжа» і ўводзіць новыя формы дапамогі прадпрымальнікам з беларускага памежжа не плануецца.

На Падляшшы ў зоне надзвычайнага становішча колькасць начлегаў з ліпеня 2022 года на ліпень 2023 года скарацілася ажно на 24%.

Як прызнаецца ўладальніца рэстаранаў у Гайнаўцы і Белавежы Гражына Арцемюк, крытэрыі «Шчыта для памежжа» былі пабудаваныя такім чынам, што нават у відавочных выпадках стратаў атрымаць падтрымку ад гэтай праграмы было складана.

– Ваяводскія ўстановы вельмі старанна правяралі ўсе нашы даходы, таму пра нас усё было вядома. Таксама тое, што сродкі, выплачаныя паводле закона 2021 года, абсалютна не кампенсавалі страты, якія мы панеслі, - распавядае прадпрымальніца.

Яе рэстаран у Белавежы дагэтуль не працуе.

– Праблема не толькі ў слабейшым турыстычным руху, але і ў тым, што цяжка знайсці супрацоўнікаў, – прызнаецца Гражына Арцемюк.

Фінансавую падтрымку ў выглядзе новай праграмы «Шчыт для памежжа» могуць атрымаць прадпрыемствы турызму і грамадскага харчавання, якія зафіксавалі падзенне даходаў у сувязі з увядзеннем надзвычайнага становішча на мяжы паміж Польшчай і Беларуссю. Аднак прадпрымальнікі з памежжа лічаць, што лепшым метадам дапамогі, чым кампенсацыі, была б дзяржаўная падтрымка інвестыцый у турыстычную інфраструктуру ў памежных раёнах.

Як адзначае прадпрымальнік з Белавежы Славамір Дронь, напружаная палітычная сітуацыя захоўваецца, але ў памежных раёнах бяспечна.

– Мы самі тут жывём і неяк прызвычаіліся. А замест кампенсацыі мы хацелі б, каб улады падтрымалі нас у стварэнні новых пешаходных і веласіпедных сцежак або будаўніцтве сучаснага прыродаасветніцкага цэнтра. Такога пушчанскага Цэнтар навукі імя Капэрніка, - мяркуе Дронь, маючы на ​​ўвазе варшаўскі аб'ект папулярызацыі навуковых ведаў.

Rzeczpospolita/вх