Беларуская Служба

Украіна цалкам адмовілася ад далейшых паставак электраэнергіі з Беларусі і Расіі

08.05.2020 15:17
Паводле ўкраінскага боку, цягам некалькі наступных гадоў пытанне імпарту электраэнергіі з іншых краін неактуальнае.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: jachu666/pixabay.com/CC0 Public Domain

Міністэрства энергетыкі і аховы наваколля Украіны перагледзела прагнозны баланс электраэнергіі на 2020 год, перадае "Свабода" са спасылкай на дакумент, які апынуўся ў распараджэнні журналістаў.

Агульны аб’ём паставак электраэнергіі з Беларусі ва Украіну ў 2020 годзе запланаваны на ўзроўні 150 мільёнаў кілават-гадзін. Гэтыя пастаўкі адбыліся на працягу студзеня, лютага й красавіка, нагадвае „Еўрарадыё”.

Ва Украіне ва ўмовах каранціну знізілася спажыванне электраэнергіі. З 15 блокаў усіх украінскіх АЭС цяпер працуюць толькі 11. Астатнія — на планавым рамонце або выведзеныя ў рэзерв, каб забяспечыць эксплуатацыю ўсіх энергаблокаў на намінальным ці блізка да намінальнага ўзроўні. Адначасова амаль удвая плануецца скараціць вытворчасць электраэнергіі на гідраэлектрастанцыях Украіны і павялічыць уласны экспарт у Польшчу і Малдову.

7 траўня кіраўнікі міністэрстваў энергетыкі Украіны й Літвы правялі анлайн-сустрэчу. На ёй абмяркоўвалася спажыванне Украінай імпартнай энергіі. Не выключана, што гаворка ішла пра электраэнергію з Беларусі. Літва, якая актыўна выступае супраць Беларускай АЭС, агітуе краіны рэгіёна не купляць беларускую электраэнергію.
 
6 траўня стала вядома пра завоз ядзернага паліва на БелАЭС. Пасля гэтага Літва накіравала Беларусі чарговую ноту з заклікам не ставіць пад небяспеку сваіх ці чужых грамадзян.

Кіраўнік Міністэрстваў энергетыкі Украіны паведаміў літоўскаму калегу, што ва Украіне склаўся вялікі прафіцыт уласнай электраэнергіі, таму цягам некалькі наступных гадоў пытанне імпарту з іншых краін неактуальнае.

аз