Падзеі й камэнтары


Дыялёг з Лукашэнкам патрабуе ад Брусэлю разважлівасьці 09.06.2009 слухаць 1,9 MB


У Эўрапейскім цэнтры Натолін у Варшаве 8 чэрвеня прайшла дыскусія на тэму стасункаў паміж Беларусьсю й Эўразьвязам у кантэксьце праграмы Ўсходняга партнэрства. Цікавасьць дыскусіі заключалася ў тым, што ўдзел у ёй узялі экспэрты як зь Беларусі, так і з краінаў, якія стварылі праграму Ўсходняга партнэрства – Польшчы ды Швэцыі.

Амбасадар Швэцыі ў Польшчы Даг Гартэліюс заявіў, што палітыка, якую праводзіла да гэтага часу аб’яднаная Эўропа ў дачыненьні да Беларусі, аказалася неэфэктыўнай. Таму Эўразьвяз вырашыў заахвоціць беларускія ўлады да супрацоўніцтва й запрасіць афіцыйны Менск да ўдзелу ва Ўсходнім партнэрстве. Аднак гэта ня значыць, што Эўропа перастане падтрымліваць беларускіх дэмакратаў – падкрэсьліў амбасадар.

Таксама Даг Гартэліюс заявіў, што ў бліжэйшы час дзяржавы-ўдзельніцы Ўсходняга партнэрства выпрацуюць канкрэтныя праекты, якія стануць рухавіком для разьвіцьця эканамічных і палітычных стасункаў паміж Эўразьвязам і шасьцю постсавецкімі краінамі. Распрацоўка гэтых праектаў-флягманаў будзе адбывацца пры актыўнай падтрымцы Швэцыі. Яна будзе ўзначальваць Эўразьвяз наступныя 6 месяцаў.

Д. Гартэліюс: Як вядома, Усходняе партнэрства мае чатыры галоўныя плятформы – гэта добрае кіраваньне, эканамічныя рэформы, энэргетычная бясьпека, а таксама кантакты паміж грамадзтвамі. Ва ўсіх гэтых сфэрах мы хочам бачыць грунтоўныя й эфэктыўныя сумесныя праекты. Працы распачнуцца ў чэрвені. Спачатку мы абмяркуем мэханізмы выпрацаваньня такіх праектаў, а затым зоймемся адборам найлепшых. Зразумела, часу ў нас няшмат, усяго шэсьць месяцаў, таму мы будзем працаваць вельмі напружана.

Эўразьвяз разумее, што Аляксандар Лукашэнка не зьяўляецца новым Гарбачовым і не плянуе распачаць у Беларусі перабудову – падкрэсьліў адзін з удзельнікаў дыскусіі, супрацоўнік Эўрапейскага цэнтру Натолін Міхал Мянскевіч. Супрацоўніцтва з афіцыйнымі ўладамі Беларусі вымагае ад Брусэлю разважлівасьці й мудрасьці – кажа экспэрт.

М. Мянскевіч: Эўразьвяз ня будзе спакойна глядзець, калі сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі будзе пагаршацца. Пытаньне ў тым, наколькі значныя перамены ў Беларусі Эўразьвяз прызнае задавальняючымі. Аднак эфэкт ад супрацоўніцтва з Эўропай ужо ёсьць. Беларускія дзяжаўныя мэдыі пачалі пазытыўна казаць пра ідэю эўрапейскай інтэграцыі. Зразумела, што Аляксандар Лукашэнка захоча выкарыстаць супрацоўніцтва з Эўразьвязам для ўзмацненьня сваёй улады. Таму мы павінны быць разважлівымі. Эўразьвяз павінен запрапанаваць Лукашэнку канкрэтны плян узаемадзеяньня, дзе эканамічнае супрацоўніцтва будзе ўзалежнена ад дэмакратычных рэформаў. Калі выпрацуем мудрую палітыку, я думаю, беларускае грамадзтва атрымае шанец на перамены да лепшага.

Калі афіцыйны Менск ня пойдзе на дэмакратычныя рэформы, Беларусь ня будзе выключаная з Усходняга партнэрства, аднак яе ўдзел у праграме стане чыста фармальным і не прынясе чаканых эканамічных выгадаў. Так лічыць беларускі палітоляг Алесь Лагвінец.

А. Лагвінец: Дэклярацыя Ўсходняга партнэрства – гэта ўсяго толькі дэклярацыя аб намерах. Выключаць краіну з дэклярацыі аб намерах ня мае вялікага сэнсу. Але калі Менск пачне рабіць антыдэмакратычныя крокі, вялікая верагоднасьць таго, што беларускую дэлегацыю перастануць запрашаць на чарговыя саміты, сустрэчы міністраў ці абмеркаваньні ў рамках тэматычных плятформаў. Эўразьвяз можа выкарыстаць тыя інструмэнты, якія мае, і абмежаваць кантакты зь Беларусьсю.

Удзел ва Ўсходнім партнэрстве ня можа прывесьці да хуткіх пераменаў у Беларусі. Аднак у доўгатэрміновай пэрспэктыве гэтая праграма дапаможа Беларусі зрабіць стратэгічны выбар паміж Захадам і Ўсходам – лічыць польскі палітоляг Олаф Асіца. Праграма Ўсходняга партнэрства вельмі важная яшчэ й таму, што ў выпадку, калі да ўлады ў Беларусі прыйдуць новыя людзі, у іх руках ужо адразу зьявіцца выдатны мэханізм супрацоўніцтва з аб’яднанай Эўропай – падсумаваў дыскусію польскі экспэрт.

Аляксандар Папко

 

 

 

 

 

 

 

 

Беларускі сьцяг у Эўрапейскім цэнтры Натолін

 

 

 

 

 

 

 

 

Удзельнікі дыскусіі: палітолягі Алесь Лагвінец і Олаф Асіца, амбасадар Даг Гартэліюс


Polskie Radio SA: reklama| archiwum| studia muzyczne| Chór PR w Krakowie|

Polska Orkiestra Radiowa| Orkiestra Kameralna PR AMADEUS| Redakcja Katolicka| Radiowe Centrum Kultury Ludowej| Radiowa Agencja Fonograficzna| Studio Reportażu i Dokumentu|

zamówienia publiczne|

Mapa strony RSS Podcast Kontakt Forum

Copyright © Nowe Media, Polskie Radio S.A. Wszelkie prawa zastrzeżone