Polskie Radio

Мінадукацыі Польшчы адмовілася ўвесці школьны прадмет, прысвечаны прафілактыцы захворванняў

Ostatnia aktualizacja: 13.01.2020 14:28
Аргументам адмовы было тое, што веды пра рацыянальнае харчаванне і здаровы лад жыцця ўжо ўключаны ў школьную праграму.
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjneFoto: pixabay/PublicDomainPictures

У польскіх школах пакуль што не будзе прадмету пад назваю «Веды пра здароўе». Міністэрства аховы здароўя рэкамендавала ўвесці адзін урок у тыдзень, прысвечаны прафілактыцы хвароб, пра што піша Dziennik Gazeta Prawna.

У адказ на прапанову Мінздароўя Міністэрства адукацыі заявіла, што ўвядзенне новага прадмету ў школьную праграму «не мэтанакіравана». Галоўным аргументам адмовы было тое, што веды пра рацыянальнае харчаванне і здаровы лад жыцця ўжо ўключаны ў школьную праграму ў рамках розных прадметаў. Такія веды школьнікі атрымліваюць між іншым на біялогіі, фізкультуры, этыцы.

Эксперты ў галіне дыетэтыкі перакананыя, што польскім вучням патрэбны прадмет, прысвечаны здароваму харчаванню і ладу жыцця. На думку дыетолага Ганны Сталіньскай, дзеля таго, каб урок нешта даў вучням, яго павінен весці спецыяліст, найлепш дыетолаг, а не настаўнік біялогіі ці фізкультуры. У сваю чаргу для дырэктараў новы прадмет мог быў стаць праблемным, паколькі неабходна было б працаўладкаваць дадатковых настаўнікаў.

Гэта не першае разыходжанне ў стаўленні да школьнай праграмы паміж міністэрствамі – аховы здароўя і адукацыі. Раней Мінадукацыі рэзка крытыкавала ідэю, якая выйшла з Мінздароўя, згодна якой настаўнікі павінны былі апекавацца вучнямі з хранічнымі захворваннямі. Гаворка ішла пра тое, каб педагогі маглі даваць лякарствы вучням з цукровым дыябетам, астмай, эпілепсіяй ці гемафіліяй. Тагачасны міністр адукацыі Анна Залеўска адказала, што гэтым павінен займацца лекар або медсястра,а не настаўнікі.

Клара Клінгер, Патрыцыя Отта/нг