Бежанцы з розных краінаў 20 чэрвеня ў Мульты культурным цэнтры ў Варшаве зрабілі аўдыя спектакль, чыталі на польскай мове казку «Залатая сякерка». Яна пра тое, як чалавек згубіў у рэчцы сякерку і папрасіў шчупака яе знайсці. І шчупак знайшоў прапажу, спачатку залатую, а потым – срэбную. Але чалавек згадзіўся прыняць толькі сваю жалезную сякерку. За сціпласць шчупак падарыў яму і дзве першыя, з каштоўных металаў. Аўтары спектаклю – таксама бежанцы – лічаць, што не толькі ў казцы, але і ў жыцці трэба быць удзячным за любую дапамогу і не быць занадта патрабавальным.
– Выйшла з ініцыятывай прачытаць казку аднаго з бежанскіх народаў, ну а паколькі хлопцы, якія яе чыталі ўсе з Беларусі, то мы і выбралі беларускую казку.
Вольга Лабэндзка і бежанцы з Беларусі чытаюць па ролях казку «Залатая сякерка».
Наша суразмоўца Вольга Лабэндзка – міжкультурная спецыялістка, штодня дапамагае ўцекачам. Для яе ўсё пачалося 25 лютага 2022 года, на другі дзень вайны. Стварала першую ў Польшчы гарачую лінію дапамогі бежанцам, працавала па 12 гадзін без выходных амаль паўгода, пакуль знайшоўся яшчэ адзін каардынатар. Кожны дзень пад яе кіраўніцтвам 15 валанцёраў заступалі на дзяжурства. Найбольшая колькасць бежанцаў і зараз ідзе з Украіны.
– Кожны з валанцёраў да ста званкоў прымаў. Уявіце, гэта сто лёсаў, сто трагедый. Да гэтага часу слёзы на вачах. Даводзілася зачыняцца ў туалеце і галасіць. Так было страшна, так цяжка, не разумелі, чым усё скончыцца. Людзі прыязджалі думалі на месяц, два, тры, а ўжо вось паўтары гады і нават больш, і канца няма. І зноў паедуць хутка, затопленыя тэрыторыі, ужо яны прыязджаюць.
Другая наша суразмоўца Хава, бежанка з Чачні. Знайшла прытулак у Польшчы 18 гадоў таму. Кажа, што дагэтуль сумуе па радзіме, і мае вялікае пачуццё віны, што паехала з сям’ёй, хоць і дала лепшую будучыню дзецям. Дачцэ на момант прыезду было 6 гадоў, сыну – чатыры месяцы. Кажа, што ў Польшчы адчувае сябе абароненай і захоўвае сваю ідэнтычнасць.
– Я адчуваю сябе чачэнкай, але ў той жа час я адчуваю, што Польшча стала маім домам. Калі вяртаюся з працы стомленая, я адчуваю што іду дадому, калі мне сумна, іду пагуляць па каханай вуліцы. Я люблю гэты горад, люблю гэтую краіну, мне тут падабаецца.
За амаль 20 гадоў бежанства чачэнка Хава не бачыла нікога са сваіх родных. Кажа што вельмі сумуе па іх. Не змагла быць побач з бацькам, калі той хварэў і потым памёр. У свой час уцякала ад руска-чачэнскай вайны, да якой жыла ў Грозным. Калі пачалася вайна ва Украіне, успрыняла гэтыя падзеі вельмі блізка, ажылі ўсе яе ўспаміны.
- Я ўвесь час вярталася ў мінулае, я не магла спаць і есці, я разумела што адбываецца і што будзе адбывацца. Калі мяне знаёмыя пыталіся, скажы калі ласка, яны ж не будуць страляць па ўцекачах, я ведала, што будуць страляць і будуць бамбіць.
Пані Хава сустракае наведвальнікаў цэнтру.
Хава займаецца дапамогай бежанцам з той пары, як толькі сама больш-менш уладкавалася. Спачатку дапамагала чачэнцам, потым некалькім хвалям беларускіх уцекачоў ад палітычнага пераследу, які быў не толькі ў 2020 годзе, але і раней. Цяпер дапамагае ўкраінцам. Кажа – самыя надзённыя патрэбы бежанцаў гэта атрымаць нейкі дах над галавой, часам патрэбныя самыя звычайныя рэчы, бо ўцякаючы шмат з сабой не возьмеш. Патрэбна юрыдычная дапамога, потым курсы мовы, часта патрэбны нехта, хто б мог з людзьмі проста паразмаўляць. Сярод валанцёраў, якія дапамагаюць украінцам, шмат беларусаў. Але рук заўсёды не хапае, таму валанцёры патрэбны і запатрабаваны.
– У нас праводзяцца сустрэчы мульты культурныя. Людзі прыходзяць і дзеляцца сваім досведам. Гэта вельмі важна, мець такія размовы і ўпэўніцца, што раз яны змаглі, то і я змагу. Вельмі важна, што пра досвед жыцця ў новай краіне могуць расказаць зразумелыя і падобныя да вас людзі.
У Сусветны дзень бежанца ўцекачы пакаштавалі стравы кухань розных народаў.
У чачэнкі Хавы ёсць свой адказ на пытанне, чаму менавіта Польшча прыняла апошнім часам мільёны ўкраінцаў і сотні тысяч беларусаў – проста палякі і самі былі бежанцамі ў часы бальшавізму, а да таго ўсю гісторыю сутыкаліся з Расіяй, і добра ведалі, што ад яе дабра чакаць няма чаго.
Па дадзеных люблінскага ўніверсітэту імя Марыі Складоўскай-Кюры, з 1990 года Польшча аказвала дапамогу бежанцам ад вайны ў Югаславіі, затым чачэнцам, беларусам, украінцам і прадстаўнікам многіх народаў, якія шукалі прытулку.
З таго мноства людзей, хто прыехаў у Польшчу ў апошнія гады, далёка не ўсе імкнуцца атрымаць статус уцекача, ім дастаткова магчымасці жыць у бяспецы і працаваць, каб карміць сябе і сваю сям’ю. Згодна з дадзенымі Упраўлення па справах замежнікаў, у Польшчы ў 2022 г. падалі запыт на статус бежанца каля 10 тыс. чалавек. Апроч беларусаў і ўкраінцаў апошнім часам прасілі прытулку і абароны рускія, іракцы і афганцы.
Казімір Шчадковіч