Культуролаг Вадзім Мажэйка агучыў вынікі даследавання, прысвечаныя рэфармаванню дзяржаўных арганізацый у сферы культуры, а менавіта кіравання. Праца стала вынікам размоваў з людзьмі, якія працуюць у Беларусі ў сферы культуры, таму гэта погляд знутры, звяртае ўвагу Вадзім Мажэйка.
На пачатку даследавання адзначаецца, што на культуру ў Беларусі прызначаецца вельмі невялікая сума – менш за палову адсотка ВУП. Калі параўнаць з сярэдняй еўрапейскіх краін (1,3%), то гэта ўтрая менш.
Вадзім Мажэйка назваў асноўныя тэндэнцыі ў галіне культуры:
-Расійскі культурны прадукт пашырае сваю экспансію: ад расійскага кіно і расійскіх кніг да гастроляў расійскіх артыстаў. І гаворка не пра маскоўскіх зорак, а нават пра замену няякаснымі выступоўцамі ў дамах культуры. За апошні год усе праблемы – з фінансамі, з кадрамі – абвастраюцца. Ідзе агульная дэградацыя. Калі казаць пра кадры, то адсотак працаўнікоў да 30 і 40 год у сферы культуры вельмі нізкі, у некаторых установах дамінуюць пенсіянеры. Маладыя людзі не затрымліваюцца. На гэта накладаюцца рэпрэсіі на дзеячаў культуры. Нягледзячы на праблему з кадрамі гэтых людзей вычышчаюць. Нават калі бяруць супрацоўнікаў, то большасць з іх мае досвед менш за тры месяцы.
Працаўнікі сферы культуры, якія расказвалі пра сітуацыю, адзначылі, што ўлады нічога з вышэй названага не лічаць праблемай. З такім падыходам сітуацыя дэградацыі нікуды не знікне.
Другая спікерка Таццяна Пашавалава сярод іншага адзначыла, што беларуская культура ў выніку 2020 году не толькі страціла, але і атрымала:
-Мы памятаем творчы ўздым 20-га году, калі беларуская культура выйшла на паверхню, і мы пабачылі, што маем. Мы ведаем пра салідарнасць, якая сферу культуры закранула моцна. У сувязі з гэтым паявілася такая рэакцыя як павышэнне статуса беларускай культуры. Пра нас пачалі ведаць. З іншага боку, разгромы прывялі да таго, што беларуская незалежная культура не можа існаваць унутры краіны. Адбыўся велізарны адток кадраў. Адпаведна беларуская культура стала транспамежнай. Гэта не зусім дрэнна, паколькі яна зайшла на замежны рынак. І нарэшце: грамадства прысвоіла элементы беларускай культуры – сімвалы і гісторыю.
Дзеячы культуры пачалі адаптавацца да сітуацыі: у Беларусі гэта выхад у падполле, праца на дзве краіны.
Гаворачы пра недахопы людзі культуры з кожнай сферы гаварылі пра адсутнасць інфраструктурных элементаў. Даследаванні выявілі праблемы па стварэнні сумесных, кааліцыйных структур, якія б дазволілі вырашыць гэтага тыпу праблемы. Запыт ёсць, але ёсць праблемы, у выніку якіх яны не ствараюцца: гэта інстытуцыйная слабасць дзеячаў беларускай культуры, якая вымагае часу, якога творцы не маюць (трэба адмовіцца ад стварэння прадукту на карысць стварэння структуры). Сярод прычын – адсутнасць інфармацыі, геаграфічная размеркаванасць (адрозная ўнутры Беларусі і за яе межамі).
Поўная версія - у далучаным гукавым файле.
ав