Беларуская Служба

Вайсковыя капеланы, забітыя саветамі ў 1940 годзе, вылучаныя ў працэс беатыфікацыі Мучанікаў Усходу

14.05.2023 11:14
Сёлета споўнілася 80 гадоў ад катынскага злачынства. Сярод арыштаваных саветамі былі духоўныя асобы розных веравызнанняў.
Аўдыё
  • Вайсковыя капеланы, забітыя саветамі ў 1940 годзе, вылучаныя ў працэс беатыфікацыі Мучанікаў Усходу
.
. lbrownstone/pixabay.com/CC0 Public Domain

У катынскіх магілах захоўвалася мноства ружанцаў, малітоўнікаў, сутана святара і рэшткі другой сутаны, кавалкі арнату, скрыначка з надпісам «Камунія», бірэта святара, нарукаўная павязка пад вайсковым мундзірам, шкаплеры, шмат медалікаў і малых крыжыкаў, некалькі вялікіх крыжоў, рэліквіярыі, фігуркі святых, выявы Панны Марыі і яўрэйская кніга, якую апісваюць як «кнігу Майсея».

Да цяперашняга часу ўстаноўлена, што на тэрыторыі СССР загінулі 33 духоўныя асобы, звязаныя з войскам у 1939 годзе, і для гэтай групы расійскія дакументы аб катынскім расстрэле пацвярджаюць перыядычнае знаходжанне ў лагерах і савецкіх турмах, расстрэл у красавіку-траўні 1940 году.

Пра тое, дзе, калі і пры якіх абставінах вайсковыя капеланы трапілі ў савецкі палон, ёсць толькі частковыя звесткі ад жаўнераў, выведзеных з лагераў у 1939 годзе, а таксама ад групы афіцэраў Войска Польскага, якія прабылі ў лагерах да вясны 1940 году, але перажылі смерць у Катыні, Харкаве і Цверы.

Катынскія справаздачы і дакументы сведчаць, што пасля 17 верасня 1939 году капеланы польскіх узброеных сіл розных канфесій утрымліваліся спачатку ў падлагерах у Шэпетаўцы, Валочышчы, Камянцы-Падольскім, а потым у афіцэрскіх лагерах у Казельску і Старабельску, а таксама ў лагеры ў Асташкаве.
Вядомыя 33 біяграфіі і профілі катынскіх капеланаў, гаварыў на канферэнцыі, прысвечанай катынскім капеланам, прафесар Патрык Плескат:

-Мы кажам пра больш за 30 святароў, якія сталі ахвярамі катынскага злачынства. Яны былі палоннымі ў лагерах для ваеннапалонных, потым былі забітыя ў савецкіх лагерах і кінутыя ў ямы смерці. Людзі з розным жыццёвым досведам. Часта гэта сталыя мужчыны, некаторыя – маладыя клерыкі. Іх аб’ядноўвала адно: у гэтым пекле на зямлі, якім былі лагеры для ваеннапалонных, стараліся быць прыстойнымі людзьмі, стараліся служыць палонным. Гэта былі не толькі каталіцкія святары, гэта былі і праваслаўныя, і грэка-католікі, быў галоўны вайсковы равін Польшчы. Шматкультурнасць ІІ Рэчыпаспалітай выразна праяўляецца ў постаці гэтых святароў.

У лагерах духоўныя асобы выканалі нетыповую ролю, нагадала спікер Сейму Эльжбета Вітэк:

-Многія з іх, пэўна, не ведалі, што там яны апошні раз выконваюць сваю ролю, як святары. Іх ненавідзелі асабліва моцна, як саветы, так і немцы. Не толькі за веру, не толькі за вернасць каштоўнасцям, у якія яны верылі, але таму, што ў гэтыя цяжкія часы яны неслі надзею і суцяшэнне.

У знойдзеных у магілах дзённіках афіцэраў, вывезеных з Казельска і забітых у Катыні, прачытаныя некалькі нататак 1939 года пра набажэнствы ў «катакомбах», супольную малітву вязняў, споведзь і камунію, пра тое, што капеланы былі зачыненыя ў «цюрме» за тое, што яны не выконвалі забароны ў рэлігійных справах, і што перад Калядамі ўсіх святароў забралі з Казельска.

У дзённіках 1940 году знойдзена толькі пяць запісаў пра рэлігію. Апошні: «У нас раніцай была служба», датаваны 7 красавіка 1940 году, што сведчыць аб тым, што, нягледзячы на дэпартацыю святароў з Казельска, у лагеры быў капелан.

Казельскія і старабельскія афіцэры, якія перажылі смерць у 1940 годзе, а таксама паліцаі з Асташкава расказвалі, што капеланы, не зважаючы на забароны, арганізоўвалі таемнае рэлігійнае жыццё, сваёй службай і малітвай суцяшалі вязняў, прыгнечаных тым, што яны не маглі змагацца са зброяй у абарону краіны і нацыі.

У 2009 годзе 24 вайсковыя капеланы, забітыя ў 1940 годзе ў Катыні, Харкаве, Быкоўні і Калініне, былі вылучаныя ў працэс беатыфікацыі Мучанікаў Усходу. Зборам сведчанняў кандыдатаў да беатыфікацыйнага працэсу займаецца Цэнтр дакументацыі кананізацыі мучанікаў Усходу ў 1917-1989 гадах.

ав

слухайце аўдыё