Кожныя два тыдні, у панядзелак, у рамках праекту «Радыёкніга» Польскае радыё публікуе ў інтэрнэце новыя творы класікаў польскай і сусветнай літаратуры ў выкананні найлепшых актораў. Доступ да гэтых выдатных запісаў цалкам бясплатны.
Праекту Польскага радыё «Радыёкніга» ўжо амаль тры гады. За гэты час у свабодны доступ трапіла амаль 100 выбітных твораў польскай літаратуры. Мэта праекту – прадставіць найбольш выбітныя літаратурныя творы ў аўдыёкнігах, даступных у інтэрнэце.
У апошні панядзелак Польскае радыё прадстаўляе восьмы твор пісьменніка, журналіста і публіцыста Аляксандра Главацкага, больш вядомага пад журналісцкім і літаратурным псеўданімам Баляслаў Прус, які лічыцца адным з найвыдатнейшых польскіх пісьменнікаў эпохі пазітывізму, гаворыць дырэктар Тэатру Польскага радыё Януш Кукула:
-Мы прэзентуем слухачам твор майстра аналізу, сінтэзу, дакладнасці і глыбокага прыгожага партрэтавання людзей – «Грахі дзяцінства». Гэта псіхалагічны аналіз перыяду даспявання. Казё Ляснеўскі, сын надворнага афіцэра, ідзе ў школу. Жыццё шляхецкага двара і вёскі, сяброўства і школьныя падзеі. Нарэшце, першае наіўнае каханне, смерць сябра, цяжкія выбары. Чытае Мар’ян Апаня.
Часамі магло б здавацца, што запіс аўдыёкнігі – гэта простая справа. Нічога больш памылковага, кажа Януш Кукула:
-З аўдыёкнігай не ўсё так проста, што аўтар заходзіць і чытае, і ўсё. Гэта як казаць, што мастак намаляваў мноства карцін, то чарговая не будзе для яго праблемай. Актор усім сваім жыццём, досведам здабывае гэтыя здольнасці. Уявіце сабе, што гадзіна запісанай аўдыёкнігі – гэта 5-6 гадзін працы ў студыі. Гэта не так проста: заходзіш, сядаеш, чытаеш. Няхай слухачы паспрабуюць самыя зрабіць гэта ў сябе дома, возьмуць з паліцы кнігу, напрыклад, Сянкевіча ці Жэромскага, і чытаюць, без ніводнай памылкі, без цмокання, без непатрэбных удыхаў. Майстрам у такім чытанні быў Збігнеў Запасевіч. Я гэта бачыў і мы ўсе захапляліся тым, як ён гэта робіць. Цяпер такіх людзей шмат, але слухачам найбольш вядомы Кшыштаф Гаштыла.
Сам дырэктар Тэатру Польскага радыё Януш Кукула гаворыць, што не змог бы зрабіць катэгарычны выбар паміж аўдыёкнігай і звычайнай кнігай:
-Я люблі і чытаць, і слухаць. Для мяне гэта доказ таго, што я яшчэ думаю. А думаю, бо ёсць тры слупы нашага існавання ў мастацтве: прыгажосць, дабро і мудрасць. Без чытання, без слухання і таксама без погляду гэтыя паняцці былі б пустымі. Акрамя таго, да іх трэба дадаць мысленне. На пачатку і заўсёды самае важнае – мысленне.
Ці аўдыёкнігі маглі б у бліжэйшай будучыні выцесніць традыцыйныя? Януш Кукула перакананы, што няма такой магчымасці:
-З поўнай упэўненасцю не, паколькі няма такога змагання. Чытанне, погляд, слуханне вызначаюць нашае існаванне, багацце нашых пачуццяў, перажыванняў. У сувязі з гэтым нам не трэба будаваць ніякай апазіцыі. Тут усё дапаўняе адно другое. Так як паняцці, пра якія я сказаў, вызначаюць самыя сябе, так адбываецца з нашымі чытаннем, слуханнем і поглядам. Гэта перажыванне свету.
Усяго ў «Радыёкнізе» слухачоў чакае 100 тытулаў. У праекце найбольш твораў Генрыка Сянкевіча, у тым ліку: «Quo vadis», «Крыжакі» і ўся Трылогія. Ёсць таксама аўдыёінтэрпрэтацыі раманаў Стэфана Жэромскага, Станіслава Ігнацыя Віткевіча, Габрыэлы Запольскай, Джозэфа Конрада і Ганорыюша Бальзака і іншых. Кнігі чытаюць, між іншым: Ірэна Квяткоўская, Тэрэса Будзіш-Кшыжаноўская, Кшыштаф Кольбергер, Збігнеў Запасевіч, Ежы Радзівіловіч, Пётр Франчэўскі і Януш Гаёс.
Адной з выдатных прапановаў, якую ў постаце экранізацыі дасканала ведаюць беларусы, з’яўляецца «Знахар» Тадэвуша Далэнгі-Мастовіча, якога чытае Мечыслаў Чаховіч. Сцэна, калі знахар, на самай справе вядомы хірург, які страціў памяць, простымі інструментамі аперыруе нагу сыну млынара. Потым хлопец пачынае хадзіць.
«Радыёкнігі» даступныя бясплатна на YouTube і Facebook. Яны таксама ёсць на сервісах аўдыёкніг (Empik Go, Storytel, Audioteka) у рамках падпіскі карыстальнікаў.
У далучаным гукавым файле можна пачуць урыўкі твораў у знакамітым выкананні польскіх актораў.
слухайце аўдыё
ав