Беларуская Служба

У Польшчы – самае нізкае беспрацоўе ў Еўрасаюзе

18.04.2026 08:07
У адным радку з Польшчай знаходзяцца таксама Чэхія і Балгарыя.
Працаjarmoluk/pixabay.com/CC0 Public Domain

Еўрапейскае статыстычнае ўпраўленне (Еўрастат) паведаміла, што ўзровень беспрацоўя ў Польшчы ў лютым 2026 года склаў 3,2% — столькі ж, колькі і ў студзені. Польшча, разам з Балгарыяй і Чэхіяй, зафіксавала самы нізкі ўзровень беспрацоўя ва ўсім ЕС. Еўрастат паінфармаваў, што колькасць беспрацоўных у Польшчы ў лютым павялічылася да 577 тыс. у параўнанні з 565 тыс. у студзені, паведамляе партал Forsal.

Дадзеныя, прадстаўленыя Еўрапейскім статыстычным упраўленнем, кантрастуюць з разлікамі Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Польшчы. Паводле польскага статыстычнага ведамства, у краіне налічваецца 955 тыс. чалавек без працы, што азначае ўзровень беспрацоўя ў 6,1%.

Адкуль узялася такая розніца? Справа ў тым, што еўрапейская і польская статыстычныя ўстановы выкарыстоўваюць розныя метады разліку беспрацоўя. У Польшчы беспрацоўнымі лічыцца той, хто знаходзіцца на ўліку на біржах працы. Еўрастат робіць разлікі паводле складанай метадалогіі, рэкамендаванай Міжнароднай арганізацыяй працы.

Паводле ацэнак Еўрастата, у ЕС налічваецца 13 млн 120 тыс. беспрацоўных, у тым ліку 10 млн 920 тыс. у еўразоне.

Найвышэйшы ўзровень беспрацоўя зафіксаваны ў Фінляндыі (10,8%), Іспаніі (9,8%), а таксама ў Грэцыі і Швецыі (па 8,5%).

вс