Польскі ўрад вядзе перамовы з прадстаўнікамі іншых краін аб унясенні змен у рэгламент ЕС SAFE, каб падоўжыць тэрмін на заказы ў айчыннай абароннай прамысловасці, паведамляе «Rzeczpospolita».
Вялікая частка польскіх закупак у рамках праграмы SAFE — гэта так званыя адзінкавыя закупкі, гэта значыць незалежныя закупкі Міністэрства нацыянальнай абароны ў польскай прамысловасці.
Улічваючы, што пагадненне з Еўрапейскай камісіяй яшчэ не падпісана, кантракты паміж Агенцтвам па ўзбраенні і пастаўшчыкамі, такімі як Польская група па ўзбраенні або Група СБ, не могуць быць падпісаны. Гэта азначае, што заключэнне ўсіх планаваных кантрактаў да канца мая малаверагодна, хаця б таму, што Генеральная пракуратура яшчэ павінна іх ацаніць, і фармальна ў іх ёсць на гэта два тыдні.
Выданне інфармуе, што Польшча знаходзіцца на заключнай стадыі перамоў з Еўрапейскай камісіяй. Важна, каб дзяржава эфектыўна выкарыстоўвала ўсе рэсурсы. Газета нагадвае, што ў выніку канфлікту паміж прэзідэнтам і ўрадам, Польшча не змагла хутка пачаць рэалізаваць праграму інвестыцый у ВПК, паколькі прэзідэнт Караль Наўроцкі наклаў вета на еўрапейскі праект SAFE (гэта праграма танных крэдытаў ЕС на інвестыцыі ў абаронную галіну). Наўроцкі прапанаваў уласны праект SAFE 0%, але не паведаміў пра надзейныя крыніцы яго фінансавання. Палітыкі апазіцыйнай партыі “Права і справядлівасць” папярэджвалі, што большасць грошай з праграмы SAFE будзе ісці ў французскі і нямецкі ваенна-прамысловы комплекс. Газета піша, што гэта не так, паколькі план, прадстаўлены ўрадам, прадугледжвае заказы пераважна ў польскім ВПК. Аднак, калі не будуць унесеныя змены ў рэгламент ЕС, рэалізацыя праграмы ў Польшчы можа сарвацца.
«Rzeczpospolita» адзначае, што Польшчы патрэбныя саюзнікі ў ЕС, каб прасунуць змены ў рэгламенце. І Румынія, здаецца, з'яўляецца адным з такіх саюзнікаў, якія таксама імкнуцца перасунуць тэрмін ацэнкі кантрактаў.
нг