Беларуская Служба

Беларусь абмяркоўвалася на канферэнцыі прадстаўніцтва ЕЗ пры ААН.

05.12.2020 10:27
Нягледзячы на гарачы перыяд у палітычным і грамадскім жыцці ва ўсім свеце, беларускі пратэст надалей актыўна абмяркоўваецца на канферэнцыях, арганізаваных вядомымі палітычнымі арганізацыямі свету.
Канферэнцыя прысвечана палітвязням у Беларусіпрадстаўніцтва ЕЗ пры ААН

Прадстаўніцтва Еўразвязу пры Арганізацыі аб’яднаных нацый арганізавала сустрэчу, прысвечаную сітуацыі ў Беларусі. Галоўнымі тэмамі быў лёс палітвязняў, дзейнасць праваабарончых арганізацый і дапамога з боку краін Захаду. Дыскусію вёў прадстаўнік Міжнароднага аб’яднання па правах чалавека на Усходнюю Еўропу і Сярэднюю Азію Ілья Нузаў. Выступоўцамі былі людзі, звязаныя з еўрапейскім праваабарончым рухам, і грамадскія актывісты Беларусі. Так пазіцыю ЕЗ па сітуацыі ў Беларусі падсумаваў спецыяльны прадстаўнік ЕЗ па правах чалавека Імон Гілмор.

- Беларусь – гэта наш сусед. І Еўразвяз прадпрымае палітычныя дзеянні ў беларускім напрамку, якія перад усім фінансава і дыпламатычна падтрымліваюць беларускае грамадства. Мы заклікалі беларускія ўлады выконваць закон, дэмакратычныя прынцыпы, спыніць рэпрэсіі і гвалт над мірным насельніцтвам і незалежнымі СМІ. Няма згоды на парушэнні правоў чалавека ў такім маштабе, які бачым у Беларусі. Мы будзем працягваць падтрымліваць беларускі народ і яго патрабаванне правесці справядлівыя і свабодныя выбары. Я чакаю плённых дэбатаў і адказаў на пытанні, як мы яшчэ можам дапамагчы, каб падтрымаць беларускае грамадства і выратаваць тых, хто падвяргаецца рэпрэсіям. Актыўнае грамадства і праваабаронцы адыгрываюць ключавую ролю ў тым, каб тэма падзей у Беларусі дайшла да сусветнай грамадскай і палітычнай аўдыторыі. Нашая мэта – пашыраць інфармацыю ў гэтай галіне і выпрацаваць напрамкі працы ў яе прасоўванню. Дзякуй усім беларускім актывістам за заангажаванне, адвагу і выдатную працу. Вы – рухавікі перамен, і ваша праца мае вялікае значэнне. Дзякуй вялікі.

Акрамя ЕЗ, арганізацыяй, якая падтрымлівае волю беларускага народа і катэгарычна выступае супраць гвалту і бяспраўных дзеянняў уладаў, з’яўляецца ААН. Пра рэакцыю і чаканні згаданай палітычнай арганізацыі ў адносінах да ўладаў і грамадзянскай супольнасці нагадала намеснік галоўнага сакратара па правах чалавека ААН Ільзэ Брандс Керыс.

- Генеральны сакратар і іншыя праваабарончыя арганізацыі і структуры заклікалі беларускія ўлады неадкладна спыніць пераслед беларускіх апазіцыянераў, пратэстоўцаў і праціўнікаў улад. Абвінавачванні ў гвалце і рэпрэсіях павінны быць неадкладна правераныя, а вінаватыя пакараныя. Улады Беларусі павінны вызваліць з вязніцаў усіх тых, хто карыстаўся сваім грамадзянскім правам выказваць сваю пазіцыю. Тыя, хто быў вымушаны пакінуць краіну, павінен мець права вярнуцца і адчуваць сябе ў бяспецы. Урэшце неадкладна павінна адбыцца канстытуцыйная рэформа, змена сістэмы кіравання і перад усім інклюзіўны, дэмакратычны дыялог унутры грамадства. Рэкамендацыі па забеспячэнні правоў чалавека дазволяць правесці гэтыя размовы і рэформу ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі. ААН гатовая надалей падтрымліваць такія дзеянні. Дзякуй усім за ўвагу і чакаю выказвання экспертаў з Беларусі.

Беларускі бок падчас канферэнцыі прадстаўлялі адмыслоўцы, якія працуюць у праваабарончым, грамадскім і журналісцкім напрамках. Яны падсумавалі цяперашнія вынікі рэпрэсіяў, гвалту сілавікоў і спробаў уладаў наладзіць усё больш жорсткі рэжым у краіне. Вольга Сяковіч з Беларускай асацыяцыі журналістаў, у сваю чаргу, расказала пра нядаўна затрыманых журналістак, якія асвятлялі пратэсты пасля смерці Рамана Бандарэнкі. Спасылаючыся на словы затрыманай у верасні Ліліі Ўласавай, яна таксама паведаміла пра ўмовы ўтрымання ў беларускіх турмах.

-Смерць Рамана Бандарэнкі спрычынілася да пачатку другой хвалі пратэстаў па ўсёй Беларусі. Журналісткі Белсату Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова вялі стрым з жорсткіх дзеянняў сілавікоў падчас акцыі пратэсту ў двары, дзе жыў Раман Бандарэнка. Тое месца за апошнія месяцы атрымала назву Плошчы Перамен. Журналістаў затрымалі і абвінавацілі ў арганізацыі масавых мерапрыемстваў, якія парушаюць прававы парадак у краіне. А што такое беларуская турма? У Беларусі вязніцы – гэта месцы, мэтай якіх з’яўляецца дэгуманізацыя і ламанне чалавечай волі, уласна жанчын. У кантрасце да сусветных тэндэнцый, персанал беларускіх вязніц для жанчын складаецца з мужчын.

Лёс жанчын падчас беларускага пратэсту сапраўды відавочны. Ніколі раней не было такой прысутнасці прадстаўніц жаночага полу ў беларускай апазіцыі. Зараз яны з’яўляюцца рухавіком і даюць грамадству новыя сілы на пераадольванне цяжкасцей, створаных уладамі. Свайго роду храналогію жаночага пратэсту і яго ўплыву не толькі на беларускае, але і сусветнае грамадства, нагадала чалец феміністычнай групы Каардынацыйнай рады Алена Агарэлышава.

-Першай жаночай падзеяй у беларускім пратэсце была гэтак званая «Эвалюцыя», калі вядомая карціна мастака Хаіма Суціна «Эва», якая была часткай калекцыі Белагазпромбанку, была апісаная беларускімі сілавікамі па справе Бабарыкі. Пасля таго гэтая карціна стала жаночым сімвалам рэвалюцыі. Потым з’явілася ўжо ўсім вядомае трыа, калі Ціханоўская, Калеснікава і Цапкала сталі значнымі фігурамі ў выбарчым працэсе. Яны сталі ўзорамі жанчын-палітыкаў, прычым не толькі ў Беларусі, а таксама паказалі новы стыль палітыкі. Замест шырокай рэкламы і вялікіх грошай, яны паказалі свету, што «слабасць» можа стаць сілай. Яны таксама паказалі, што нельга баяцца сваёй жыццёвай гісторыі і што кожны з нас адказны за пратэст ды не патрабуем лідараў. І мы ўсе можам зрабіць тое, на што мы гатовыя ў барацьбе з рэжымам. Вынік гэтага феномену мы бачылі пасля выбараў, бо сотні тысяч людзей былі гатовыя ўзяць асабістую адказнасць за свой пратэст.

Зацікаўленне беларускім пратэстам і змаганнем за свабоду па-за межамі краіны ў апошні час сціхла. У сусветных арганізацый ёсць новыя праблемы, напрыклад, звязаныя з другой хваляй каранавіруса. Аднак ёсць створаныя групы і арганізацыі, якія надалей займаюцца згаданай тэмай. У сувязі са згаданай пандэміяй, яны перайшлі пераважна ў анлайн, што дазваляе кожнаму жадаючаму прыняць у іх удзел. Такім чынам беларускія падзеі не знікаюць з павесткі дня, а змаганне за свабоду надалей мае падтрымку з боку неабыякавых да свабод і правоў чалавека людзей.

Альберт Ежы Вяжбіцкі