Беларуская Служба

Ці Польшча - лідар у падтрымцы Беларусі?

15.12.2020 18:06
Падтрымка ад польскіх арганізацый ідзе перад усім у навуковым напрамку - там распрацаваныя адмысловыя праграмы для навукоўцаў.
Аўдыё
  • што прапануюць беларусам польскія арганізацыі?
        .
Канферэнцыя прысвечана Беларусі арганізавана адной з буйнейшых польскіх газет..

Штодзёнка Dziennik Gazeta Prawna зладзіла адмысловую канферэнцыю, прысвечаную польскім праграмам дапамогі Беларусі. У асноўным выступоўцы сфакусаваліся на навуковай падтрымцы, але закраналася таксама тэма супрацы ў візава і бюракратычнай галіне.

У канференцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі розных навуковых арганізацый Польшчы, у тым ліку Польскай Акадэміі Навук, Цэнтра даследаванняў і развіцця ды Міністэрства навукі. Яны спрабавалі падвесці працу праграмаў, якія былі запушчаныя сёлета адмыслова для беларусаў, што былі вымушаны пакінуць радзіму.

Гісторыя праграм і стыпендый для беларусаў у Польшчы вельмі багатая, пра што нагадала Ганна Будзяноўская з Міністэрства навукі.

- Тое што праграма Каліноўскага паўстала ў 2006 годзе вынікала з падобных палітычных абставінаў, але таксама ў сувязі з уваходам Польшчы ў Еўразвяз. Таду Еўропа моцна адкрылася на ўсход. Польшча ў Еўрапарламенце пачала быць фарпостам, галоўным прадстаўніком у ЕЗ па сітуацыі ва Ўкраіне. Я памятаю, калі ў нас пачынала працаваць стыпендыя Erasmus+ і мы адразу імкнуліся стварыць нешта падобнае для Беларусі і Ўкраіны. За 14 гадоў у рамках стыпендыі Каліноўскага ўжо больш за 1000 стыпендыятаў – гэта не было б магчымым без дырэктара Студыум Усходняй Еўропы прафесара Яна Маліцкага, які лабіраваў ва ўрадавых структурах гэтую праграму. У выніку створана шматгадовая праграма, якая выбірае ўдзельнікаў на аснове вельмі празрыстых крытэрыяў. Праграма і яе выпускнікі будуць аказваць уплыў на развіццё беларускіх элітаў пасля таго, як ім удасца дамагчыся свабоды.

Але дапамога беларусам скіравана не толькі да маладых, якія толькі што пачалі або збіраюцца пачаць сваю навуковую кар’еру. Польскія навуковыя ўстановы запрашаюць і беларускіх даследчыкаў і навукоўцаў, якія з-за сваёй грамадзянскай актыўнасці страцілі магчымасць працы і развіцця ў Беларусі. Падчас сустрэчы ішла гаворка пра шэраг праграм, якія дапамагаюць адмыслоўцам з Беларусі ўладкавацца ў Польшчы і займацца навуковай дзейнасцю, незалежна ад палітычных рэпрэсій і пераследу. Аб прапановах распавяла Гражына Жаброўская з Нацыянальнага агенцтва акадэмічных абменаў.

- Гэтым разам Нацыянальнае агенцтва акадэмічных абменаў займаецца справай, якая вылучаецца сярод іншых.  «Салідарныя з Беларуссю» - гэта праграма, якая нарадзілася пасля выбараў у Беларусі ў жніўні гэтага года, калі мы па інтэрнэце пабачылі фільмы і фота з пратэстаў у Мінску і іншых гарадах краіны. Як арганізацыя мы пачалі задумоўвацца, што можам зрабіць, каб дапамагчы гэтым маладым людзям. І неадкладна мы запрапанавалі ўдзел у анлайн-курсах польскай мовы, бо ў нас была такая магчымасць. Наша прапанова атрымала вялікую папулярнасць. Мы прынялі сто першых ахвотных. Бо на самой справе заяўкі падалі аж но 500 чалавек. Гэта толькі паказала, што ў іх ёсць прага да ведаў, напэўна не толькі да польскай мовы, але агулам да навукі і пазнавання свету.

Сваю падтрымку беларускай навуковай супольнасці выказала таксама Польская Акадэмія навук, якая запрашае беларускіх навукоўцам вучыцца і праводзіць даследаванні ў рамках працы ўстановы. Як адзначыў дырэктар ПАН прафесар Ян Душыньскі, нягледзячы на падзеі ў Беларусі, супраца між навуковымі супрацоўнікамі працягваецца:

- Мы фінансуем стыпендыі для навукоўцаў з Беларусі, якія робяць дысертацыю ў Польшчы. Нашыя праграмы карыстаюцца вялікім зацікаўленнем. Жадаючыя змогуць вывучаць Белавежскую пушчу, ветэрынарыю і змены клімату. Мы ўжо падалі заяўку на арганізацыю чарговых стыпендыяў і чакаем на фінансаванне. Мы стараемся рухацца асцярожна, улічваем складанасць сітуацыі.  Напэўна хочам засяродзіцца на наш уласны досвед, які паказаў, што навука можа будаваць масты. Яна дапамагае ў дыялогу ў цяжкія часы, яна не мае межаў і таму, лічу што, яна з’яўляецца выдатным сродкам дыпламатыі – навуковай дыпламатыі. Мы, як краіна, спазналі гэта ў часы мінулай сістэмы праўлення, калі нам дапамагалі развіваць навуку ЗША, Англія ды Нямеччына. Таму зараз час, каб і мы, карыстаючыся сваім досведам, дапамагалі іншым. А зараз з праблемамі змагаюцца беларускія навукоўцы. Мы самі прымалі такую дапамогу і цяпер хочам яе прапанаваць іншым.

Закранаючы тэму падтрымкі навукоўцаў, студэнтаў і любых іншых груп насельніцтва не можна забываць пра адміністрацыйныя працэдуры, якія трэба выканаць беларусам, прыбываючы ў Польшчу. Аб гэтым казаў пасол Артур Міхальскі, які з прычыны дыпламатычнай ізаляцыі Беларусі, выехаў з Мінска і выконвае надалей свае паўнамоцтвы з-за мяжы. Пасол Міхальскі падкрэсліў, што праца консульстваў у Беларусі не спынялася і яны стараюцца няспынна вырабляць візы і іншыя дакументы, для таго, каб жадаючыя бяспечна маглі прыехаць ў Польшчу.

-Я ведаю са свайго досведу і таго, што мне расказалі калегі, што сітуацыя вельмі сур’ёзная. Таму нашыя консульствы ў Беларусі надалей актыўна працуюць у экстраным рэжыме. Пакуль магу сказаць, што мы спраўляемся з працай. Консулы на месцы, і нягледзячы на абмежаваны персанал, самыя важныя справы вырашаем амаль неадкладна. Запыт значна большы чым звычайна, але так склалася сітуацыя і мы ўсё гэта добра ўсведамляем. Мы надалей працуем над вырашэннямі, якія дазволяць нам стаць больш эфектыўнымі і аператыўнымі.

Неўзабаве канец года, і мы зможам падсумаваць вынікі праграм дапамогі для беларусаў. Яны ў вялікай колькасці працуюць з Польшчы. Многія арганізацыі праводяць шматлікія акцыі. Сітуацыя ў навуковай галіне выглядае вельмі надзейна. Калі вы студэнт або навуковец, варта пацікавіцца прапановамі польскіх навуковых арганізаый, якія будуць рады вашай супрацы і дапамогуць уладкавацца на новым месцы.

Канферэнцыю можна паглядзець на фейсбуку gazetaprawna.pl.

Альберт Ежы Вяжбіцкі