22 снежня Студыум Усходняй Еўропы Варшасўкага ўніверсітэта ў рамках праграмы «Салідранасць З Беларуссю» распачаў рэалізацыю спецыяльнага курсу навучання маладых беларускіх дыпламатаў.
Курс уключае аналіз палітычнага становішча ў Беларусі і агулам на ўсёй постсавецкай прасторы, тэорыю і практыку палітыкі, знешнюю палітыку і бяспеку, дыпламатычны пратакол, міжнароднае права і г. д.
Навучанне беларусаў будзе ажыццяўляцца ў супрацоўніцтве з дыпламатычнай Акадэміяй МЗС Польшчы, пры ўдзеле вопытных выкладчыкаў і дыпламатаў. Падрыхтоўка дыпламатаў будзе праходзіць пад лозунгам «Новыя кадры для новай Беларусі».
Ва ўрачыстае цырымоніі пачатку навучальнай праграмы прыняў удзел міністр замежных спраў Польшчы Збігнеў Рау, міністра адукацыі Пшэмыслаў Чарнэк, дырэктар Студыум Усходняй Еўропы Ян Маліцкі, а таксама член прэзідыуму Каардынацыйнай рады Беларусі Павел Латушка.
Шэраг адмыслоўцаў, былых амбасадараў і актыўных дзеячаў грамадзянскай супольнасці выступіць у ролі выкладчыкаў у Школе дыпламатаў для Новай Беларусі, якая 22 снежня распачала сваю дзейнасць.
Ініцыятывай кіруе Студыум Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта, якое вядомае між іншым як фундатар стыпендыі імя Кастуся Каліноўскага і шэрагам іншых ініцыятыў, накіраваных на дапамогу беларускай грамадзянскай супольнасці. Пра дэталі гэтай і іншых праграм, рэалізаваных у рамках салідарнасці з беларусамі расказаў дырэктар Студыум Ян Маліцкі:
-Мы ствараем дзве групы ў рамках тых 30 чалавек, якія былі прынятыя ў Школу дыпламатаў. У першай групе ўзроставая мяжа складае 30 год і мы патрабуем ад удзельнікаў знаёмасць англійскай мовы на ўзроўні прынамсі В2 або С1, а таксама скончаную адукацыю на факультэце, звязаным з дыпламатыяй ды дасягненні ў гэтым напрамку. Другая група, 10 асоб, там няма так патрабаванняў добрай знаёмасці англійскай мовы, а таксама няма ўзроставых абмежаванняў. І варта адзначыць, што на гэтых 30 месцаў у вызначаным тэрміне заяўку падалі 314 чалавек. Пасля так званага дэдлайну яшчэ 32 асобы заявілі аб сваёй зацікаўленасці праектам. У выніку на 30 месцаў мы мелі 346 кандыдатаў. Студыум Усходняй Еўропы можа пахваліцца вялікім поспехам, але я сам мушу прызнаць, што такога зацікаўлення якой-небудзь з нашых прапановаў яшчэ не было.
Побач з праграмай Каліноўскага і сёлетняй акцыяй «Салідарныя з Беларуссю», дзякуючы якой каля 600 студэнтаў і навукоўцаў з Беларусі маглі працягваць сваю вучобу ў Польшчы, Школа дыпламатаў з’яўляецца самой буйной ініцыятывай па дапамозе беларускаму пратэсту. З гэтае прычыны першую лекцыю ў рамках Школы правёў Павел Латушка. Ён расказаў пра даўнюю гісторыю беларускай дыпламатыі. Адносячыся да цяперашняй сітуацыі і факту стварэння Школы дыпламатаў, былы пасол Беларусі ў Польшчы і Францыі адзначыў, што ў сітуацыі поўнага дэфолту дзяржаўных структур, неабходна рыхтаваць уласны, альтэрнатыўны дыпламатычны корпус:
-Як выглядае сёння знешняя палітыка Беларусі, з улікам свайго досведу былой працы дыпламатам, паслом і сёння асобы, якая непасрэдна ўключаная ў гэтыя пытанні. Фактычна мы маем знешнепалітычны дэфолт у Беларусі. Дэ-факта і дэ-юрэ мы маем непрызнанага кіраўніка Белаурсі многімі краінамі свету. На сённяшні дзень мы канстатуем, што 41 краіна свету далучылася да санкцый у адносінах да рэжыму і фактычна не прызнае Лукашэнку ў якасці легітымнага кіраўніка дзяржавы. Паўстае пытанне прызнання іншых дзяржаўных устаноў, напрыклад ураду Беларусі. Па-другое, абмежаваны або ўвогуле адсутнічаюць знешнепалітычныя кантакты Беларусі, выключэнне – Расійская Федэрацыя. Фактычна, мы канстатуем, што склалася сітуацыя, калі вядучыя краіны свету адмаўляюцца ад кантактаў з нелегітымнай уладай, а Расія рэалізуе іх выключна ў кантэксце сваіх інтарэсаў. Што тычыцца Міністэрства замежных спраў, мы канстатуем, што адбыўся разлом сярод супрацоўнікаў-дыпламатаў, як цэнтральнага апарату, так і замежных устаноў Беларусі. Адбыліся масавыя звальненні прафесійных дыпламатаў нашай краіны. Мы канстатуем дэматывацыю супрацоўнікаў МЗС, якія не ведаюць, як правільна выпрацоўваць падыход да далейшага развіцця Беларусі, бо сутыкнуліся з вельмі складаным выклікам, бо як можна тлумачыць забойствы і гвалт!?
Чарговую лекцыю правёў вядомы польскі палітолаг, палітык, прафесар Павел Коваль, які спрабаваў даць адказ на пытанне, як назваць падзеі ў Беларусі? Рэвалюцыяй, бунтам ці можа паўстаннем? У сваёй лекцыі Коваль закрануў таксама тэму таго, што павінна здарыцца, каб беларускі пратэст выйграў і якую ролю ва ўсім гэтым мае адыграць Еўразвяз.
- Для паспяховай рэвалюцыйнай сітуацыі, бунту, ў нашай частцы Еўропы, неабходна ясная і рашучая падтрымка Захаду, каб нехта з заходніх лідараў, палітыкаў сказаў «так, мы вас падтрымліваем, мы гатовыя інвеставаць свой палітычныя капітал, сваю адказнасць у тое, каб вы перамаглі. Так, мы гатовыя дапамагчы беларускім палітыкам». Склалася вельмі незвычайная сітуацыя, беларусы, якія ўпарта выходзяць на вуліцы сваіх гарадоў больш за ўсё здзівілі не Лукашэнку, а менавіта Захад, перадусім ЕЗ. Сёння для ЕЗ праблематычна казаць наконт таго, што адбываецца ў Беларусі. Брусель зацікаўлены ў тым, каб не было ніводнага спакойнага дня, пра гэта і кажа Святлана Ціханоўская: «Мы разумеем, што Еўразвяз зрабіў шмат». Нават мы з вамі тут сабраліся, бо адна з краін Еўразвязу – Польшча дадаткова менавіта ад свайго імя зрабіла шмат. Але мы ацэньваем беларускае паўстанне так, як польскі публіцыст Станіслаў Стома ацэньваў паўстанне ў Польшчы ў 1863-64 годзе. Асноўнае пытанне зараз у тым, ці гэтыя людзі на халодных вуліцах Мінску атрымаюць знешнюю падтрымку, ці хтосьці сёння ясна і гучна акрэсліць, што ЕЗ клапоціцца пра краіну, якая тэарэтычна можа калісьці стаць часткай супольнасці, бо Беларусь знаходзіцца на еўрапейскім кантыненце.
На працягу ўсяго праекту ўдзельнікі Школы дыпламатаў, змогуць вывучыць асновы прафесіі, а таксама будуць удзельнічаць у інтэнсіўных курсах польскай, англійскай і французскай моў. Плануецца, што першы курс Школы дыпламатаў закончыцца ў чэрвені 2021 года. Калі водгук і вынікі цяперашняй праграмы будуць добрымі, у будучым могуць быць арганізаваныя дадатковыя курсы для новых кадраў новай Беларусі.
Альберт Ежы Вяжбіцкі