Беларуская Служба

Здаровы медыя рынак: плюралізм ды шматплатформенасць

29.12.2020 16:11
28 год таму ў Польшчы адбыліся важныя змены. Знікла манаполія на свабоду слова з боку камуністычных уладаў.
Аўдыё
  • Эксперты пра рынак медыяў у Польшчы ды Беларусі
Ілюстрацыйны здымакImage by Andrea Toxiri>Pixabay/СС0

У Беларусі манаполія ўладаў на свабоду слова застаецца па сённяшні дзень. Інтэрнэт ды сацыяльныя сеткі разбурылі яе, але ўлады не здаюцца ды не пакідаюць спробы накласці абмежаванні на камунікацыю ў Сеціве. Які ўрок для Беларусі з польскага досведу?

28 год таму ў Польшчы быў прыняты закон «Аб тэлерадыёвяшчанні. Дадзены дакумент вызначаў ролю грамадскіх медыяў, рэгуляваў прававое поле дзейнасці прыватных СМІ. Якія вынікі рэалізацыі закону можна ўбачыць пасля столькіх год? Пра гэта мы запыталіся ў медыя аналітыка Паўла Навацкага.

- Закон – гэта адна справа. Больш важна тое, што здарылася за гэтыя 28 гадоў. Паўстаў больш плюралістычны рынак медыяў. Да 1990 году, пакуль не пачалі распадацца так званыя старыя камуністычныя СМІ, якія былі ў руках улады ды камуністычнай партыі, і яе розных структур, як канцэрн «Прэса, кнігі «Рух», у Польшчы не было свабодных СМІ. Адмена цэнзуры была кропкай над «і». Першыя газеты ствараліся пад патрэбы выбараў, так з'явілася «Gazeta Wyborcza» на выбары 1989 года, якія былі толькі часткова свабодныя. З доўгай перспектывы важна тое, што з'явіўся абсалютна новы рынак свабодных СМІ, якія не мелі абмежаванняў. Калі і былі нейкія межы – толькі ў галовах паасобных журналістаў ці выдаўцоў (быў розны капітал – і польскі і замежны), ці ў залежнасці ад запатрабаванасці тэмы.

Інак медыя рынак развіваўся ў суседняй Беларусі. Тут улады заўсёды імкнуліся кантраляваць медыя прыстору, гаворыць медыя аглядальнік Паўлюк Быкоўскі.

- З пачаткам галоснасці ды адменай цэнзуры ў Савецкім Саюзе ў Беларусі пачалі ўзнікаць першыя недзяржаўныя выданні. Потым у Канстытуцыі была наўпрост запісана забарона цэнзуры. Аднак журналісцкі цэх перыядычна сутыкаўся з тым, што ў Беларусі ўзнікала больш прыхаваная – унутраная самацэнзура, чым наўпрост дзяржаўная. Ёсць розніца паміж тым, калі кіраўнік дзяржавы прызначае рэдактараў тэлеканалаў сваім указаў, а тым праводзяць быццам бы незалежную палітыку, і тым, калі ёсць цэнзар вонкавы. Такога цэнзара не існуе, але былі прыклады, калі друкарні адмаўляліся друкаваць незалежныя выданні, былі спыненні вяшчанне радыёстанцый, былі спробы спыніць распаўсюд прэсы. Цяпер 5 выданняў сутыкнуліся з тым, што не маюць доступу да дзяржаўнай манапольнай сістэмы распаўсюду праз Белпошту і рознічнага гандлю праз Белсаюздрук. Гэта ставіць пад пытанне саму магчымасць казаць вольнае слова.

Цяпер сітуацыя змяняецца, доступ да інфармацыі не можа быць абмежаваны ўладай праз развіццё інтэрнэту ды новых каналаў камунікацыі, кажа эксперт.

- Мы бачым, як развіваецца медыя ў Інтэрнэт прасторы. Тут есць рэсурсы, якія прытрымліваюцца рэдакцыйнай палітыкі, як якасныя медыі. Ёсць тыя, хто хайпуе. Гэта непазбежна. Ёсць блогеры, якія самі сабе медыя, не прытрымліваюцца прынцыпаў журналістыкі: не правяраюць інфармацыю, ацэньваюць навіны. Гэта таксама непазбежная сітуацыя ў барыкадных умовах. Калі ўлады займаюцца прапагандай, апаненты хочуць адказваць у падобным ключы.

Наколькі польскі досвед можа быць павучальны для Беларусі, дзе цяпер адбываецца працэс пераходу ад аўтарытарных практык да больш плюралістычных? Мы запыталіся ў медыя аналітыка Паўла Навацкага.

- У беларускім кантэксце немагчыма цалкам адрынуць палітыку. Апошнім часам бачна актыўнасць узмоцненую расійскіх выдаўцоў. Магчыма ідзе падрыхтоўка да набыцця ці стварэння выдання, якое будзе моцна залежыць ад Крамля. Для Беларусі шанцам можа быць стварэнне вольнага рынку свабодных СМІ, дзякуючы моцнаму незалежнаму сегменту ў новых медыя каналах, як YT ці Telegram, сацыяльныя сеткі. Тады будзе плюралістычны рынак і СМІ змогуць канкурыраваць. Пагрозай можа стаць адсутнасць моцнага нацыянальнага капіталу.

У прэамбуле закона, прынятага 28 год таму, адзначалася, што задачай радыё і тэлевяшчання ёсць данясенне інфармацыі, доступ да культуры ды мастацтва, адукацыі ды адпачынку. Цяпер пасля 28 год лічацца, што закон патрабуе актуалізацыі, бо ў ім не апісаны Інтэрнэт ды роля сацыяльных сетак у перадачы інфармацыі. Разам з тым сярод спецыялістаў дамінуе падыход, каб не ўводзіць празмерны кантроль. Ідзецца пра захаванне якасці перадачы інфармацыі без празмернага рэгулявання. Гэта актуальна і для Беларусі – патрэбны свабодны доступ да якаснай інфармацыі без празмернага кантролю. Адзіны магчыма кантроль – гэта за якасцю інфармацыі, з гэтым паспяхова спраўляюцца самі выданні, калі хочуць канкурыраваць на медыя рынку.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч