Большасці з нелегалаў не ўдалося трапіць у Польшчу. Польская памежная служба ахоўвае мяжу ды папярэджвае пра наступствы нелегальнага перасячэння дзяржаўнай граніцы і пра магчымы арышт. На тэрыторыі Беларусі мігранты знаходзяцца легальна.
12 чалавек польскія памежнікі ўратавалі з балота. Нелегалы спрабавалі перайсці мяжу ў раёне ракі Нараў, але трапілі ў дрыгву. Яны папрасілі польскіх памежнікаў іх выратаваць, распавядае прэсавая сакратар Польскай памежнай аховы Ганна Міхальска.
- Мы затрымалі групу нелегальных мігрантаў, якія папрасілі ў нас дапамогі з эвакуацыяй іх з месца нелегальнага перасячэння мяжы. Мы выслалі наш верталёт туды. Наш супрацоўнік скочыў з машыны і на месцы каардынаваў аперацыю. Памежнікі расклалі спецыяльныя драбіны на багнах, каб можна было да іх дайсці. Потым іх перавезлі ў бяспечнае месца, таксама ў шпіталь, дзе яны атрымалі медыцынскую дапамогу. Іх накармілі, далі вопратку, яны цяпер у бяспечным месцы.
Польскія памежнікі пераправілі па рацэ на лодках траіх дзяцей (1 год, 14 і 16 гадоў), дваіх дарослых, якія мелі патрэбу ў медыцынскай дапамогі, шпіталізавалі. Паводле папярэдніх дадзеных, 11 мігрантаў з'яўляюцца грамадзянамі Ірака, яшчэ адзін - грамадзянін Егіпта.
За апошнія суткі толькі адзін нелегал спрабаваў перасекчы латышскую мяжу, 30 чалавек - літоўскую. Да верасня 2022 года Літва збіраецца пабудаваць на мяжы з Беларуссю сцяну даўжынёй у 500 кіламетраў коштам у 152 мільёна еўра.Польшча пакуль не заяўляла пра падобныя планы.
Прадстаўнікі памежных ведамстваў суседніх з Беларуссю краін ЕС ацэньваюць колькасць нелегальных мігрантаў, якія цяпер знаходзяцца ў Беларусі на 4-5 тысяч чалавек.
юл