Беларуская Служба

13 дзён галадоўкі, 20 дзён карцару і смерць бацькі — Таццяна Батура расказала пра свае 46 сутак арышту

04.01.2022 17:42
32-гадовая мінчанка Таццяна Батура, якую затрымалі 15 лістапада перад судом над палітзняволенай Вольгай Залатар, правяла ў ЦІПе на Акрэсціна 45 сутак.
 .
Таццяна Батура.Фота: spring96.org

32-гадовую мінчанку Таццяну Батура  затрымалі 15 лістапада перад судом над палітзняволенай Вольгай Залатар. Яна прыйшла падтрымаць жанчыну ў судзе.

У выніку Таццяну Батура тройчы запар каралі арыштам на 15 сутак і абяцалі ўтрымліваць за кратамі больш за два месяцы.  За дзень да вызвалення ў Таццяны памёр бацька. Але сілавікі яе не адпусцілі нават на яго пахаванне.

Урэшце 31 снежня пастанову на вызваленне дзяўчыны выпісала суддзя Фрунзенскага раёна і перанесла суд на 3 студзеня. З РУУСа Таццяна адразу патрапіла на пахаванне бацькі.

3 студзеня дзяўчына змагла ўцячы за межы Беларусі, у той час, як суд завочна прызначыў ёй чарговыя 15 сутак.

Таццяна Батура распавяла праваабаронцам з "Вясны", што яе у пастарунку збіваў намеснік начальніка Фрунзенскага РУУСа Дзяніс Марцуль. Яна запатрабавала вызваць абаронцу, на што Марцуль сказаў «вось табе, а не абаронца» і ўдарыў дзяўчыну ў твар паміж носам і скулай. За яе спіною стаяў металічны сейф, таму ад удару яна стукнулася патыліцай аб металічны сейф. Толькі праз дзень пасля збіцця, па патрабаванні адваката аказаць дзяўчыне медыцынскую дапамогу, Дзяніс Марцуль павёз дзяўчыну ў паліклініку, дзе ёй дыягнаставалі ўдар галавы.

Таццяна на судзе заявіла пра збіццё ў Фрунзенскім РУУСе, але суддзя Марыя Ярохіна заявіла, што «гэта не мае дачынення да справы» і арыштавала дзяўчыну на 15 сутак. 

За 45 дзён у нечалавечых умовах Батура схуднела на 8 кілаграмаў. Акрамя гэтага, яе пратрымалі 20 дзён у карцары. Нары ў карцары адшпіліць у прынцыпе немагчыма. Гэта можа зрабіць ахоўнік на калідоры. Там ёсць труба з зашчэпкай, якую патрэбна круціць у калідоры, каб іх адкрыць. Ахоўнікі аніразу за ўвесь час іх не адшпільвалі. Вада ў карцары была толькі халодная. Таму мыць галаву Таццяна магла толькі падчас «перазатрыманняў» ў РУУСе.

Цяпер жанчына знаходзіцца па-за Беларуссю.

вх