32-гадовую мінчанку Таццяну Батура затрымалі 15 лістапада перад судом над палітзняволенай Вольгай Залатар. Яна прыйшла падтрымаць жанчыну ў судзе.
У выніку Таццяну Батура тройчы запар каралі арыштам на 15 сутак і абяцалі ўтрымліваць за кратамі больш за два месяцы. За дзень да вызвалення ў Таццяны памёр бацька. Але сілавікі яе не адпусцілі нават на яго пахаванне.
Урэшце 31 снежня пастанову на вызваленне дзяўчыны выпісала суддзя Фрунзенскага раёна і перанесла суд на 3 студзеня. З РУУСа Таццяна адразу патрапіла на пахаванне бацькі.
3 студзеня дзяўчына змагла ўцячы за межы Беларусі, у той час, як суд завочна прызначыў ёй чарговыя 15 сутак.
Таццяна Батура распавяла праваабаронцам з "Вясны", што яе у пастарунку збіваў намеснік начальніка Фрунзенскага РУУСа Дзяніс Марцуль. Яна запатрабавала вызваць абаронцу, на што Марцуль сказаў «вось табе, а не абаронца» і ўдарыў дзяўчыну ў твар паміж носам і скулай. За яе спіною стаяў металічны сейф, таму ад удару яна стукнулася патыліцай аб металічны сейф. Толькі праз дзень пасля збіцця, па патрабаванні адваката аказаць дзяўчыне медыцынскую дапамогу, Дзяніс Марцуль павёз дзяўчыну ў паліклініку, дзе ёй дыягнаставалі ўдар галавы.
Таццяна на судзе заявіла пра збіццё ў Фрунзенскім РУУСе, але суддзя Марыя Ярохіна заявіла, што «гэта не мае дачынення да справы» і арыштавала дзяўчыну на 15 сутак.
За 45 дзён у нечалавечых умовах Батура схуднела на 8 кілаграмаў. Акрамя гэтага, яе пратрымалі 20 дзён у карцары. Нары ў карцары адшпіліць у прынцыпе немагчыма. Гэта можа зрабіць ахоўнік на калідоры. Там ёсць труба з зашчэпкай, якую патрэбна круціць у калідоры, каб іх адкрыць. Ахоўнікі аніразу за ўвесь час іх не адшпільвалі. Вада ў карцары была толькі халодная. Таму мыць галаву Таццяна магла толькі падчас «перазатрыманняў» ў РУУСе.
Цяпер жанчына знаходзіцца па-за Беларуссю.
вх