Лідар дэмакратычнай апазіцыі Беларусі Святлана Ціханоўская выказалася ў сувязі з уводам беларускіх войскаў у Казахстан у складзе сілаў АДКБ:
-Ня трэба быць палітыкам ці экспертам, каб разумець: увод войскаў – гэта заўсёды ўзброенае ўмяшанне ў справы іншай дзяржавы. Народ Беларусі ніколі ня выступіў бы і ня выступіць за тое, каб адправіць войска на прыгнечанне волі народу Казахстану.
Бо кожны беларус сэрцам разумее рашэнне супрацьстаяць дыктатуры. Кожны беларус разумее, што Лукашэнка, які страціў легітымнасць, ня мае права прымаць рашэнні аб уводзе войскаў і ахвяраваць беларусамі дзеля ўзброенай сімуляцыі стабільнасці ў рэгіёне. І кожны беларус выступіць супраць любога дзеяння, якое нясе пагрозу суверэнітэту Беларусі.
Толькі жыхары Казахстану маюць права вызначаць лёс сваёй краіны і адстойваць свой выбар. Выхад на вуліцу – гэта нармальны, а ў аўтарытарных рэжымах – адзін з нямногіх даступных грамадзянам спосабаў выказвання сваёй грамадзянскай волі. Я спадзяюся, што пратэстоўцы і ўлады Казахстану знойдуць магчымасці пачаць дыялог і вырашыць сітуацыю, не дапускаючы новых ахвяраў.
Уначы 6 студзеня прэзідэнт Казахстана Касым-Жамар Такаеў звярнуўся ў АДКБ з просьбай аб вайсковай інтэрвенцыі гэтай арганізацыі. У склад кантынгенту ўвайшлі вайскоўцы з РФ, Беларусі, Арменіі, Таджыкістана і Кыргызстану. Перадавыя часткі кантыгенту ўжо пачалі выконваць задачы ў Казахстане.
эж