Беларуская Служба

Тры крымінальныя артыкулы і шэсць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за паведамленні ў тэлеграм-канале

07.01.2022 14:20
Гродзенскі абласны суд разгледзеў справу па некалькіх крымінальных артыкулах у дачыненні да 33-гадовага Валянціна Панасіка.
Ілюстрацыйны здымакsucco/pixabay.com/CC0

Валянціна Панасіка затрымалі яшчэ 5 жніўня 2021 года. Мужчыну абвінавачваюць у здзяйсненні трох крымінальных злачынстваў – паводле ч. 1 арт. 293 («Масавыя беспарадкі»); паводле ч. 1 арт. 130 («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы») і паводле ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»).

Прычынай для завядзення гэтых крымінальных спраў паслужылі каментары Панасіка, якія ў жніўні і верасні 2020 года ён напісаў у тэлеграм-канале «Гродно 97%».

На думку праваабаронцаў, справа Валянціна Панасіка не самая тыповая. Мужчына заявіў аб ужыванні да яго гвалту з боку праваахоўнікаў падчас затрымання, адмовіўся ад дачы паказанняў падчас судовага пасяджэння, адвакат абвінавачанага заявіў, што, як мінімум, абвінавачванні паводле арт. 130, прад'яўленыя Панасіку, не вытрымліваюць ніякай крытыкі, а доказаў ягонай віны ў матэрыялах справы так і не было знойдзена. Але ніякія з гэтых акалічнасцяў і аргументаў суд не ўлічыў.

ав/Вясна