Нарвежская кампанія Yara з 1 красавіка мае намер спыніць закуп калію ў «Беларуськалія». Пра гэта гаворыцца ў заяве кампаніі. Нарвежская кампанія Yara – найбуйнейшы сусветны вытворца ўгнаенняў і адзін з асноўных гандлёвых партнёраў «Беларуськалія», паведамляе Zerkalo.io.
У Yara удакладняюць, што «абавязваецца выконваць усе законы і рэгуляванні, у тым ліку санкцыі». У кампаніі перакананыя, што самі закупкі калію ў Беларусі не супярэчаць уведзеным санкцыям, але «некаторыя іншыя звёны ў ланцужку паставак» адмаўляюцца ад выканання паслуг, якія неабходныя для нармальнай працы. Пра якія менавіта «звёны» ідзе гаворка, у Yara не ўдакладняюць. Магчыма, гаворка пра перавозчыкаў, якія могуць адмаўляцца ад паставак калію з-за рызыкі патрапіць пад другасныя санкцыі ЗША.
- У выніку Yara ініцыявала згортванне закупачнай дзейнасці. Чакаецца, што згортванне будзе завершана да 1 красавіка 2022 года. Yara працягне адсочваць любыя змены сітуацыі, у тым ліку санкцыі, у рамках сваіх бягучых аперацый па падборы пастаўшчыкоў, – заявілі ў кампаніі.
У заяве Yara шмат гаворыцца пра бяспеку на «Беларуськаліі». - Пры падтрымцы праваабарончых арганізацый і прафсаюзаў Yara імкнулася да пазітыўных змен, выкарыстоўваючы сваю прысутнасць у Беларусі для прасоўвання тэхнікі бяспекі і захавання правоў чалавека, – удакладняюць у кампаніі.
Гендырэктар Yara Свейн Турэ Холзэтэр заявіў, што «наступствы дзейных санкцыяў у дачыненні да Беларусі зніжаюць здольнасць Yara станоўча ўплываць на бяспеку і дабрабыт работнікаў «Беларуськалія».
– Для Yara гэта расчаравальная падзея. Мы па-ранейшаму цвёрда адданыя бяспецы і дабрабыту работнікаў «Беларуськалія». Нягледзячы на згортванне паставак калію, Yara мае намер працягнуць рэалізацыю праграмы прамысловай бяспекі, распачатай у 2021 годзе, у цесным супрацоўніцтве з незалежным прафсаюзам «Беларуськалій» і ў поўнай адпаведнасці з дзейнымі санкцыямі, – заявіў гендырэктар.
Нагадаем, актывісты і беларусы замежжа ладзілі акцыі, каб кампанія Yara адмовілася ад закупкі калію ў Беларусі, каб не падтрымліваць тым самым беларускую эканоміку.
ав